news
Гісторыі
«Мне напісаць у рэзюмэ, што я дурань?» Дзе беларусам, якім за 50, шукаць працу ў Польшчы
Гісторыі людзей, якія не губляюць аптымізму і пакрысе адаптуюцца да рэаліяў новага жыцця.
15.10.202308:44

Беларускі і беларусы пасля 50, апынуўшыся ў выгнанні, вымушаныя няньчыць чужых дзяцей, прыбіраць офісы і сядаць за стырно таксовак. Бо працу па спецыяльнасці без добрага ведання мовы краіны, у якой апынуліся, знайсці немагчыма. Прапануем гісторыі двух беларусак і аднаго беларуса, якія не губляюць аптымізму і пакрысе адаптуюцца да рэаліяў новага жыцця. Напрыканцы – каментар прадстаўніцы Кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольгі Гарбуновай.

Гісторыя 1. «Мая нелегальная нянька»

Беларуска Надзея (імя змененае) пасля вымушанай эвакуацыі з Беларусі ў Польшчу ў 2021 годзе працавала 12 гадзін на дзень у варшаўскім гатэлі «на змываку» – пасудамыйкай. Плацілі ўсяго 17 злотых за гадзіну (тады – 3,8 еўраў). Але трэба было выжыць і аплачваць жыллё.

«Так скажу: трэба было пахаць – нічога больш не заставалася», – кажа Надзея.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Piotr Malecki / Forum

Жанчына «дапахалася» да нервовага зрыву, схадзіла да псіхолага, і тая параіла шукаць іншую працу – што-небудзь з таго, чым займалася раней і што падабалася рабіць. У Беларусі Надзея была прадпрымальніцай, але некалькі апошніх гадоў даглядала дзяцей. Таму ў Варшаве, пасля ненавіснага «змываку», пачала шукаць расейскамоўныя сем’і (да палякаў ісці баялася без добрага ведання мовы), якім была патрэбная нянька. Шукала сярод знаёмых, у чатах і сацсетках. І пашанцавала.

«Цяпер маю добрую працу, на якой мяне вельмі паважаюць. Даглядаю дзіця ў беларускай сямʼі. 25 злотых за гадзіну (5,5 еўраў). Два выходныя. У працоўныя дні па 6 гадзінаў працую, але бывае што і па 14 ці 18 гадзінаў. Было б цяжка, калі ты дзяцей не любіш. А я вельмі люблю, і да гэтага дзіцяці прывязалася», – распавядае Надзея.

Працуе нянькай каля двух гадоў, вельмі задаволеная працай. Але ёсць мінус: гэтая праца неафіцыйная, то бок – нелегальная.

Надзея зазначае, што з задавальненнем зарэгістравалася б прадпрымальніцай, каб плаціць падаткі і працаваць легальна. Але, як тлумачыць, не мае для гэтага ніводнай польскай «корачкі» – дакументу. З польскай мовай таксама праблемы не зніклі, бо амаль увесь час знаходзіцца ў расейскамоўным асяроддзі. Нядаўна пайшла вучыцца ў паліцыяльную школу, але прызнаецца, што «часам хочацца збегчы» – шмат чаго не разумее.

«Нам усё складаней даецца. Галава не так ужо варыць. Я ў 40 гадоў на правы кіроўца здавала – і тады было ўжо цяжка. Здала. Але мазгі выляталі. А цяпер мне сяброўкі кажуць: не кідай заняткі, ідзі да канца! Ну што, і пайду!» – гаворыць Надзея.

«Хоць цяжка гэта вельмі, калі працуеш і вучышся адначасова. І польскую трэба вучыць. А можа, хутка дамоў? І тады не трэба мне тая польская?..» – вагаецца беларуска.

Гісторыя 2. Няўдалы кэйтэрынг

Беларуска Ірына (імя таксама змененае) мае вышэйшую адукацыю. У Польшчу выехала паўгода таму з тых жа самых прычын – праз пераслед уладаў. Адразу ўладкавалася праз кадравае агенцтва на афіцыйную працу на прадпрыемства, якое займаецца кэйтэрынгам – пакаваць ежу. Вытрымала толькі тры дні. На чацвёрты дзень пайшла ў аддзел кадраў, каб паведаміць, што працаваць больш не будзе ды аддаць працоўную карту, але ў спісе працаўнікоў яе прозвішча не знайшлі…

У цэху аднаго з прадпрыемстваў па вытворчасці харчовай прадукцыі ў Польшчы. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

«Уяўляеце сабе? Я не ведаю, дзе я была гэтыя тры дні, на каго я працавала і хто атрымаў грошы. Потым перапісвалася з супрацоўнікам агенцтва і адказ быў такі: а што вы ўвогуле хочаце? Каардынатар і супрацоўнік агенцтва размаўлялі са мной па-расейску», – расказвае Ірына.

Кажа, што працоўную дамову (umowa zlecenia), дасланую агенцтвам з Варшавы (беларуска жыве ў іншым горадзе), падпісала і выслала назад з заўвагамі, бо жанчыне не спадабалася вялікая колькасць прадугледжаных у ёй штрафных санкцыяў. Потым з Ірынай звязаўся каардынатар агенцтва і папрасіў выйсці працаваць. Умовы працы на прадпрыемстве ўразілі беларуску.

«Тэмпература ў цэху – 9 градусаў. Няма дзе пераапрануцца і ўвогуле – прыткнуцца: няма шафак. У першы дзень ела на вуліцы проста на траўніку. Перапынак – 20 хвілін. А так увесь час стаіш каля канвеера і адысці немагчыма. Бярэш – кладзеш, бярэш – кладзеш… І гэтак далей. Працоўны дзень – 9,5 гадзінаў», – распавядае Ірына.

Беларуска сцвярджае, што за гэтыя дні не атрымала на рукі ні працоўнай дамовы, якую павінны былі падпісаць працадаўцы, ні санітарнай кніжкі, за якую мусіла заплаціць 300 злотых. А за тры дні, якія адпрацавала на прадпрыемстве, не атрымала ані гроша.

Зазначае, што падчас працаўладкавання праблемаў з яе узростам (жанчыне больш за 50) не было. У агенцтве абяцалі, што яе не будуць ставіць на начныя змены.

Анонс
Аўтар бота для беларусаў у Польшчы задумаў новы праект: дапаможа з пошукам працы
2023.09.30 13:11

Ірына прызнаецца, што пасля «няўдалага кэйтэрынгу» спрабавала шукаць працу па спецыяльнасці (яна працаўнік сферы культуры). Дасылала працадаўцам рэзюмэ, але – безвынікова.

«Я спрабую, але разумею, што, пакуль не валодаю на патрэбным узроўні мовай, уладкавацца па спецыяльнасці не маю шанцаў. Пайшла на моўныя курсы. Але неяк… Чытаць магу і ўсё разумею. Але з напісаннем і гаварэннем па-польску – цяжка. І думаю: навошта мне гэта? А раптам заўтра на радзіму?..» – сумняваецца нашая суразмоўца.

Некаторы час, каб выжыць і аплаціць жыллё, Ірына прыбірала ў апартаментах: 18 злотых за гадзіну, 3000 злотых за месяц (650 еўраў). Праца – без афармлення. Даводзілася працаваць і ў суботы, і ў нядзелі. У сярэднім – 5 гадзін на дзень.

«Ты пагаджаешся, бо не маеш выбару. Пры гэтым, як аказалася, трэба не проста прыбраць апартаменты, але яшчэ і папрасаваць пасцельную бялізну. Памяшканне малюсенькае, летам горача, а ты цягаеш гэтыя пыласосы, вёдры, прасы па ўсіх паверхах», – згадвае жанчына.

Нядаўна праз знаёмую знайшла працу па прыбіранні офісаў. Плацяць больш: 25 злотых за гадзіну. Але зноў жа – без афіцыйнага афармлення, нелегальна…

Рэкруцёрка: У палякаў больш пашаны да людзей такога веку

Спецыялістка ў падборы персаналу Лана – з Беларусі. На радзіме яна выкладала музычныя дысцыпліны ва ўніверсітэце і музычнай школе. Выступала сама. Але калі некалькі гадоў таму перабралася ў Варшаву, давялося перакваліфікавацца. Цяпер дапамагае іншым знайсці працу. Кажа, што супрацоўнічае з некалькімі фірмамі, каб з кожнага агенцтва выбіраць найлепшае і фармаваць сваю базу вакансіяў.

«Акурат так, таму што ў адным агенцтве бывае мала адэкватных вакансіяў. Альбо – гэта толькі нейкія лядоўні: мяса і рыба. Таму выбіраю з розных», – тлумачыць Лана.

Мужчына сталага веку вывучае вакансіі ў адным з цэнтраў для беспрацоўных у Варшаве. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Peter Andrews / Reuters / Forum

Кажа, што людзі ў веку 50 гадоў і старэйшыя звяртаюцца да яе па дапамогу часта. У асноўным гэта ўкраінцы і беларусы. Што яна ім прапаноўвае?

«Працу, дзе не патрэбная фізічная сіла. Склады адзення ці электратавараў, упакоўка пончыкаў, касметыкі і г.д. Дарэчы, важны момант. Адно агенцтва можа выставіць на вакансіі абмежаванне «да 45 гадоў», а другое «да 50», у трэцім жа ўвогуле не будзе ўзроставага абмежавання.

Як паказвае практыка, калі вакансію выстаўляюць палякі, то ім усё адно, якога веку чалавек. Мне здаецца, у іх больш павагі да такога ўзросту – 50+. Наадварот, яны бачаць, што чалавек не баіцца новага, гатовы працаваць, і ставяцца да яго з пашанай», – заўважае рэкруцёрка.

Сама ставіцца да людзей сталага веку з вялікім рэспектам і старанна падбірае для іх прапановы. Мае звычай звязвацца на дзясяты дзень па працаўладкаванні з чалавекам, каб даведацца, наколькі заяўка адпавядае рэчаіснасці. Скаргаў ад беларусаў амаль не чуе.

«Таму што беларусы дысцыплінаваныя і гатовыя працаваць. У іншых жа бывае шмат прэтэнзіяў», – кажа Лана.

Асноўныя ўмовы такія: 10-12-гадзінны працоўны дзень (8 гадзін – вельмі рэдка), 6-дзённы працоўны тыдзень. У сярэднім можна зарабіць 5000-5500 злотых (каля 1100-1200 еўраў). Некаторыя вакансіі – з магчымасцю пражываць у гостэле (450-600 злотых за месяц).

Просім назваць Лану для прыкладу тры вакансіі без узроставага абмежавання, якія мае на сёння для беларусаў, старэйшых за 50 гадоў.

  • Упакоўка адзення пад Уроцлавам (прадпрыемства дае жыллё плюс дапамагае ў афармленні «карты побыту» – ВНЖ).
  • Упакоўка касметыкі пад Варшавай (10 км), для працаўнікоў – гостэл у Варшаве.
  • Упакоўка ланч-боксаў каля Варшавы.

«Але наконт апошняй вакансіі – там тэмпература ад 0 да +6, таму не для цеплалюбных і не для тых, у каго маюцца праблемы з суставамі», – папярэджвае Лана (выпадак нашай гераіні Ірыны – заўв. «Белсат»).

Таксама не раіць ісці «на рыбу і мяса»: не толькі «сцюдзёная», але і фізічна цяжкая праца.

Лана таксама заўважае, што многія кандыдаты немаладога веку просяць знайсці працу па сваёй ранейшай спецыяльнасці – бухгалтара, эканаміста, выкладчыка і г.д. Часцей за ўсё такіх вакансіяў у базе спецыялісткі няма. Раіць у такім выпадку шукаць у беларускіх эмігранцкіх чатах і запытвацца ў знаёмых. Таксама – прачэсваць прапановы на платформах «Layboard» і «Flagma».

Па дапамогу можна звярнуцца і да самой Ланы. Паслугі рэкрутаў для кандыдатаў – бясплатныя.

Дадаем: вакансіі можна праглядаць і на дзяржаўным рэсурсе – у Цэнтральнай базе прапановаў працы.

Гісторыя 3. «Гора ад розуму»

62-гадовага Андрэя Макоўскага, якога журналісты называюць «прафесарам з Акрэсціна», Лукашэнка пазбавіў летась пенсіі. Кандыдат тэхнічных навук, выкладчык БДУІР, фізік і авіятар, беларус з расейскім пашпартам, «ад якога цяжка пазбавіцца», Андрэй Макоўскі здымае ў Варшаве сціплы пакойчык за 1000 злотых на месяц і працы пакуль не мае. Ягоная справа з адмовай Польшчы ў наданні яму міжнароднай абароны дагэтуль не развязалася.

Кандыдат тэхнічных навук Андрэй Макоўскі. Варшава, Польшча. 1 лютага 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Працу не знайшоў, хоць і шукаў. Шукаў, можа, недастаткова актыўна. Праз «Praca.pl», «Linkedin». Калі штосьці прапаноўваюць – я падаю рэзюмэ. А ў адказ – цішыня. У мяне падазрэнні, што маю занадта складанае рэзюмэ: доктар навук, прафесар… Летась быў на фестывалі працы, запісаўся на адну панэль. Запыталіся там, якая ў мяне адукацыя? Ну, вам трэба ў інстытут, кажуць, не да нас. І я прыйшоў да высновы, што гэта мой недахоп. Як у Грыбаедава – «гора ад розуму», – смяецца Андрэй Макоўскі.

Раім яму перапісаць рэзюмэ.

«А як я магу перапісаць? Напісаць, што я дурань? Я ж не вінаваты, што 33 гады таму абараніў дысертацыю? Эх, трэба было не абараняць», – жартуе прафесар.

