Другі суд для «Nizkiz» і 22 новыя «экстрэмісты». Рэпрэсіі 12 студзеня


Лідар гурта «Nizkiz» атрымаў другі запар арышт, 67-гадовай беларусцы, якая вярнулася з Швецыі, пагражае 10 гадоў турмы, а ў пералік «экстрэмістаў» дадалі 22 асобы. Пра гэта – у аглядзе палітычных рэпрэсіяў у Беларусі за дзень.

СІЗА № 7 у Берасці, Беларусь. 14 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

МУС залучыла ў спіс экстрэмістаў яшчэ 22 асобы. Сярод іх – палітычны вязень Аляксей Краснагір, а таксама 65-гадовы Генадзь Дарожкін і 21-гадовы Антон Кашаед. Цяпер у там 3686 прозвішчаў.

У Магілёве 10 студзеня адбыўся новы суд над лідарам гурта «Nizkiz» Аляксандрам Ільіным. Ён атрымаў другі арышт запар, тэрмін пакуль невядомы. Першы суд над музыкамі прайшоў 8 студзеня. Іх абвінавачвалі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«Еўрарадыё» сцвярджае, што суд над Ільіным быў толькі адзін, 10 студзеня. Аднак праваабаронцы «Вясны» звярнулі ўвагу, што нумары ў справаў былі розныя, таму судовых рашэнняў было ўсё ж два.

Абноўлена
Лідара «Nizkiz» судзілі двойчы?
2024.01.12 14:13

У Беларусі судзяць 67-гадовую беларуску, якая вярнулася з Швецыі. Галіну Краснянскую абвінавачваюць паводле артыкулу 361-3 Крымінальнага кодэксу, звычайна гэта азначае ахвяраванне беларускім добраахвотнікам ва Украіне. Жанчыне пагражае да 10 гадоў зняволення. Справу разглядае Менскі гарадскі суд.

У Берасці затрымалі мужчыну за ўдзел у пратэстах 2020 года, у Жлобіне не спыняюцца суды над дэманстрантамі. Чарговае, паводле ацэнак праваабаронцаў, судзілішча адбылося ў канцы снежня. За арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак, Даніла Яроцкі атрымаў абмежаванне волі на 1,5 года без скіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Суддзя – Святлана Андрэева.

Першы сёлета разгляд справы пра падзеі 2020 года адбыўся ў Жлобіне 11 студзеня. Паводле «народнага» артыкулу судзілі Юлію Сіроткіну. Вырак пакуль невядомы.

А ў Менскім гарадскім судзе пачынаецца працэс над барысаўскім фатографам Аляксандрам Зянковым. Яму пагражае ад 2 да 6 гадоў за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні. Справу разглядае Жанна Брысіна.

Таццяну Севярынец, маці палітычнага вязня Паўла Севярынца, адпусцілі дадому да суда. Яе вінавацяць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пасля затрымання жанчына трапіла ў лякарню.

Hавiны
Таццяну Севярынец адпусцілі дадому да суда
2024.01.12 12:13

Праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» апублікавала справаздачу пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У матэрыялах, сярод іншага, адзначаецца, што пагоршылася сітуацыя са свабодаю меркаванняў ды іх свабодным выказваннем у школах. Праз іншадумства дзеці сутыкаюцца з абразамі і пагрозамі адлічэння, а бацькам пагражае страта працы ці пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Акрамя таго, цягам года палітвязняў працягвалі катаваць падчас кароткатэрміновых арыштаў і ўтрымання за кратамі, у тым ліку ў следчых ізалятарах і ў папраўчых калоніях.

На волю выйшаў палітвязень Аляксандр Бабіч, ён цалкам адбыў тэрмін. У снежні 2020 года мужчыну прызначылі 3,5 года калоніі за тое, што той нібыта двойчы ўдарыў нагою амапаўца.

У Беларусі прызналі экстрэмісцкаю кнігу Віктара Суворава «Бяру свае словы назад: другая частка трылогіі «Цень Перамогі» («Беру свои слова обратно: вторая часть трилогии «Тень Победы»). Гэта рашэнне суда Савецкага раёну Менску.

Hавiны
Прысуд за «лайк», затрыманне народнага майстара і новыя «экстрэмісты». Хроніка рэпрэсіяў
2024.01.11 21:53

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў