У Расеі вырашылі вучыць школьнікаў страляць і кіраваць беспілотнікамі


Намеснік старшыні расейскага ўраду Дзмітрый Чарнышэнка даручыў Міністэрству спорту дадаць у пералік абавязковых дысцыплінаў школьнага комплексу «Готов к труду и обороне» стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі, кіданне спартовага снараду і кіраванне беспілотнікамі, пішуць «Ведомости».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія дзеці ў мілітарысцкім адзенні крамы «Угловой». Чыта, Расея. 2 красавіка 2021 года.
Фота: Kseniya Zimina / chita.ru

Такія «захады ў развіцці спорту» ўзгодненыя з прэм’ер-міністрам Расейкай Федэрацыі. Віцэ-прэм’ер Дзмітрый Чарнышэнка падкрэслівае, што ўрокі «Готов к труду и обороне» гэта «моцны стымул для развіцця масавага і прафесійнага спорту».

Не ўзгодненая, але агучаная віцэ-прэм’ерам яшчэ адна ідэя: праводзіць для школьнікаў на летніх вакацыях «ваенна-спартовыя змены». Пакуль міністэрствам даручылі толькі распрацаваць прапановы ў такіх зменах.

Але выглядае на тое, што гэтыя новыя дысцыпліны – працяг ранейшага пашырэння вайсковай падрыхтоўкі школьнікаў. Так, у наступным навучальным годзе ў Расеі ўжо анансавалі два новыя модулі для ўрокаў «Асноваў бяспекі жыццядзейнасці»: старшакласнікаў хочуць навучыць абыходжанню са зброяй і гранатамі, аказанню медычнай дапамогі і капанню акопаў. Прапануюць таксама дазволіць школам ладзіць курсы вайсковай падрыхтоўкі для 5–9 класаў. Міністэрства асветы Расеі ўжо распрацоўвае адпаведныя курсы.

Як прызнае аўтар ідэі такіх курсаў, кіраўнік праўладнай фракцыі «Справедливая Россия» Сяргей Мілонаў, пытанне вайсковай падрыхтоўкі дзяцей «устала асабліва востра» з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Заняткі маюць рыхтаваць школьнікаў да вайсковай службы не толькі з тэхнічнага боку, а і з псіхалагічнага, адзначае ён.

Гісторыі
Быў Палац моладзі, а стаў Палац міліцыі? Як за два гады змянілася месца працы «дыджэяў Пераменаў»
2022.09.08 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў