Тыл змагаецца! Дарога праз краіну ў агні


Карэспандэнты «Белсату» прайшлі ў адваротным кірунку па шляху, па якім ішлі сотні тысяч украінцаў, што ўцякалі ад вайны. Яны пабачылі людзей, якія змагаюцца з расейскай агрэсіяй дзякуючы велізарнай мабілізацыі і самаарганізацыі.

«Рускі ваенны карабель, ідзі на…» Заходняя Украіна «вітае» ворага.
Фота: Кшыштаф Павідэл / Belsat.eu

Адразу за Медыкай пачынаецца «краіна ў агні». Да вайны нібыта некалькі сотняў кіламетраў, але на навакольных дарогах з’яўляюцца першыя білборды або рукапісныя плакаты, скіраваныя ў бок далёкага агрэсара. Ёсць і «Пуцін х…ло», ёсць і «Русский корабль иди на х…», «Расейскія маці, не адпраўляйце сыноў на вайну, яны вернуцца ў мяшку». У Львове, напэўна, для апошніх згубленых турыстаў, у вокнах аднаго з дамоў у цэнтры горада – элегантныя светлавыя табло з рэзкім «Putin Fuck Off».

Ёсць таксама тое, што, напэўна, з’яўляецца адным з характэрных элементаў гэтай вайны – Тэрытарыяльная абарона або проста Самаабарона. Толькі што на Львоўшчыне гэта хутчэй рытуал, бо расейцаў тут не відаць і не чуваць. На дарогах да асобных вёсак – барыкады. Ад простых, якія складаюцца з некалькіх мяшкоў з пяском або кучы дроў і аднаго сцяга, да такога ж набору, дапоўненага старым дымлівым «вагончыкам» – баракам-вагонам, які памятае савецкія часы. Ёсць і больш разбудаваныя версіі – са сцягамі (у тым ліку чырвона-чорнымі сцягамі УПА) і залатымі трызубцамі на палках. Відаць, што вораг далёка, таму што ўся энергія ідзе на эстэтыку. Аднак найбольш уражлівыя зʼяўляюцца толькі паміж мяжой і Львовам.

Пост тэрытарыяльнай абароны, дзе правяраюць праязджаючыя аўтамабілі.
Фота: Кшыштаф Павідэл / Belsat.eu

Тыл ваюе!

Сталіца Заходняй Украіны перапоўнена ўцекачамі з іншых рэгіёнаў, якіх лёгка адрозніць па валізках і рускай мове – бо ўцяклі яны з усходу краіны. На гэта ніхто не звяртае ўвагі; хіба што гэты чалавек – журналіст, які ўключае камеру і прамаўляе ў яе на мове акупанта. І гэта якраз быў наш выпадак, бо мы рабілі жывыя ўключэнні для беларускай і расейскай аўдыторыі. Выпадковы мінак, які пачуў гэта, без ваганняў папрасіў дакументы. Паводле паведамленняў шэрагу іншых журналістаў, гэта здараецца даволі часта. А замежнік на пытанне «як дабрацца?» часта можа пачуць: «такія часы, што я й не ведаю». Украінскія ўлады перасцерагаюць ад разгалошвання інфармацыі незнаёмцам.

У Львове звароты да акупанта таксама пішуць па-англійску.
Фота: Якуб Бернат / Belsat.eu

Аднак няма сэнсу падкрэсліваць адлегласць ад фронту – бо за перамогу адказвае тыл. І тут вялікую ролю адыгрываюць грамадскія арганізацыі, якія былі створаны пасля пачатку вайны ў 2014 годзе, калі армія, пакінутая Віктарам Януковічам, была ўвасабленнем галечы і адчаю. А цяжар абароны ад першай расейскай агрэсіі на Данбасе ўзялі на сябе добраахвотныя фармаванні Нацыянальнай гвардыі, якія практычна выйшлі з Майдана.

Тады вайскоўцы апраналіся ў тое, што траплялася пад руку – абы было цёпла. Цяпер сустрэтыя на вуліцах салдаты носяць элегантную светла-зялёную форму ў «лічбавым камуфляжы». Але самаабарона надалей заступае на варту ў чым папала. Добра, калі ёсць форма. Але гэта можа быць і ватоўка, і балонневая куртка. Усе носяць на руцэ жоўтыя павязкі. Гэта адметная рыса ўкраінскіх байцоў. Зноў жа, на фронце гэта мае практычнае вымярэнне, дзякуючы якому не пераблытаеш свайго з ворагам. Тут, на захадзе, гэта сімвал супраціўлення, каб паказаць, што і ў тыле ўвесь народ змагаецца.

