«Паўтор савецкіх матрыцаў». Як засцерагчы дзіця ад прамывання мазгоў у вайскова-патрыятычных клубах?


Улады адсправаздачыліся аб стварэнні 52 вайскова-патрыятычных клубаў, якія наведваюць каля 3000 дзяцей. І спыняцца на гэтай лічбе чыноўнікі не плануюць. «Белсат» спытаў палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага і псіхолага Наталлю Скібскую, ці дапамогуць гэтыя клубы зацэментаваць існы палітычны рэжым у Беларусі і як засцерагчы новае пакаленне ад ідэалагічнага апрацоўвання.

Выхаванцы вайскова-патрыятычнага клубу «Рысь». Менск, Беларусь.
Фота: sb.by

Патрыятызм крочыць па краіне – ужо больш за 50 дзіцячых вайскова-патрыятычных клубаў створана ў Беларусі. У гэтыя аб’яднанні ўлучаныя каля 3000 падлеткаў, пахваліўся намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

Першы такі клуб у сістэме Міністэрства ўнутраных справаў («Рысь») адкрылі ў 2021 годзе ў частцы спецназу ў менскім Уруччы. Фактычна гэта падрыхтоўчыя курсы для навучальных установаў МУС або Мінабароны: тым, хто добра асвоіць праграму, абяцаюць ільготы пры паступленні. Кіраўнік клубу Руслан Шыг раней казаў: «Вядома, арыентуем выхаванцаў на паступленне ў ВНУ вайсковага профілю».

Ён таксама сцвярджаў, што ахвочых запісацца ў аб’яднанне «рэальна вельмі шмат». «Натуральна, мы чакалі, што будзе буйны наплыў ахвочых, але вынікі перавысілі ўсе нашыя чаканні», – запэўніваў Шыг.

Выхаванец вайскова-патрыятычнага клубу «Рысь» разам з маці. Менск, Беларусь.
Фота: sb.by

Бяруць у клуб «лепшых і робяць з іх найлепшых»: пры прыёме патрабуецца характарыстыка з месца вучобы, а таксама высокая паспяховасць у школе.

Падлеткаў вучаць разбіраць і збіраць зброю, страляць, кіраваць дронамі, надаваць медычную дапамогу, у праграме таксама фізічныя практыкаванні, рукапашны бой, самаабарона, вайсковая тапаграфія, асновы бяспекі жыццядзейнасці.

Абавязковы пункт гэтых курсаў – «вывучэнне беларускай дзяржаўнасці і гісторыі роднага краю ў рамках цыклу прадметаў “Я і мая Айчына”». І гэта, бадай, самае небяспечнае для маладзёнаў, бо можна сабе ўявіць, як «гісторыкі ў пагонах» інтэрпрэтуюць мінуўшчыну і выхоўваюць патрыётаў у сваім разуменні.

Агляд
Касцюшка і Каліноўскі як польскія патрыёты, генацыд беларусаў з боку палякаў. Чаму вучаць у школах Беларусі?
2023.09.26 19:08

Выглядае, што дзяржава хоча дацягнуцца сваймі патрыятычна-мілітарысцкімі рукамі да максімальнага ліку беларусаў. Такімі клубамі або класамі абзавяліся Мінабароны, МНС, МУС, Памежны камітэт, іх ствараюць у школах, каледжах, ВНУ ўва ўсёй краіне.

Вось, напрыклад, сёлетні план працы вайскова-патрыятычнага клубу Гарадзенскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту: удзел у «імпрэзах прафарыентацыйнай накіраванасці» і «ўроках мужнасці», арганізацыя і правядзенне «традыцыйных святаў», сярод іх Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту, Дзень абаронцы Айчыны, Міжнародны жаночы дзень, Дзень адзінства народаў Беларусі і Расеі, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Вусы Скарыны
Слуцкі збройны чын 1920. Беларуская вызвольная армія пачыналася з тэатральных гурткоў
2023.11.27 15:55

У дзяржаўных медыях ужо загаварылі пра стварэнне такіх «інкубатараў патрыётаў» ледзь не для ўсіх прафесіяў.

