«Хутчэй за ўсё, расейскі бок ведаў». Беларускі Фонд спартовай салідарнасці – пра фігурыстку Валіеву


Вакол юнай расейскай фігурысткі разгарэўся неадназначны допінгавы скандал. У чым справа, «Белсату» патлумачыў прадстаўнік Фонду спартовай салідарнасці.

Расейская фігурыстка Каміла Валіева ў фінале «ISU Junior Grand Prix». Турын, Італія. 8 снежня 2019 года.
Фота: Luu / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Сітуацыя, звязаная з допінгавай справай 15-гадовай фігурысткі Камілы Валіевай усцяж няўцямная.

Расейскі бок абараняецца як можа: спартоўку падтрымліваюць, суцяшаюць, а на ўвесь свет галосяць, што дзяўчынка абсалютна чыстая. Такога меркавання прытрымліваюцца як спартоўцы, гэтак і дзеячы з Дзярждумы, Федэральнага сходу і, нават, Крамлю. А за апошнія содні з’явілася яшчэ больш папярэдняй інфармацыі, праз якую расейцы імкнуцца даказаць, што гісторыя з Валіевай – гэта правакацыя, пісьменна спланаваная акцыя не сяброўскага Захаду.

Процілеглы бок наўпрост не выступае за дыскваліфікацыю Камілы Валіевай, але «расейскі допінгавы сіндром», які шлейфам цягнецца за нашымі ўсходнімі суседзямі яшчэ з Алімпіяды 2014-года, вымушае рабіць высновы, што там нічога не змянілася.

Былы генеральны сакратар Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Беларусі, а цяпер кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага Фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў не прадказвае нічога добрага ў гэтай справе для Расеі:

«Для Камілы Валіевай гэта сітуацыя вельмі прыкрая. Бо для міжнароднага спартовага права ўсё тое, што тычыцца допінгу, амаль не мае значэння, якім чынам і ў якой колькасці забароненае рэчыва трапіла ў арганізм спартоўца. Тут вельмі суворыя пакаранні так ці інакш. І ўжо нікога не хвалюе: уплывае яно на вынікі, ці не, – але яно там было. І, што самае важнае, гэтае рэчыва ўжо знаходзіцца ў спісе забароненых».

Hавiны
Чэмпіёна Еўропы з Расеі дыскваліфікавалі за допінг
2020.06.08 18:45

Антон Поганка, дырэктар антыдопінгавай лабараторыі Каралінскага інстытуту ў Стакгольме, якая даследвала спробу Камілы Валіевай, адмовіўся каментаваць затрымку аналізу тэсту, узятага ў спартоўкі на чэмпіянаце Расеі ў Санкт-Пецярбургу напрыканцы снежня, спаслаўшыся на тое, што ніякім чынам не дазволена пра штосьці казаць, калі яшчэ ідзе разбіральніцтва. І чаму спраўджванне спробы расейскай фігурысткі заняла 45 дзён замест звычайных двух-трох тыдняў, пакуль не вядома.

Але тое, што лабараторыя апрацоўвае аналізы, якія пазначаныя штрых-кодамі і ніхто не ведае, каму са спартоўцаў менавіта гэтая спроба належыць, адводзіць падазрэнні ў прадузятасці.

Анатоль Котаў працягвае:

«На маю асабістую думку, вынік будзе хутчэй за ўсё не на карысць спартоўкі, бо сведчанні пацвярджаюць, што рэчыва было. І розныя канспіралагічныя тэорыі наконт нейкага міфічнага дзеяння спецслужбаў, наконт наўмыснага затрымання спробы ў Стакгольмскай лабараторыі – зараз не ўлічваецца.

Але пры гэтым фактычна можна казаць аб тым, што расейскі бок ведаў аб праблемах у спартоўкі і замест таго, каб неяк своечасова ратаваць сітуацыю – ускрыць дадатковую спробу «В», альбо ўносіць карэктывы ў склад каманды – была спроба замесці ўсё пад дыван і адцягнуць вырашэнне пытання.

Але акурат падчас Алімпіяды гэтая праблема і стрэліла. Беручы пад увагу ўзрост Камілы, адназначна магу сказаць, што ёй прыйдзецца несці ўсю адказнасць на сябе. Але віна не яе, а тых дарослых людзей, хто яе трэнаваў, а таксама лекара. Допінгавыя справы вельмі рэдка выгульваюцца».

Аб’ектыў
«Людзі з ураду мусяць атрымаць па дупе!» – расейцы пра допінг-скандал
2019.12.09 23:39

Пакуль Валіева мае магчымасць трэнавацца. 15-га лютага ў фігурыстак спаборніцтвы ў кароткай праграме. Але да гэтага часу ўжо вызначыцца статус Камілы на Алімпіядзе: ці яна працягвае свой выступ, ці выдаляецца з Гульняў.

Міжнародны Алімпійскі камітэт, Сусветнае антыдопінгавае агенцтва і Міжнародны звяз канькабежцаў аспрэчылі рашэнне Расейскага антыдопінгавага агенцтва аб адмене часовай дыскваліфікацыі Камілы Валіевай і падалі пазоў у Міжнародны арбітражны суд, выязная мадэль якога працуе падчас кожнай Алімпіяды, каб можна было тэрмінова вырашаць некаторыя пытанні. Праўда, «тэрмінова» не заўсёды атрымліваецца.

Адносна нядаўні прыклад дачаснага выезду з Алімпіяды ў Токіа беларускі Крысціны Ціманоўскай пра гэта красамоўна сведчыць, лічыць Анатоль Котаў:

«Пасля падачы ўсіх дакументаў і складання апеляцыйнай камісіі разгляд і вынясенне рашэння Міжнародным арбітражам павінныя адбыцца цягам 24-х гадзінаў. Але часам так не працуе. У гісторыі з Крысцінай Ціманоўскай гэты тэрмін не быў вытрыманы і яна пазбавілася шанцаў прыняць удзел у наступным старце».

Паводле Анатоля Котава, калі Міжнародны Алімпійскі камітэт узяўся за справу абскарджваць рашэнне РУСАДА, то там вераць у тое, што дамогуцца свайго.

Паседжанне Міжнароднага спартовага арбітражнага суду, які абвесціць рашэнне аб допуску Валіевай да далейшых спаборніцтваў на Алімпіядзе, распачнецца ўдзень у нядзелю, 13 лютага, а вынік будзе абвешчаны ў другой палове дня паводле пекінскага часу 14 лютага, напярэдадні спаборніцтваў у кароткай праграме. Арбітрамі выязной панэлі CAS паводле справы Валіевай выступяць італьянец Фабіа Людзіка (старшыня камісіі), Джэфры Бэнц са Злучаных Штатаў Амерыкі ды славенка Весна Бергант Ракачэвіч.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў