Беларускія студэнты ў Чэхіі: «Каб атрымаць чэшскую візу, трэба моцна рызыкаваць сабой на радзіме»


Немагчыма атрымаць візу, а без візы – адлічаць з універсітэту. Няма падтрымання, пачуваешся ў ізаляцыі, разумееш, што свет амаль нічога не ведае пра Беларусь. Сёлета беларускія студэнты, якія навучаюцца і жывуць у Чэхіі, стварылі сваю арганізацыю. «Беларускае студэнцтва Чэхіі» мае дапамагаць беларускай моладзі і распавядаць пра яе Еўропе.

Беларускае студэнцтва Чэхіі з прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Алінай Коўшык.
Фота: Беларускае студэнцтва Чэхіі / Instagram

Навошта студэнты з Беларусі аб’ядналіся ў Чэхіі ў суполку

Суполка «Беларускае студэнцтва Чэхіі» як аб’яднанне неабыякавых людзей існуе ўжо каля года, але афіцыйную рэгістрацыю атрымала толькі гэтай восенню – 13 кастрычніка. Сябры «Студэнцтва» ладзяць розныя культурніцкія акцыі. Адна з апошніх – перформанс з нагоды Ночы расстраляных паэтаў у турыстычным цэнтры Прагі – на Старамнесцкай плошчы (Staroměstské náměstí).

Суполка ставіць перад сабой таксама і палітычныя мэты, а менавіта – дапамагаць беларускім студэнтам, якія пацярпелі праз візавы «бан». Пасля нападу на Украіну 24 лютага, які Расея здзейсніла ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, Чэхія перастала выдаваць візы і расейцам, і беларусам, амаль без выключэнняў. «Беларускае студэнцтва» кажа, што гэта – дыскрымінацыя, і яе не павінна быць ні ў якім выглядзе, у тым ліку – паводле пашпарту.

«Беларускае студэнцтва Чэхіі» – гарызантальная арганізацыя, без кіраўніка. У суполцы каля 17 сталых актывістаў і яшчэ шмат тых, хто далучаецца на нейкія канкрэтныя падзеі.

«Беларускае студэнцтва Чэхіі» на Першым З’ездзе беларусаў Чэхіі.
Фота: Беларускае студэнцтва Чэхіі / Instagram

Ліза, студэнтка 4 курсу Карлава ўніверсітэту, пазнаёмілася з «Беларускім студэнцтвам» на нядаўнім З’ездзе беларусаў Чэхіі.

«Мяне адразу вельмі натхніла, што сябры суполкі – разумныя, таленавітыя, ініцыятыўныя людзі, якія ведаюць, чаго хочуць і за што змагаюцца. Ува мне гэта адгукнулася, і я далучылася», – распавядае дзеўчына.

Ліза прыехала ў Чэхію ў 2018 годзе, атрымаўшы грант на бясплатнае вывучэнне чэшскай мовы. З самага пачатку жыцця за мяжой дзеўчына працавала, а праз год паступіла ў Карлаў універсітэт на філасофскі факультэт, спецыялізацыя «паліталогія». Цяпер Ліза піша бакалаўрскую працу, прысвечаную Беларусі. Да актывісцкай дзейнасці беларуска далучылася ў 2020 годзе.

«Калі распачаўся ковідны крызіс, я зразумела, што адбываецца ў Беларусі, і што я не магу маўчаць пра гэта. Яшчэ больш радыкальнай я стала пасля жнівеньскіх падзеяў 2020 года. Напэўна, той год цалкам змяніў мой светапогляд. Тады Беларусь стала для мяне тэмай № 1», – апавядае Ліза.

Студэнтам, якія праз адсутнасць візы не могуць прыехаць у Чэхію, пагражае адлічэнне

Беларускія студэнты на акцыі, прысвечанай палітвязням, Прага.
Фота: Беларускае студэнцтва Чэхіі / Instagram

Галоўным кірункам дзейнасці «Беларускага студэнцтва Чэхіі» Ліза лічыць развязанне візавага пытання, бо Чэхія не выдае беларусам нават вучэбных візаў.

«Нам вядома пра двух беларускіх студэнтаў, якіх хочуць адлічыць з універсітэтаў, бо яны не прыехалі на заняткі, – распавядае актывістка. – Але ж яны не прыехалі не таму, што не хочуць, а бо ім не даюць візы. Мы надоечы сустракаліся ў гэтым пытанні з дэпутатам чэшскага парламенту, прадстаўніком хрысціянскіх дэмакратаў Хаято Окамура (Hayato Okamura). Ён вельмі зацікаўлены ў дапамозе беларускім студэнтам, паабяцаў, што напіша лісты рэктарам навучальных установаў».