«Калі што якое, радзіму аднолькава змогуць абараняць і кухар, і педагог, і лекар. То бок у тэорыі можна дапусціць, што амаль у кожнай прафесіі можна зладзіць аналагічны рух, не ведаю, медычна-патрыятычны клуб, педагагічна-патрыятычны клуб. Толькі ў вайскоўцаў упірацца не варта», – заявіла прапагандыстка Алёна Сырова ў эфіры СТВ. «У тэорыі патрыятычнага выхавання ёсць форма прафесійнага патрыятычнага выхавання, таму вы абсалютна слушна гаворыце», – адказаў ёй кіраўнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінабароны Леанід Касінскі.

«Нічога новага: савецкая матрыца»

Палітычны аглядальнік выдання «Позірк» Аляксандр Класкоўскі не ўбачыў у гэтых кроках беларускай дзяржавы новай ідэі. У каментары «Белсату» ён адзначыў, што ўлады «бяруць за аснову савецкую матрыцу, дзе таксама раскручваўся гэты кірунак вайскова-патрыятычнага выхавання»:

«І гэты рэжым яшчэ болей бездапаможны, чымся савецкі ў ідэалагічным плане, таму што за часамі Брэжнева ўжо нікога не запальвала гэтая ідэалогія. Гэта проста такі паўтор савецкіх матрыцаў – і не вельмі ўдалы і эфектыўны. Я вось па сабе згадваю: яшчэ ў піянерскія часы я верыў гэтым лозунгам, але ўжо ў камсамол я надта не хацеў, прымалі з 7 класа, у 9-м толькі мяне ўгаварылі, бо сказалі, што іначай ва ўніверсітэт не паступлю».

Аналітыка
«Яны капіююць савецкую сістэму і дзесьці крэатывяць самі». Эксперты – аб асноўных праблемах беларускай адукацыі
2022.12.01 12:57

Класкоўскі мяркуе, што проста так замбаваць сучасных падлеткаў у гэтых клубах не ўдасца.

«Не трэба думаць, што калі нейкі хлапчук ходзіць у вайскова-патрыятычны клуб, ён ужо апрыёры лукашыст. Ён сядзіць у інтэрнэце, нягледзячы на ўсе высілкі беларускіх уладаў у абмежаванні інтэрнэту, усё адно ён бачыць розную інфармацыю, і думаю, што рэальнае жыццё, размовы з бацькамі – гэта пераконвае, што не так усё адназначна і што казённыя лозунгі не коцяць», – сказаў суразмоўца «Белсату».

«Было дваццаць мільёнаў камуністаў, і ніхто не абараніў СССР»

У якасці прыкладу неэфектыўнасці такога патрыятычнага выхавання Аляксандр Класкоўскі згадаў Савецкі Саюз:

«Трэба нагадаць, што калі ў 1991 годзе было падпісанае Белавежскае пагадненне, то ніхто не выйшаў абараняць Савецкі Саюз, хаця былі і вайскова-патрыятычныя клубы, і было дваццаць мільёнаў камуністаў. Таму гэтыя фармальныя рэчы не надта працуюць».

Зрэшты, аналітык адзначыў, што ў гэтыя аб’яднанні цалкам добраахвотна і мэтанакіравана ідуць падлеткі, якія бачаць сябе ў сілавых структурах. Тут ужо спрацоўвае прапанаваны ўладаю прывабны для некаторых сацыяльны кантракт.

«Людзям, якія, можа, не надта здатныя да высокіх інтэлектуальных дасягненняў, кажуць: ты пойдзеш у спецназ, АМАП, ва ўнутраныя войскі, табе будуць плаціць добрыя грошы, кватэру дадуць, а ты павінен проста ўмець спрытна махаць дручком і даваць па галовах тым, хто вылазіць супраць Лукашэнкі, супраць улады. І шмат каго гэтая простая, прымітыўная парадыгма прыцягвае», – тлумачыць Класкоўскі.

На адкрыцці вайскова-патрыятычнага клубу МНС «Зубр». 23 студзеня 2023 года. Менск, Беларусь.
Фота: ucp.by

Акурат такія людзі збівалі ўдзельнікаў мірнай рэвалюцыі 2020 года і дасюль рэпрэсуюць беларусаў. Усе дыктатарскія і аўтарытарныя рэжымы ўлагоджваюць сілавікоў, у вызначэнні суразмоўцы «Белсату» – «купляюць апрычнікаў».