Прызнаецца, што даслаў ліст у Варшаўскі ўніверсітэт, да прарэктара ў агульных пытаннях з прапановай аб супрацы. Адказалі, што ліст быў перасланы прарэктару ў навучанні. І на гэтым усё скончылася.

Працы не па спецыяльнасці Андрэй Макоўскі пакуль не шукае. Мае невялікую падпрацоўку і грашовае падтрыманне ад ЕЗ (2000 злотых).

«З грашыма тугавата. Але неяк выкручваюся. Мне хапае, нават з улікам таго, што плачу за пакой», – сцвярджае прафесар з Акрэсціна.

Hавiны
У Беларусі дзве «базы дармаедаў». Адну з іх вядзе Дзяржаўны памежны камітэт
2023.09.29 09:56

Кажа, што мог бы працаваць электрыкам, бо па першай прафесіі ён інжынер-электрык. Працаваў калісьці ў Іркуцку галоўным энергетыкам будаўнічага холдынгу. Але ў Польшчы свае веды і досвед трэба пацвердзіць, а ў паліцыяльную школу яго не ўзялі, бо не мае школьнага атэстату – згублены. Ёсць толькі дыплом аб вышэйшай адукацыі і дыплом кандыдата навук, а такія дакументы там без патрэбы.

«Усе здзіўляюцца, чаму я са сваёй адукацыяй не іду ва ўніверсітэт, а ва ўніверсітэт мяне ніхто не кліча. Ну а каб і паклікалі, то мой узровень польскай яшчэ не такі добры, каб выкладаць. Нічога пакуль не свеціць», – кажа Андрэй Макоўскі.

Сартаваць адзенне і ежу прафесар не гатовы.

«Гэтым пакуль не думаю займацца. Неяк выжываю.  Ісці на працу, каб проста быць занятым? Не бачу ў гэтым сэнсу», – падсумоўвае Андрэй Астроўскі.

Вольга Гарбунова: Сістэма дапамогі пакуль не адбудаваная

Прадстаўніца абʼяднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова ў размове з «Белсатам» кажа, што тое, што адбываецца з беларускамі і беларусамі ў выгнанні, у прыватнасці з людзьмі сталага веку, – гэта вялікая праблема. Яна нагадвае, што лукашэнкаўскі рэжым ліквідаваў ці прымусіў да самаліквідацыі больш за 1300 недзяржаўных арганізацыяў (НДА). Не ўсе яны працягнулі працу за мяжой. Таму такія тэмы, як абарона правоў жанчын, дапамога людзям з інваліднасцю, падтрыманне людзей сталага веку, папросту праселі.

Вольга Гарбунова, прадстаўніца Кабінету ў сацыяльнай палітыцы.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Вельмі важна разумець, што калі нават беларускія НДА рэгіструюцца за мяжой, тут ці ў іншых краінах, ім трэба нанава выбудоўваць усе працэсы, шукаць новых партнёраў і новыя рэсурсы», – гаворыць Вольга Гарбунова.

Яна прызнаецца, што сіламі аднаго прадстаўніцтва Кабінету ў сацыяльнай палітыцы, у якім працуе некалькі чалавек, выбудаваць гэтую сістэму нанава не ўдасца. Патрэбная партнёрская сетка і падтрыманне грамадзянскай супольнасці.

Вольга Гарбунова заклікае актывістаў шукаць мясцовыя, лакальныя арганізацыі праграмы падтрымання. Гэта могуць быць сацыяльныя цэнтры, арганізацыі Чырвонага крыжа, дабрачынныя рэлігійныя арганізацыі, беларускія дыяспары, якія могуць браць пад апеку пажылых людзей.

«Таму ў гэтай гісторыі яшчэ рана казаць пра тое, што ўжо маецца сістэма дапамогі ўразлівым сацыяльным групам, уключаючы людзей сталага ўзросту. Але, абʼядноўваючы высілкі нашага прадстаўніцтва, куды прыходзяць канкрэтныя запыты ад людзей, грамадзянскай супольнасці і мясцовых арганізацыяў, мы можам спрабаваць развязваць гэтую праблему», – зазначыла Вольга Гарбунова.

У Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, пражывае 1 млн 300 тыс чалавек старэйшых за 65 гадоў. Колькасць тых, хто атрымлівае пенсію – удвая больш. Колькі з іх апынуліся пасля пратэстаў 2020 года ў выгнанні – невядома. Прадстаўніцтва Кабінета ў сацыяльнай палітыцы такімі звесткамі пакуль не валодае. Лічба можа сягаць дзясяткаў тысяч.

Hавiны
У Беларусі зменшылася колькасць працаўнікоў, але вырасла колькасць чыноўнікаў
2023.10.10 11:12

Зміцер Міраш belsat.eu