Нашы сеткі едуць у Кіеў!

Спачатку Львоў. З будынку бібліятэкі на Рынкавай плошчы чуваць па чарзе воклічы: «Слава Украіне», гімн і песні. Прыходзім у валанцёрскі цэнтр, які займаецца вытворчасцю маскіровачных сетак для арміі. Тут поўна і маладых, і старых. Экскурсію праводзіць маладая дзяўчына, якая доўга раіцца, ці можа яна перад камерай адказваць на пытанні па-расейску (гэтую мову яна добра ведае, але хацела б адказваць лепш па-англійску). Праца кіпіць: адны рвуць тканіну ў маскіровачных адценнях, іншыя – завязваюць вузел за вузлом на нацягнутых на рамах сетках. Спевы дадаюць бадзёрасці. Кіраўніца – спадарыня Любоў, а сярод удзельніц хору знаходзяцца студэнткі мясцовай кансерваторыі, так што гучыць дасканала і паліфанічна. Дзяўчаты нават змяняюць змест ваеннай песні «Хлопці йдемо», спяваючы, што іх «сеткі ўжо едуць у Кіеў».

Плакат «Не размаўляйце на мове акупанта. Пераходзь на ўкраінскую» у Львове, Украіна.
Фота: Krzysztof Powideł / Белсат

Ужо ў Тарнопалі мы трапляем да складу Самаабароны – яго нам паказвае спадар Юрко з мясцовага аддзялення «Карытас». Склад працуе пры мясцовым будаўнічым супермаркеце, які бізнесмены ахвяравалі валанцёрам. Унутры ён гудзе, як вулей. Хтосьці прывозіць ахвяраванні на грузавіках, маці з дачкой дачка сціпла прыносяць некалькі ліхтароў «для арміі». Тут ёсць усё, што можа дапамагчы жаўнеру выжыць ці крыху падсаладзіць яму долю – ад спальных мяшкоў да вялізных слоікаў з вэнджаным салам (нацыянальны далікатэс).

Тэрнопаль. Дзверы на склад з дапамогай для арміі зачыняюцца. Дапамога аказваецца оптам і ў розніцу.
Фота: Якуб Бернат / Belsat.eu

Валанцёрка Крысціна ў мінулым жыцці была юрыстам, але пасля пачатку першай вайны ўсё больш часу стала прысвячаць дапамозе арміі. Паводле яе, вялізны склад запоўнілі за некалькі дзён. Быццам уся сацыяльная энергія чакала моманту канчатковага сутыкнення сілаў дабра і зла. «Я не магу сядзець, склаўшы рукі», «Я дапамагаю чым магу, пакуль нашыя хлопцы б’юцца» – самыя распаўсюджаныя адказы. Амаль усе, хто працуе на складзе, носяць на руцэ жоўтыя павязкі, каб падкрэсліць, што яны працуюць «на перамогу».

Украінскі салдат павінен быць у цяпле і мець поўны страўнік. Пра гэта клапоцяцца валанцёры ў Тэрнопалі.
Фота: Якуб Бернат / Belsat.eu

Аднак рухаемся далей на паўночны ўсход – да самога Кіева. І ў нас расце – пакуль лёгкі – страх, што значна большая чарада аўтамабіляў ідзе ў адваротным кірунку. Дарога перагароджаная паслядоўнымі блокпастамі. Праязджаем паўз шматлікія закінутыя АЗС. На дзеючых можна заправіць толькі 20 літраў. Уцёкі ад вайны маштабныя, але праходзяць даволі гладка – едуць аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, пазначаныя карткамі «дзеці».

У аб’езд Кіева

Трапіць у Кіеў з захаду звычайным шляхам праз Жытомір немагчыма, таму што ўкраінская армія разбурыла адзін з мастоў, каб не дапусціць акружэння сталіцы. Акрамя таго, там ідуць баі і траса знаходзіцца пад абстрэлам.

Такім чынам, трэба выбіраць дарогу з поўдня праз Хмяльніцкі, Вінніцу і Белую Царкву. За Вінніцай выязджаем на ўзбочыну, а яны ва Украіне ў жахлівым стане. Асфальт хутка замяняецца дапатопным брукам, і добра, што ёсць хаця б ён. Блокпасты губляюць свой рытуальны характар. На змену цывільным з самаабароны прыходзіць ваенная тэхніка, з’яўляюцца першыя бронетранспарцёры. Што яшчэ горш, робіцца цёмна – гэта прымушае нас і вайскоўцаў больш нервавацца. На шчасце, нас добра праінструктавалі, як дабрацца да станцыі.

Пост украінскай арміі. На працягу некалькіх дзён дарогі ва Украіне пакрыліся сеткай умацаванняў.
Фота: Кшыштаф Павідэл / Belsat.eu

Па-першае, забудзьцеся пра рамяні бяспекі. А што, калі вайскоўцы запатрабуюць выйсці з машыны (у крайнім выпадку яны часам кідаюць «мордай у зямлю»). Спроба адшпіліць рэмень можа быць успрынятая як выцягванне зброі. Усе баяцца дыверсантаў, і гэта не параноя. Расейцы пачалі атаку, даслаўшы дыверсійна-разведвальныя групы нават у цэнтр Кіева. Іх закідвалі ў тыл верталётамі і, як кажуць, пераапраналі ў форму ўкраінскай арміі. Таксама хадзілі чуткі, што адна з такіх групаў выдавала сябе за журналістаў з Польшчы.

На некаторых блокпастах ёсць інструкцыі, як сябе паводзіць. На многіх няма, і таму тым больш трэба быць асцярожным, каб ахоўнікі не прынялі цябе за дыверсанта.
Фота: Кшыштаф Павідэл / Belsat.eu

Парадак прыбыцця на пастарунак: выключыць святло, каб не асляпіць вайскоўцаў, уключыць лямпы ў машыне і паказаць рукі. На шчасце, надпісы на трох мовах, якімі быў аблеплены аўтамабіль, у спалучэнні з журналісцкімі пасведчаннямі хутка залагоджваюць атмасферу. Вайскоўцы кідаюць па сваіх унутраных каналах фатаграфіі нашых пашпартоў з інфармацыяй, каб нас прапускалі.

Узброеныя, нервовыя і небяспечныя

Акурат у прыфрантавой зоне трывогу выклікае не толькі пагроза сустрэчы з расейскай арміяй, але і з тысячамі ўзброеных і наэлектрызаваных украінцаў. А іх вінтоўкі і двухстволкі могуць быць для нас такімі ж смяротнымі, як і аўтаматы Калашнікава.

У барацьбу актыўна ўключыліся мясцовыя паляўнічыя, якія з’яўляюцца баявой сілай Украінскай Самаабароны.
Фота: Кшыштаф Павідэл / Belsat.eu

Мы паціху прабіраемся праз егіпецкую цемру, бо вёскі і дарогі абясточаныя, і праз дзясятак гадзінаў, знясіленыя, даязджаем да Белай Царквы. Зусім не маленькі горад, вядомы з часоў польска-казацкай вайны, у якім Хмяльніцкі падпісаў кароткатэрміновае замірэнне з пасланцамі Яна Казіміра.

Ваенная цішыня

Вайна звычайна асацыюецца з бамбаваннем, сірэнамі, танкавымі баямі, нападамі пяхоты, але таксама з натоўпамі бежанцаў, іншымі словамі – з рухам, шумам, хаосам, нездаровым хваляваннем. Тым часам Белая Царква паказвае іншы парадаксальны твар вайны. А дакладней, яе чакання. Пасля надыходу змроку горад ператвараецца ў цёмную, бязлюдную бетонную пустыню. Ніводная з лямпаў не гарыць, у кожным хіба што сотым акне бачна слабае святло.

І гэтая абсалютная цішыня. Не чуваць нават найменшага шолаху. Інстынктыўна пачынаеш шаптацца, нібы баючыся, што цябе пачуюць тыя, хто не павінен. Нават сабакі не брэшуць, разгубленыя, відаць, у нетыповай сітуацыі.

 

Гісторыі
«Мы будзем біцца да канца, але заклікаем: дапамажыце нам у гэтай вайне!» Размова з валанцёркаю з Украіны
2022.03.04 15:56

Акупанты, як кажуць украінцы, не ўвайшлі ў горад, але на яго ўпалі некалькі ракет. На мясцовую ваенную базу. Пасля нашага ад’езду ўпадуць яшчэ, знішчыўшы з дзясятак жылых дамоў. І ўсё адно гэта адзіная бяспечная дарога ва ўкраінскую сталіцу і з яе, а таксама – стратэгічны пункт, захоп якога адрэзаў бы горад. Ёсць чаго баяцца. Кіеў могуць акружыць у любы час. Белая Царква ўжо стала ключавым элементам для выжывання сталіцы.

Тэкст: Якуб Бернат. Супраца і фота: Кшыштаф Павідэл / belsat.eu

Стужка навінаў