BioNTech і Pfizer пачалі выраб вакцыны ад штаму о-мікрон


Пастаўкі вакцыны ад штаму каронавіруса о-мікрон могуць пачацца ў сакавіку, піша «Deutsche Welle» са спасылкаю на сузаснавальніка BioNTech Угура Шахіна.

Нямецкая фармацэўтычная кампанія BioNTech і яе амерыканскі бізнес-партнёр Pfizer распачалі вытворчасць вакцыны супраць о-мікрон-варыянту каронавіруса. Пра гэта на канферэнцыі ў пытаннях аховы здароўя, арганізаванай амерыканскім банкам J.P.Morgan, у аўторак 11 студзеня паведаміў сузаснавальнік BioNTech Угур Шахін.

«Мы зыходзім з таго, што будзем гатовыя пачаць пастаўкі прадукцыі на рынак бліжэй да сакавіка – як толькі будуць атрыманыя дазволы органаў рэгулявання», – заявіў Шахін, і дадаў, што клінічныя даследаванні маюць пачацца напрыканцы студзеня.

Hавiны
Штам о-мікрон можа заразіць 50 % еўрапейцаў у бліжэйшыя два месяцы, – рэгіянальны дырэктар WHO
2022.01.11 22:23

Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (ЕМА) пакуль не выказалася наконт таго, ці лічыць выраб гэтай вакцыны мэтазгодным.

Генеральны дырэктар Pfizer Элбэрт Бурла 10 студзеня паведаміў у эфіры амерыканскага тэлеканалу CNBC, што кампанія прыступіла да вырабу на свой страх і рызыку. Бурла сказаў, што пакуль не ведае, ці спатрэбіцца прэпарат і як ён будзе выкарыстоўвацца.

«Аднак мы будзем гатовыя», – зазначыў генеральны дырэктар Pfizer.

Pfizer і Biontech мяркуюць, што ў 2022 годзе вырабяць да 4 мільярдаў дозаў вакцыны. У 2021 годзе вырабілі каля 3 мільярдаў дозаў. Іх доля на рынку ў снежні 2021 года ацэньвалася на 80 % у Еўропе і на 74 % у ЗША.

Hавiны
У Францыі выяўлены новы штам каронавірусу
2022.01.04 08:38

У 2022 годзе BioNTech прагназуе абарачэнне ад вакцыны ад каронавіруса на ўзроўні да 17 мільярдаў еўраў.

Угур Шахін не выключае, што вакцына супраць о-мікрон-мутацыі будзе здольная ўзмацніць імунны адказ супраць іншых вядомых штамаў каронавіруса.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў