«Час жартаў мінуў». Стваральнік «МКБ» далучыўся да батальёну Кастуся Каліноўскага


Стваральнік паблікаў «Мая краіна – Беларусь» і «Усы Лукашенко» далучыўся да беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага і запісаў відэазварот да ўсіх неабыякавых беларусаў.

Сяржук Бяспалаў браў актыўны ўдзел у пратэстах 2020 года, у лістападзе 2020-га мусіў уцякаць ад пераследу КДБ ва Украіну.

Калі пачалася вайна, ён застаўся ў Кіеве і далучыўся да беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага, што бароніць Украіну ад расейскай агрэсіі.

«Час жартаў мінуў. Маскі скінутыя. Беларусь з мірнай дзяржавы ў адзін момант для ўсяго свету стала агрэсарам», – заявіў Сяржук Бяспалаў.

Ён заклікаў уступаць у батальён усіх неабыякавых беларусаў.

«Я ўсведамляю, што калі мы сёння здамо пуцінскай зграі Украіну, мы назаўсёды страцім незалежнасць Беларусі, а таўро агрэсараў і акупантаў прыйдзецца насіць нам і нашым дзецям», – падкрэсліў ён.

Нагадаем, што беларусы стварылі асобны батальён імя Кастуся Каліноўскага дзеля абароны Кіева.

Добраахвотнікі заклікаюць беларусаў далучацца іх, каб абараніць Украіну. Кажуць, што кожны зможа займацца задачамі паводле сваіх здольнасцяў.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў