Улады хочуць пакараць беларускіх адвакатаў, якія падпісалі петыцыю супраць вайны


Былы адвакат Дзмітрый Лаеўскі паведаміў, што супраць юрыстаў, якія выступілі за спыненне вайны, распачалі дысцыплінарную вытворчасць.

«З некалькіх крыніцаў стала вядома, што ў дачыненні шэрагу адвакатаў, якія падпісалі петыцыю супраць удзелу Беларусі ў вайне ва Украіне, распачатыя дысцыплінарныя вытворчасці. Гэтых адвакатаў могуць пазбавіць права практыкаваць.

Яшчэ раз: у Беларусі, дзе не так даўно ад вайны загінуў кожны чацвёрты беларус, цяпер адвакатаў хочуць пакараць за тое, што яны супраць вайны», – напісаў Лаеўскі ў сваім тэлеграм-канале.

Петыцыя беларускіх юрыстаў і адвакатаў з’явілася 1 сакавіка. Аўтары дакументу выказваюць салідарнасць з украінскім народам і заклікаюць спыніць вайну.

«Мы не згодныя з тым, што тэрыторыя Беларусі стала плацдармам для размяшчэння расейскіх войскаў, якія вядуць баявыя дзеянні ва Украіне, і нашая краіна ўцягнутая ў гэты канфлікт. З нашай краіны не павінны ляцець ракеты, самалёты і верталёты для нападу на ўкраінскую тэрыторыю», – падкрэсліваецца ў петыцыі.

Петыцыю падпісалі 262 юрысты. Дзейных адвакатаў сярод падпісантаў не шмат, але яны ёсць, і цяпер гэтых людзей могуць пазбавіць права практыкаваць.

Hавiны
Дзмітрый Лаеўскі пра сітуацыю з адвакатамі Бабарыкі: «Гэта лакмусавая паперка, як усё будзе адбывацца далей»
2021.10.25 18:08

Нагадаем, Дзмітрыя Лаеўскага пазбавілі магчымасць весці адвакацкую дзейнасць праз тое, што ён абараняў палітвязня Віктара Бабарыку.

РР belsat.eu

Стужка навінаў