Сітуацыя гэтых двух студэнтаў патрабуе пільнага развязання, але тых, хто пацярпеў праз візавы «бан», нашмат больш, зазначае Ліза. Ёсць установы, у якіх пакуль ідуць насустрач, як Карлаў універсітэт – там можна дамовіцца і не хадзіць на заняткі. Аднак усё роўна неўзабаве сесія, напрыканцы студзеня – у лютым. А ў іншых ВНУ залікі ідуць ужо цяпер, кажа валанцёрка «Студэнцтва», таму візавае пытанне нельга адкладаць.

«Калі чэхі чуюць акцэнт, пытаюцца: ты расеец ці ўкраінец? Пра беларусаў усе забыліся»

Беларускія студэнты на акцыі, прысвечанай палітвязням, Прага.
Фота: Беларускае студэнцтва Чэхіі / Instagram

Беларускае студэнцтва Чэхіі імкнецца распавесці пра Беларусь заходнім краінам.

«Ёсць адчуванне, што з часу, калі ва Украіне распачалася поўнамаштабная вайна, чэхі забыліся пра існаванне Беларусі. Калі яны чуюць акцэнт, пытаюцца: ты расеец ці ўкраінец? – кажа Ліза. – Беларусам цяпер трэба пастаянна пра сябе нагадваць, бо тэма Беларусі сыходзіць на другі план. Я як студэнтка паліталогіі на працягу ўсяго свайго навучання стаўлю пытанне Беларусі на першае месца – і ў курсавых працах, і на лекцыях. Мае аднагрупнікі не ведаюць, што ў нас адбываецца. І гэта людзі, якія вывучаюць паліталогію. Я ўсім тлумачу, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй Расеі, што мы не падтрымліваем вайну, што гэта не мы ваюем супраць Украіны».

Ліза хацела б аднойчы вярнуцца ў свабодную і незалежную Беларусь, да сваіх бацькоў і сваякоў.

21-гадовая беларуска Гіль у Чэхіі ўжо 9 месяцаў, вучыцца на 1 курсе аўдыявізуальнага факультэту Сілезскага ўніверсітэту. У аб’яднанні беларускіх студэнтаў адказвае за сувязі з медыямі, публікацыі ў сацсетках. Гіль вельмі цешыцца, што «Беларускае студэнцтва» нарэшце зарэгістраванае афіцыйна, бо, на думку дзеўчыны, беларускай дыяспары ў Чэхіі даўно не хапала моладзевага руху.

«На жаль, беларускія моладзевыя пытанні цяпер не закранаюцца ўвогуле нікім, у тым ліку прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Нават на З’езд беларусаў Чэхіі нам, моладзевай суполцы, было не так проста трапіць, хоць мы яшчэ год таму казалі пра неабходнасць яго правядзення, – дзеліцца Гіль. – Мы наладжваем сувязі з чэшскімі палітыкамі, пашыраем кола сяброў Беларусі. Хочам мець уплыў у парламенце, у іншых палітычных прадстаўніцтвах, каб былі людзі, якія будуць адстойваць правы беларусаў у эміграцыі».

«Беларусам трэба развіваць нацыянальны эгаізм і казаць пра сябе»

Перформанс, прысвечаны Ночы расстраляных паэтаў, Прага.
Фота: belarusy.cz

«Беларускае студэнцтва Чэхіі» наладзіла камунікацыю з Аб’яднаным пераходным кабінетам, і цяпер абедзве структуры па кроках выбудоўваюць супольную працу.

У найбліжэйшых планах суполкі, паводле Гіль, – стварэнне працоўнай групы, якая будзе займацца спрыяннем выдачы візаў студэнтам ці абітурыентам, якія вызваляюцца з беларускіх турмаў. А каб пытанне хутчэй прасунулася наперад, студэнты з Беларусі імкнуцца звярнуць увагу еўрапейскага грамадства, а асабліва моладзі, на тое, што не ўсім дадзена нарадзіцца ў вольнай, дэмакратычнай краіне.

«Мы ладзім кінапаказы, выставы. Да нас прыходзяць чэшскія студэнты, якія ўпершыню дазнаюцца, што можа быць інакш, чым яны бачаць навокал, што і яны маглі б нарадзіцца не ў дэмакратычнай краіне, і што іхныя аднагодкі з Беларусі ўжо паспелі адсядзець тэрмін, уцячы, ведаюць усё пра кібербяспеку, і не таму, што гэта іх цікавіць, а таму, што яны вымушаныя, – кажа Гіль. – Неяк я запыталася ў маіх аднагрупнікаў, што яны ведаюць пра Беларусь. З 16 чалавек 15 сказалі – нічога, а адзін – што нібыта ў нас там канцэнтрацыйныя лагеры для актывістаў ЛГБТК».

Перформанс, прысвечаны Ночы расстраляных паэтаў, Прага.
Фота: belarusy.cz

Гіль перакананая, што беларусам патрэбна крыху нацыянальнага эгаізму, каб пачаць цаніць сваё і казаць пра сябе іншым.

«Калі пачалася вайна, мне стала вельмі страшна. Раней нас ненавідзелі ўдома, а цяпер гэтая нянавісць была паўсюль. Мы сталі ворагамі для свету. Я думала: што ж будзе заўтра? – апавядае Гіль. – Стала зразумела, што нам трэба развіваць наш нацыянальны эгаізм і ўзгадаць пра сябе, вярнуць сабе свой голас і казаць, шмат казаць, бо насамрэч у Еўропе вельмі мала чулі голас беларусаў».

Гіль хоча, каб Еўропа ў першую чаргу пачула голас беларускай моладзі, таму ў планах «Студэнцтва» – зладзіць усеагульны моладзевы з’езд.

«Ніхто за нас не зробіць Беларусь краінай для жыцця»

Аляксандр Паршанкоў.
Фота: асабісты архіў Аляксандра Паршанкова

Аляксандр Паршанкоў, дактарант Карлава ўніверсітэту, жыве ў Чэхіі з 15 кастрычніка 2021 года. Ён прыехаў сюды з Беларусі, дзе, як кажа, яму перакрылі магчымасць навучацца, звольнілі з Акадэміі навук. У Празе Аляксандр, гісторык паводле асноўнай адукацыі, вывучае філалогію і піша дысертацыю, прысвечаную Францішку Скарыну.

У Беларусі, падчас навучання ў БДУ, Аляксандр стварыў Вольны прафсаюз. Не кінуў актывізму маладзён і за мяжой – менавіта Аляксандр стаў ініцыятарам стварэння суполкі «Беларускае студэнцтва Чэхіі». Сёння, паводле беларуса, аб’яднанне дапамагае агулам 40 юнакам з Беларусі атрымаць візу і прыехаць вучыцца ў Чэхію.

«Чэшскія ўлады зрабілі выключэнні ў сваім жа законе – разлічваць на візу зможа беларускі студэнт, які атрымае стыпендыю ад Чэхіі ці Еўразвязу. Акрамя таго, была ўведзеная праграма «Грамадзянская супольнасць» – яе ўдзельнікам таксама даюць візы, – распавядае Аляксандр. – Але для гэтага трэба быць ці актывістам, ці рэпрэсаваным. Быць актывістамі на радзіме беларусам сёння вельмі небяспечна, таму, фактычна, каб атрымаць чэшскую візу, трэба моцна сабой рызыкаваць у Беларусі. Мы намагаемся давесці, што гэта няправільна».

Аляксандр Паршанкоў з былым міністрам замежных справаў Чэхіі Карэлам Шварцэнбэргам (Karel Schwarzenberg).
Фота: асабісты архіў Аляксандра Паршанкова

Паводле Аляксандра, беларусам цяпер трэба больш казаць пра сябе ў свеце, ствараць уласныя інстытуцыі, арганізавана адстойваць свае інтарэсы ва ўсіх краінах. У будучыні ж актывіст хацеў бы вярнуцца на радзіму.

«Я хачу вярнуцца ў Беларусь. Я ж займаюся гісторыяй, літаратурай Беларусі. Я б хацеў, магчыма, працаваць у Чэхіі, але стала жыць у Беларусі, – кажа Аляксандр. – Нам трэба вяртацца ў Беларусь, бо за нас і для нас ніхто не зробіць Беларусь сапраўднай краінай для жыцця, якой мы маглі б ганарыцца».

Сачыць за дзейнасцю «Беларускага студэнцтва ў Чэхіі» можна ў суполках аб’яднання ў «Інстаграме» і «Фэйсбуку», а таксама на афіцыйным сайце суполкі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў