Якая інтэграцыя патрэбная Лукашэнку і Пуціну?


Адзіная валюта, агульны суд, прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў расейцамі. Эканамічнае падпарадкаванне Беларусі або палітычная інтэграцыя? А можа Лукашэнку патрэбныя толькі крэдыты і больш танны газ? За іх ён гатовы абяцаць усё што заўгодна і падтрымліваць ілюзію інтэграцыі? Ці згуляе Пуцін у ягоную гульню? Каментуюць Павел Латушка, Андрэй Ляховіч і Вольга Харламава ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясой.

Інтэграцыя Расеі і Беларусі стала асноўнай тэмай размовы міністраў замежных спраў Сяргея Лаўрова і Уладзіміра Макея 9 лютага. Падрабязнасці размовы не паведамляюцца, але пасля тэлефонных перамоў з’явіўся каментар пасла Расеі ў Беларусі Дзмітрыя Мезенцава. Дыпламат адзначыў: «бакі не хочуць адкладаць» у далёкую шуфляду» распачаткі па праведзенай інтэграцыйнай працы, пасля «асучаснівання» якой абгрунтавана будзе казаць і аб этапным – без забягання наперад – выхадзе на падпісанне праграмы». Амбасадар дадаў, што «Расейскі бок адкрыты да такога ўзаемадзеяння, адказ за беларускімі партнёрамі».

У космас разам ляцім – сцвярджаюць расейскія дзяржаўныя СМІ. З пачатку года ідэя цеснага супрацоўніцтва Расеі і Беларусі – тэма практычна пастаянная. Больш таго, Беларусь усё радзей згадваецца без прывязкі да краіны-суседкі.

Гаворыць палітычны каментатар Вольга Харламава:

«Цікава паглядзець, як з канца 2020-га года, а ў 2021 годзе гэта адбываецца вельмі актыўна, РФ старанна выбудоўвае паралелі Беларусь-Расея. У аўдыторыі фарміруецца ўспрыманне, фарміруецца ўражанне аб Беларусі як аб несамастойнай дзяржаве, не суб’екта, які можа прысутнічаць нават у расейскіх СМІ толькі ў звязку з Расеяй».

Аб інтэграцыі ў лютым загаварыў і намеснік старшыні Рады Бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў:

«Я застаюся на ранейшай пазіцыі і зыходжу з таго, што ў нас агульная пазіцыя, натуральна, што інтэграцыя ўзаемакарысная. Нам трэба інтэгравацца шчыльней і рэалізоўваць увесь патэнцыял саюзнай дамовы, уключаючы тыя элементы збліжэння, злучэння патэнцыялу нашых эканомік, якія туды закладзеныя».

Сярод іх і ўвядзенне адзінай валюты – і да гэтага, па меркаванню Народнага антыкрызіснага ўпраўлення краіны, таксама пачалі рыхтавацца. Хоць гаворкі пра гэта не ішло з 2019 года, калі Пуцін і Лукашэнка вырашылі «адкласці» 31-ю карту – план стварэння адзінага эмісійнага цэнтра, суда і Падліковай палаты Саюзнай дзяржавы.

Павел Латушка, Народнае Антыкрызіснае ўпраўленне:

«Мы з вамі чулі і чыталі інтэрв’ю ТАСС былога прэзідэнта Расейскай Федэрацыі і намесніка кіраўніка Рады бяспекі Расеі, які сказаў, што ў Беларусі няма іншага шляху, як быць у саюзе з Расеіяй, і працы над стварэннем адзінай валюты неабходна паскорыць. Мы спраўдзілі гэтую інфармацыю. З крыніц у розных дзяржаўных установах мы атрымалі пацверджанне, што актывізаваная дзейнасць над 31-й дарожнай картай».

Нацбанк гэтую інфармацыю абвергнуў. «Чарговы фэйк, які не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю» – заявілі ў ведамстве. Але праца на збліжэнне працягваецца – асабліва ў пытаннях эканомікі. Планамернае адхіленне Беларусі ад знешніх рынкаў і цяжкасць выхаду на новыя – тыя крокі, якія Расея ўжо зрабіла – лічыць палітолаг Вольга Харламава:

«Расея не толькі кажа аб інтэграцыі, у адрозненне ад Беларусі. Гэта беларуская ўлада з задавальненнем, калі нічога іншага не застаецца, кажа аб інтэграцыі – стандартныя пацалункі ў абмен на нафту. Для Расеі гэта пытанне не размоў, не столькі размоў, колькі канкрэтных дзеянняў. І зразумела, што нас яшчэ чакае прыватызацыя тых прадпрыемстваў, якія Расею яшчэ цікавяць. І верагодна, што гэта падзея 2021 года».

Эканамічную інтэграцыю абмяркоўвалі на пачатку лютага і прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка з расейскім віцэ-прэм’ерам Юрыем Барысавым. А на пасяджэнні Еўразійскай міжурадавай рады ў Алматы бакі абвясцілі, што пытанне адзінага рынку газу можа быць вырашана ўжо ў 2021 годзе.

ВІДЭА
Лукашэнка страціў давер у Крамлі. Ці прыслухаецца Пуцін да ягонага клічу?
2021.02.01 19:09

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Калегіі ЕЭК:

«Тыя мэты, якія сфармуляваны да 2025 года, павінны будуць быць забяспечаныя».

Для Лукашэнкі галоўнае – цана на газ і крэдыты. Паабяцаць усё, каб атрымаць чарговы пернік, а для Расеі гэты пернік – больш бяспечны спосаб трымаць краіну-суседку на прывязі, лічаць эксперты. Бо цана палітычнай інтэграцыі можа быць занадта высокая.

Каментуе Андрэй Ляховіч, палітолаг, кіраўнік Цэнтру палітычнай адукацыі, г. Менск:

«Насамрэч гэта нявыгадна Расеі, бо яна не можа падставіцца пад яшчэ большыя санкцыі з боку Захаду. Былі неадназначныя заявы з боку кіраўнікоў заходніх дзяржаў аб тым, што калі Расея будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі і дасылаць сюды сілавікоў, то гэта выкліча ўзмацненне санкцый у дачыненні да Расеі. Лукашэнку гэта не трэба. Ён гуляе ў гэтую гульню інтэграцыі з Расеяй, каб вымантачыць з Расеі больш нафтагазавых рэсурсаў і танных крэдытаў».

ВІДЭА
Як Лукашэнка адрэагуе на заяву Мядзведзева пра адзіную валюту Расеі ды Беларусі?
2021.02.05 11:07

Так што з вуснаў расейскіх чыноўнікаў чуем – беларускія ўлады разбіраюцца самастойна, а мы толькі сочым і падтрымліваем.

Вольга Харламава:

«Расея плануе, планамерна працуе над інтэграцыяй. І ёй на сёння і, магчыма, і ў будучыні не патрэбна будзе інтэграцыя палітычная. Ёй дастаткова інтэграцыі эканамічнай, і назавем яе –інтэграцыі ідэалагічнай – адчування таго, што беларусы з’яўляюцца часткай вялікай Расеі».

За гэтае адчуванне знізяць цану, адтэрмінуюць крэдыты, адновяць пасажырскія зносіны паміж краінамі, нягледзячы на кавід і абмежаванні ў перамяшчэнні, папросяць падзяліцца вопытам у падаўленні пратэстаў. І ў космас наўрад ці возьмуць.

Святлана Аўчарова для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Mikhail Klimentyev / TASS / Forum

 

Стужка навінаў