«Задума з вайскова-патрыятычнымі клубамі ў пэўнай ступені працуе, але не таму, што ўсіх замбуюць, а таму, што частка гэтых маладзёнаў сапраўды ідзе на такі кантракт з рэжымам. Амплуа сілавіка – ходзіш з дручком, атрымліваеш грошы, кватэру, і ўсе цябе баяцца – гэта для многіх людзей прывабна. І ў гэтым плане задума рэжыму працуе», – канстатаваў эксперт.

«Ілюзорны намер»

Дзяржава намагаецца стварыць лаяльных ёй людзей, але пасля пратэстаў 2020 года загнаць мысленне грамадзянаў у «правільныя» рамкі не ўдасца, упэўнены аналітык.

«Улады ў сваім разуменні выбудоўваюць нейкую сістэму выхавання, стварэння слою лаяльных людзей, але аб’ектыўныя рэаліі ўсё адно мацнейшыя, і 2020 год паказаў, што беларускае грамадства ў значнай ступені перарасло гэты рэжым. Думаць, што за кошт гэтых клубаў ці нечага іншага мысленне беларусаў угоняць у нейкія рамкі, пажаданыя для рэжыму, – гэта даволі ілюзорны намер», – падсумаваў Аляксандр Класкоўскі.

«Будзьце бацькамі, каб вашага месца не заняў ваенрук»

У вайскова-патрыятычныя клубы ідуць не толькі дзеці «ябацек», бо шмат якім школьнікам цікава пастраляць і пабегаць, і гэта не залежыць ад палітычных поглядаў у сем’ях. «Белсат» спытаў у псіхолага Наталлі Скібскай, што рабіць, каб дзіця і цікавасць да вайсковай справы задаволіла, і пад ідэалагічнае апрацоўванне не трапіла:

«Як ні дзіўна, трэба казаць, што не ўсё так адназначна. Дзеці мусяць ведаць, што гісторыю і іншыя грамадскія навукі нельга разглядаць аднабакова, што ёсць розныя думкі і погляды. Нельга ціснуць і навязваць сваё меркаванне, а, напрыклад, прапанаваць кнігу ці артыкул у інтэрнэце, каб дзіцё само прачытала».

Паводле адмыслоўцы, бацькі не мусяць пакідаць дзяцей сам-насам з наратывамі, што прасоўваюць выхаваўцы ў пагонах.

Агляд
У беларускіх школах узмацнілі «патрыятычнае выхаванне» і ўводзяць акцыі «русского мира»
2023.04.05 20:02

«Самае небяспечнае, калі хтосьці там будзе для дзіцяці больш важным, чымся бацькі. Ваенрук можа перамагчы тату, калі ён лепшы за тату. Калі бацька займаецца муштроўкаю, нешта патрабуе, абражае, кажа, які сын недарэка, а ваенрук так добра і цікава бавіць з дзіцём час, то пераможа ваенрук. Нашым татам трэба мабілізавацца (у добрым сэнсе) і быць татамі», – упэўненая суразмоўца «Белсату».

Пры гэтым падлеткам не так проста ўкласці ў галаву тое, што ім не падабаецца: «У іх высокі ўзровень крытычнага мыслення. Яны ўжо шмат ведаюць і шмат разумеюць. Узровень цынізму і супраціву да таго, што ім спрабуюць укласці ў галаву, даволі высокі».

Наталля Скібская заклікала бацькоў багата часу бавіць з дзецьмі: калі хлопцу падабаецца страляць – схадзіце разам у цір або згуляйце ў пейнтбол ці нейкія камп’ютарныя гульні.

«Калі вы разам бавіце час, ніхто вас не пераможа ў галаве і ў душы дзіцяці. Тое, што ўлады цяпер робяць, – яны спрабуюць заняць гэтае месца ў душы», – адзначыла псіхолаг.

Аб’ектыў
Беларусь будзе «патрыятычна» выхоўваць моладзь разам з Расеяй?
2023.08.19 23:31

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў