Пра затрыманне ў Магілёве навукоўца і краязнаўца Ігара Шарухі паведаміла праваабарончая ініцыятыва «MAYDAY TEAM». З якіх дакладна прычынаў яго затрымалі, пакуль невядома.
Паводле звестак праваабаронцаў, Ігара Шаруху затрымалі 10 кастрычніка ў Магілёве. Імаверная прычына затрымання – «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП).
Паводле не пацверджанай пакуль што інфармацыі, навукоўца кінулі за краты на 15 дзён (адміністратыўны арышт).
Ігар Шаруха – кандыдат педагагічных навук, вядомы ў Магілёве географ і краязнаўца. Доўгі час ён працаваў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куляшова, кіраваў кафедрай прыродазнаўства, але ў 2021 годзе быў вымушаны сысці з ВНУ.
Сёння таксама стала вядома пра затрыманне працаўніцы Беларускай дзяржаўнай філармоніі Кацярыны Шапавалавай. На так званым пакаянным відэа жанчына прызнаецца, што ў 2020 годзе спявала гімн «Магутны Божа» на прыступках філармоніі.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», за верасень 2023 года лукашэнкаўскі рэжым асудзіў паводле крымінальных справаў, заведзеных за пратэсты ў 2020 годзе, 54 асобы, з іх – 22 жанчын.
Зміцер Міраш belsat.eu