Макей распавёў, калі Лукашэнка будзе прасіць у Пуціна $ 3,5 млрд


Уладзімір Макей.
Фота: belsat.eu

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна можа адбыцца ў канцы лютага. Пра гэта заявіў 12 лютага міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей, перадае ТАСС.

Макей распавёў, што сустрэчу плануюць, рыхтуюцца адпаведныя матэрыялы, каб Лукашэнка і Пуцін маглі сустрэцца, «скажам так, у канцы лютага».

«З улікам пандэмічнай сітуацыі, з улікам таго, што апошнім часам адбываецца вакол нашых дзяржаваў, я думаю, што прэзідэнтам Беларусі і Расеі будзе пра што пагаварыць. Больш за тое, упэўнены, што на стале ў іх у парадку дня будуць і канкрэтныя пытанні, звязаныя з далейшым паглыбленнем інтэграцыі паміж нашымі дзяржавамі», – дадаў Макей.

Hавiны
«Можа, яны скажуць, што мала гэтай інтэграцыі». Лукашэнка распавёў пра планы адносна Расеі
2021.02.11 13:06

Між тым прэс-сакратар кіраўніка расейскай дзяржавы Дзмітрый Пяскоў напярэдадні паведаміў, што пакуль заўчасна казаць пра тэмы, якія будуць абмяркоўвацца падчас візіту ў РФ Лукашэнкі. Паводле яго, «візіт працягвае рыхтавацца, парадак дня фармулюецца».

«Пакуль не буду ў якія-кольвек дэталі ўдавацца, лічу гэта заўчасным», – сказаў Пяскоў.

Hавiны
«Коммерсантъ»: Пуцін можа вылучыць Лукашэнку да 3,5 млрд долараў
2021.02.11 12:42

Раней расейскае выданне «Коммерсантъ» паведаміла, што Лукашэнка і Пуцін амаль дамовіліся пра новы крэдыт дзейным уладам Беларусі. Кажуць, што беларускі бок хацеў бы атрымаць $ 3–3,5 млрд.

Крыніцы расейскага выдання адзначаюць, што прынцыпова ўжо ўсё вырашана, а адсоткі, тэрміны і памер сумы абмяркоўваюцца. Сама сустрэча можа адбыцца 22 ці 25 лютага ў Сочы.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў