«Мы толькі пашырым дапамогу». Гарбунова пра крымінальную справу за марафон салідарнасці


Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова пракаментавала завядзенне рэжымам крымінальнай справы супраць арганізатараў і спікераў марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно!».

Вольга Гарбунова.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Чарговы раз крымінальны закон выкарыстоўваецца як інструмент рэпрэсіяў у дачыненні людзей, якім не ўсё адно, якія дбаюць пра лёсы, здароўе і блізкіх палітзняволеных у Беларусі. У Беларусі пасля 2020 года знішчаныя амаль усе ініцыятывы для сацыяльнай дапамогі, а заканадаўства ў гэтай сферы становіцца ўсё больш жорсткім. Дабрыню і салідарнасць называюць экстрэмізмам. Гэта шлях у нікуды», – сказала Вольга Гарбунова.

Паводле яе, «крымінальная справа – прызнанне яго слабасці і адначасова сведчанне моцы нашай салідарнасці».

«Уявіце, чаго б дамагліся беларусы, каб не рэпрэсіі, рызыка «крыміналкі» і пераслед з боку рэжыму. Мы працягнем сваю працу. Зробім усё, каб сабраныя сродкі дайшлі да адрасатаў. Не спынімся і пасля таго, як грошы, сабраныя на марафоне, будуць перададзеныя. Мы толькі пашырым дапамогу», – сказала яна.

Выказаўся на тэму крымінальнай справы і сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак:

«Мянтам таксама не ўсё адно. У большасці з 60 падазраваных гэтых крыміналак ужо няма куды вешаць, так што дарэмна шчыруеце!»

Ён адзначыў, што «BYSOL» ужо паставіў на выплату першыя паўсотні сем’яў у межах атрыманых з марафону сродкаў.

Аб’ектыў
Марафон, які вярнуў салідарнасць
2023.07.31 22:11

Онлайн-марафон салідарнасці з палітычнымі вязнямі Беларусі «Нам не ўсё адно!» адбыўся 28–30 ліпеня. Падчас марафону людзі ахвяравалі амаль 575 тысячаў еўраў. Ініцыяваў правядзенне стрыму Аб’яднаны пераходны камітэт. У яго арганізацыі і правядзенні ўдзельнічалі больш як 20 незалежных медыяў, у тым ліку і «Белсат». Больш за 200 тысяч еўраў ужо пералічаныя ў фонд «BYSOL» і іншыя праваабарончыя ініцыятывы.

Стрымы з марафону былі прызнаныя ўладамі Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». А 3 кастрычніка стала вядома, што МУС Беларусі пачаў крымінальную справу ў дачыненні ўдзельнікаў жывой трансляцыі онлайн-марафону. Матэрыялы для завядзення справы сабраў ГУБАЗіК. Падазраванымі названыя «каля 60 асобаў з ліку арганізатараў марафону і іхных памагатых».

Hавiны
ГУБАЗіК завёў крымінальную справу за правядзенне марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно!»
2023.10.03 11:02

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў