Прыхільнікі Лукашэнкі не будуць глядзець фільм NEXTA?


Лукашэнка пужае беларусаў тэрарыстамі з безліччу выбухоўкі і планамі апазіцыі дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі, а сам збіраецца тым часам шантажаваць Захад расейскімі танкамі ў нашай краіне. Што хаваецца за рыторыкаю кіраўніка КДБ Івана Церцеля? Як сілавікі бачаць сітуацыю ў Беларусі? Ці ацаніў Лукашэнка новы фільм пра сябе ад Сцяпана Пуцілы? Каментуюць палітолаг Валер Карбалевіч, кіраўнік «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў і старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Рэч, якой нікога не здзівіш, – КДБ чарговы раз бяздоказна заяўляе пра спробы замежных спецслужбаў арганізаваць «дэстабілізацыю ў краіне».

Іван Церцель, старшыня КДБ:

«Мы затрымалі групу асобаў, вынялі ў іх вялікую колькасць зброі, боепрыпасаў, сродкаў дыстанцыйнага падрыву выбуховых рэчываў. Гэта дастаткова высокага ўзроўню прафесіяналы».

А вось што прагучала за некалькі дзён да гэтага.

Аляксандр Лукашэнка:

«Гэта ўжо Камітэт дзяржбяспекі вам у бліжэйшы час распавядзе, колькі сюды тратылу завезлі. І нават пластыду. Хто спецыяліст, той ведае. Гэта не Аўтуховіча група, гэта ўжо новыя. Добра, што іх прыкрылі. І там арсеналы».

Вось і зразумелая прычына такіх цудоўных адкрыццяў з вуснаў Церцеля.

Аналітыка
Ці сапраўды існавала «тэрарыстычная група» Аўтуховіча? Аналізуем гучную справу
2021.02.26 20:06

Каментуе Андрэй Паротнікаў, кіраўнік «Belarus Security Blog»:

«Безумоўна, гэта спроба падвесці нейкую факталагічную базу пад заявы кіраўніка дзяржавы, што мы ўжо назіралі і не аднойчы. Апошні раз нешта падобнае адбывалася ў 2017 годзе, гэтак званая справа «Белага легіёну», калі спачатку Лукашэнка заявіў, што злавілі некалькі дзясяткаў нейкіх тэрарыстаў, а праз некалькі гадзінаў у Менску пачаліся арышты беларускіх патрыётаў».

Падобнай рыторыкаю ўлады спрабуюць ужо каторы раз запужаць беларусаў, а таксама кансалідаваць лаяльную Лукашэнку частку насельніцтва перад нейкай уяўнай пагрозай. Да таго ж, страшылкі тыражуюцца напярэдадні 25 сакавіка і святкавання беларусамі Дня Волі – маўляў, у гэтыя дні замежныя сілы плануюць дэстабілізаваць сітуацыю пры дапамозе сябраў апазіцыйных палітычных рухаў у Беларусі. Заяўку на святкаванне Дня Волі падалі ўдзень 9 сакавіка, а ўжо ўвечары таго ж дня Церцель заяўляў пра нейкія тры планы дзеянняў апазіцыі, якія нібыта прадугледжваюць сутыкненні з гэтак званымі сілавікамі.

Hавiны
«Дзясяткі кілаграмаў тратылу». Церцель распавёў пра выяўлены тайнік на тэрыторыі Беларусі
2021.03.10 01:07

Юрый Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду»:

«Укід пра тэрарыстычную пагрозу ці нейкія правакацыі – гэта спроба адцягнуць увагу з інфармацыйнага парадку дня. Напярэдадні выйшаў фільм Сцяпана Пуцілы пра тыя багацці, якімі карыстаецца рэжым у Беларусі. Таксама гэта чарговая спроба напярэдадні важных падзеяў у Беларусі, бо мы ведаем, што падобнае гучала і перад прэзідэнцкім выбарамі, калі шукалі нейкіх баевікоў па лясах Беларусі, ды так і не знайшлі. Таксама перад так званым Усебеларускім народным сходам казалі пра тэрарыстычную пагрозу».

Аб’ектыў
Адказ Церцелю: у Дня Волі адзін сцэнар – без сілавікоў
2021.03.10 22:08

Дарэчы, фільм «Залатое дно», магчыма, моцна ўстурбаваў самога Лукашэнку яшчэ да з’яўлення ў эфіры, бо ён публічна намякаў на фільм Сцяпана Пуцілы за некалькі дзён да выхаду.

Аляксандр Лукашэнка:

«Чвэрць стагоддзя я прэзідэнтам працую. І калі б ужо недзе нейкія мільярды, як яны кажуць, ці палацы былі, мяне б ужо спаласавалі налева-направа».

Нелегітымны кіраўнік Беларусі ўсе расследаванні аб сваёй асобе бярэ блізка да сэрца, бо сапраўды лічыць сябе выключнай гістарычнай асобай – кажуць адмыслоўцы. Аднак, ядравыя прыхільнікі Лукашэнкі не настолькі ўразлівыя.

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Прыхільнікі Лукашэнкі, можа, проста не будуць глядзець гэты фільм. Бо для іх сама назва каналу – лаянкавая. А калі нават паглядзяць, я не думаю, што гэта ў нечым іх пераканае. Бо ў іх іншы светапогляд, іншае ўяўленне пра тое, што ёсць карупцыяй, што гаспадар краіны мае права рабіць усё, што захоча. Такая іхная ідэалогія».

Hавiны
Павел Латушка пракаментаваў фільм «Лукашэнка. Залатое дно», які набраў ужо больш за 3 млн праглядаў
2021.03.10 14:53

Што праўда, у палоне падобных меркаванняў – далёка не ўвесь апарат рэжыму. І менавіта таму яму пакуль удаецца трымаць сітуацыю пад кантролем. У той жа момант паказная пазіцыя ў айчынных рэаліях часта аказваецца значна больш важнай за рэальную.

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік «Belarus Security Blog»:

«Што датычыць кіраўніцтва сілавых структураў, то іхная пазіцыя адэкватная, яны бачаць рэальную карціну. Але яны з прычыны той палітычнай сістэмы, якая існуе ў Беларусі, вымушаныя публічна падладоўвацца пад заявы кіраўніка дзяржавы. У іх фактычна няма права на ўласнае меркаванне, адрознае ад меркавання Лукашэнкі».

І ў выніку даводзіцца трансляваць пасылы, якія маюць сумнеўнае факталагічнае падмацаванне. Аднак аўдыторыя ў такіх мэсіджаў – не толькі ўнутраная.

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Гэта ідзе ў адным рэчышчы з тымі настроямі і той палітыкай, якую сёння праводзіць Расея. Што менавіта Захад арганізоўвае каляровую рэвалюцыю і ў Беларусі, і ў Расеі, таму трэба яднацца дзеля барацьбы з гэтым Захадам, гэтымі апанентамі. А гэтыя ўсе расповеды пра тэрарыстаў і выбухоўкі – склады цэлыя знаходзяць, я думаю, якраз арыентаваныя на яшчэ большае падтрыманне з боку Масквы».

А з Масквой тым часам стасункі інтэнсіфікуюцца. Гэтак, 5 сакавіка міністры абароны Беларусі і Расеі падпісалі дамову аб стварэнні трох навучальна-баявых цэнтраў супольнай падрыхтоўкі. Фармат гэтых цэнтраў пакуль не вызначаны, таму незразумела, якім чынам яны будуць працаваць, і ці будзе гэта значаць нейкую сталую прысутнасць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі. Аднак месцы размяшчэння ўжо вядомыя – два цэнтры будуць у Расеі, і адзін – у нашай краіне.

Hавiны
Міністры абароны Расеі і Беларусі дамовіліся стварыць тры вучэбна-баявыя цэнтры
2021.03.05 17:04

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік «Belarus Security Blog»:

«На беларускай тэрыторыі такі цэнтр, калі і будзе створаны, то ён паўстане на базе Гожскага палігону. Гэта палігон у Гарадзенскім раёне, які месціцца на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой. У дадзеным выпадку гэта фактычна шантаж суседніх краінаў і, больш шырока, Захаду ў цэлым з традыцыйнай песняй афіцыйнага Менску: «Калі вы не хочаце ў Беларусі размаўляць з Лукашэнкам, вы будзеце размаўляць з Пуціным. А расейскія танкі ўжо амаль тут».

Сувальскі калідор

Гожскі палігон на поўнач ад Горадні акурат побач з гэтак званым Сувальскім калідорам – вузкай, шырынёй прыкладна 80 кіламетраў літоўскай-польскай мяжою. Гэта галаўны боль заходніх стратэгаў. Калі беларускія і расейскія войскі калідор перарэжуць – тры дзяржавы Балтыі застануцца без наземнага злучэння з рэштаю саюзнікаў з NATO.

ВІДЭА
Лукашэнка страціў давер у Крамлі. Ці прыслухаецца Пуцін да ягонага клічу?
2021.02.01 19:09

Вось такая падвойная гульня: адных пужаем тэрарыстамі ды каляровай рэвалюцыяй, другіх – расейскімі войскамі на межах. Цяпер галоўнае – каб паверылі. А гэта зусім не гарантавана.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Калаж з фота: Nikolai Petrov / TASS / Forum; Natalia Fedosenko / TASS / Forum; KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

Стужка навінаў