Абыякавых і «савецкіх» беларусаў стала менш пасля 2020 года. Сацыёлагі прадставілі даследаванне


Беларусы сталі значна менш называць сябе «ціхімі і труслівымі».

Грамадская кампанія «Годна» звярнулася да незалежных сацыёлагаў з просьбай правесці даследаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. 11 лютага вынікі даследавання прадставілі кіраўнік даследавання, сацыёлаг Філіп Біканаў, старэйшы аналітык «Цэнтру новых ідэяў» Генадзь Коршунаў і палітычны аналітык Леся Руднік.

У онлайн-апытанні ўзялі ўдзел 1448 чалавек з гарадоў з насельніцтвам ад 20 тысяч чалавек, выбарку скарэктавалі паводле полу, узросту і памераў гораду. Адзін раз апытанне правялі ў красавіку 2020 года (яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі), другі раз – у кастрычніку 2021-га. Апытаным паказвалі прыклады выказванняў, з якімі можна было пагадзіцца ці не пагадзіцца.

На падставе адказаў апытаных падзялілі на «свядомых», «савецкіх», «канформных» і «абыякавых». Адсотак першых за паўтара года не змяніўся, але пасля выбараў стала крыху менш «савецкіх» і «абыякавых».

Прэзентацыя даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць». 11 лютага 2022 года. Кадр з відэа: Belarus Press Club / Youtube

Затое вырасла колькасць «канформных» – тых, каму хутчэй характэрныя прабеларускія погляды (але яны не надзвычай важныя) і хутчэй нехарактэрныя касмапалітычныя і расейска-савецкія, а грамадзянскія правы важныя.

Пры тым «абыякавыя» сталі інакш адказваць пра тое, каго можна лічыць беларусам: важней стала тое, што «гэта той, хто жыве ў Беларусі», але згубілі прывязку да беларускай культуры. Агулам беларусы сталі больш атаесамляць сябе не з родным горадам ці сялом, больш з краінай.

Вобраз беларусаў змяніўся ў вачах апытаных істотна змяніўся з 2020 года. Калі людзям прапанавалі апісаць беларусаў трыма словамі, то ў 2021 годзе ўжывалі ўжо значна больш пазітыўных характарыстык і істотна радзей казалі, што беларусы «ціхія і труслівыя» (хаця характарыстыка «цярплівыя» засталася папулярнай). «Свядомыя» асабліва моцна палепшылі стаўленне да суграмадзянаў.

Прэзентацыя даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць». 11 лютага 2022 года. Кадр з відэа: Belarus Press Club / Youtube

Ужо не 72 %, а толькі 55 % лічаць найбольш блізкай дзяржаўную, а не нацыянальную сімволіку. Больш як удвая вырасла доля тых, хто не вызначыўся, а бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня лічаць блізкімі ўжо не 19 %, а 23 %.

Прэзентацыя даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць». 11 лютага 2022 года. Кадр з відэа: Belarus Press Club / Youtube

Але не адбылася значнага росту долі тых, хто лічыць роднай мовай беларускую і тых, хто на беларускай размаўляе штодзень – адрозненні ў межах статыстычнай хібнасці. Стаўленне да моваў, як лічаць даследчыкі, не стала «драйверам трансфармацыі нацыянальнай самасвядомасці».

Прэзентацыя даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць». 11 лютага 2022 года. Кадр з відэа: Belarus Press Club / Youtube

У пытанні, ці ў правільным напрамку ідуць справы ў краіне, больш негатыўных адказаў, і 36 % ацэньваюць сітуацыю вельмі негатыўна, тады як вельмі пазітыўна – толькі 13 %. Эканамічная неабароненасць турбуе ўсе катэгорыі (найбольш – абыякавых), а палітычная нестабільнасць, карупцыя, несправядлівасць судоў і грамадская бяспека найбольш хвалююць «свядомых».

Прэзентацыя даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць». 11 лютага 2022 года. Кадр з відэа: Belarus Press Club / Youtube

У прыхільнікаў і праціўнікаў улады даволі розныя светапогляды: прыхільнікам не настолькі важныя грамадзянскія правы і палітычная актыўнасць, але яны больш кажуць пра альтруізм і нацыянальную культуру. Прыхільнікі ўладаў значна больш за праціўнікаў падтрымліваюць інтэграцыю з Расеяй, але не маюць выразнага кансэнсусу ў тым, чаго ад інтэграцыі хочуць. Сярод упэўненых праціўнікаў толькі 30 % хочуць інтэграцыі ў Еўразвяз, яшчэ 31 % хоча саюзаў і з Еўропай, і з Расеяй.

Прэзентацыя даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць». 11 лютага 2022 года. Кадр з відэа: Belarus Press Club / Youtube

Сацыёлагі робяць з адказаў выснову, што недавер да дзяржавы звязаны з большым разуменнем сваёй еўрапейскасці, меншай сувяззю з савецкімі і расейскімі наратывамі. Пры тым патрыётамі сябе называюць 79 % прыхільнікаў улады і толькі 58 % упэўненых праціўнікаў.

Прэзентацыя даследавання «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць». 11 лютага 2022 года. Кадр з відэа: Belarus Press Club / Youtube

Прыхільнікі і праціўнікі ўлады вызначаюць адзін аднаго праз палітычныя рысы, што, лічаць сацыёлагі, можа прывесці да росту сацыяльнай напружанасці. Ніводная група не лічыць сябе ў бяспецы і найбольш давярае людзям са сваёй групы. Пры тым розныя групы здабываюць інфармацыю з адасобленых «інфармацыйных бурбалак»: хоць і праўладныя, і апазіцыйныя беларусы карыстаюцца для гэтага інтэрнэтам, праўладныя значна больш глядзяць тэлевізар, а апазіцыйныя – слухаюць сяброў і знаёмых.

Аналітыка
Колькі сёння той незалежнасці? Паразмаўлялі з палітолагамі і сацыёлагамі
2021.08.25 10:20

У гэтым даследаванні 37 % залічылі ў прыхільнікі ўлады, аднак 9 % апытаных проста спынілі ўдзел у даследаванні, калі дайшлі да пытанняў даверу да Аляксандра Лукашэнкі і ўраду. У ранейшым даследаванні «Chatam House» колькасць прыхільнікаў Лукашэнкі ацэньвалі значна ніжэй: у 25-27 %.

З цяперашняга даследавання зрабілі такія высновы:

  1. Сярод беларусаў разбурыўся стэрэатып пра «памяркоўнасць» і баязлівасць, а вобраз беларусаў як нацыі змясціўся ў бок незалежнасці, моцы і прагрэсіўнасці.
  2. Змяніўся ўзровень лакальнай беларускай ідэнтычнасці: людзі адчулі большую сувязь з краінай. Пры тым для больш як паловы беларусаў месца жыхарства (у краіне ці за мяжой) з’яўляецца найважнейшым крытэрам – роля дыяспараў зніжаецца, тады як з’яўленне лакальных лідараў у Беларусі фактычна немагчымае.
  3. Эскалацыя сацыяльных супярэчанняў прывяла да сітуацыі, у якой сацыяльны выбух больш імаверны, чым у іншых краінах. Процістаянне тычыцца не столькі нацыянальнай культуры, колькі грамадска-прававой сферы, і палярызацыя закранае мноства сфераў.
Hавiны
Так працуе тэрарызм: каб баяліся ўсяго. Сацыёлаг пра рыторыку ўладаў пасля забойстваў у Менску
2021.10.03 10:51

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў