У дзіцячым садку ў Беластоку пачнецца набор у беларускамоўную групу


У Беластоку ў дзіцячым садку пачнецца набор у групы з беларускай мовай адукацыі. Запісацца ў садок можна ўжо ў лютым, паведаміў «Белсату» Зміцер Косцін, журналіст «Польскага Радыё» у Беластоку.

Зміцер Косцін.
Фота: Белсат

«У Беластоку ёсць адзіная ў Польшчы навучальная ўстанова, дзе дзейнічаюць цалкам беларускамоўныя групы. Гэта дзіцячы садок №14, там ёсць як польскія, так і беларускія групы навучання. Гэта цікавая з’ява, бо там могуць вучыцца дзеткі з любой краіны свету, і гэта цудоўная магчымасць для беларускіх дзетак трапіць у асяроддзе, дзе іх будуць разумець настаўнікі», – кажа Косцін.

Журналіст, абапіраючыся на ўласны досвед, кажа, што падобныя садкі цяжка знайсці нават у Беларусі.

«Дух гэтага садку па нашым досведзе – ён беларускі, дзеці могуць вывучаць нашыя песні і вершы, з імі будуць размаўляць на нашай мове. Набор у садок пачнецца ў сярэдзіне лютага, каб трапіць туды трэба прайсці электронную рэгістрацыю, падаць заяўку, і ўказаць, што мы хочам, каб дзіця вывучала беларускую мову.  Гэта адзін з чыннікаў, які кіруе іх у дзіцячы садок №14. Больш таго – у садок можна трапіць з любога раёну Беластоку.

Адзіная перашкода – вялікая папулярнасць садку, летась не ўсе ахвочыя трапілі туды. Але спрабаваць заўсёды можна. Канешне, 100% верагоднасці няма, бо ў Польшчы ёсць абавязак толькі аднаго году дашкольнай адукацыі, так званая нулёўка. Гэта гарадскі садок, і аплата там, як і ў іншых польскіх садках», – распавядае Зміцер Косцін.

Адзначым, што больш за 20 гадоў у Беластоку дзейнічаюць беларускія групы ў дзіцячым садку №14. Але ў апошнія гады жадаючых стала значна больш, чым выдзеленых месцаў.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў