Беларускі тэатр у выгнанні паставіў п’есу па раману Аляксандра Філіпенкі


А ў Кіеве адбылася прэмʼера пʼесы паводле раману Аляксандра Філіпенкі «Былы сын». Прэм’еру зладзіў «Беларускі Сучасны Мастацкі тэатр» у выгнанні. Амаль год таму тэатру забаранілі выступы на радзіме. Сам раман «Былы сын» аказаўся прароцкім. Ён быў напісаны ў 2014 годзе, але такое ўражанне, што падзеі ў ім адбываюцца сёння.

Падзеі ў спектаклі разгортваюцца ў Беларусі 90-х. Галоўны герой – падлетак Францыск – намагаецца стаць беларусам і спрабуе вучыць родную мову. Аднак здараецца няшчасце. Падчас канцэрту на Нямізе пачалАся залева, людзі спрабавалі схавацца ў метро, і хлопец трапляе ў цісканіну. 9 гадоў – юнак у коме, а калі прачынаецца, разумее, што ў Беларусі нічога не змянілася.

«Нічога не змянілася, некаторыя пытанні абвастрыліся, асабліва палітычныя пытанні. І пытанне, як жыць чалавеку, які прапусціў, і як у гэтых умовах жыць», – дзеліцца ўражаннямі актор тэатру Аляксей Яравенка.

Спектакль паводле раману Аляксандра Філіпенкі «Былы сын» Беларускі сучасны мастацкі тэатр вымушаны ставіць у выгнанні – ва Украіне. Летась тэатр актыўна падтрымліваў мірныя пратэсты, а ў снежні на радзіме яму забаранілі выступаць.

«Расказ аб тым, што змушае людзей з’ехаць з краіны, як выціскаюць з гэтай краіны, чаму гэта адбываецца і чаму беларусы змагаюцца за сваю свабоду. Вось аб гэтым раман Сашы Філіпенкі», – тлумачыць мастацкі кіраўнік тэатру Уладзімір Ушакоў.

Гэта ўжо другі паказ спектаклю на кіеўскай сцэне. Частку роляў граюць акторы, якія самі трапілі пад пераслед у Беларусі. «Я апынуўся ва Украіне, бо мусіў уцякаць з Рэспублікі Беларусь. У Беларусі навучаўся ў Менску ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў», – распавядае Аляксандр Маліноўскі.

Украінскія акторы, якія граюць беларусаў, шакаваныя сутыкненнем з беларускай рэчаіснасцю. «Я не паглыбляюся ў тое, што адбываецца, але гэта дзіка, дзіка ўсведамляць, што людзі не могуць рабіць тое, што любяць, не могуць казаць тое, што ім хочацца», – здзіўляецца ўкраінская акторка Вольга Мароз.

Зараз тэатр запрашае да супрацы актораў і творчых асобаў, што змушаныя былі пакінуць Беларусь.

Антон Каменскі, «Белсат»

Стужка навінаў