Марафон салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно!» прызналі «экстрэмісцкім»


Стрымы з першага марафону салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно!» прызнаныя ўладамі Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Іх унеслі ў адпаведны спіс на сайце Міністэрства інфармацыі.

Павел Латушка
Павел Латушка ў студыі «Белсату» прэзентуе некаторыя лоты, якія НАУ выставіла на аўкцыён падчас онлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі. 29 ліпеня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Менску 29 жніўня. У спіс трапілі больш за дзесяць відэазапісаў стрыму на Youtube.

Марафон салідарнасці з палітвязнямі праходзіў 29–30 ліпеня ў онлайн-рэжыме, і кожны мог ахвяраваць любую суму на падтрыманне палітвязняў у Беларусі і іхных сем’яў. Падчас марафону ўдалося сабраць больш за 574 000 еўраў. У яго арганізацыі і правядзенні ўдзельнічалі больш за 20 незалежных СМІ, у тым ліку і «Белсат».

Таксама спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:

  • тэлеграм-каналы «Новая Жизнь Минск / New Life Church Minsk», «Будзьма беларусамі!», «ЧАТ Беларусы ў Ізраілі», «FREEINFOBEL»;
  • сайт і сацсеткі праекту «Штодзень»;
  • старонкі ў Facebook «Церковь “Новая Жизнь”», «Budzma Belarusami»;
  • суполка ў «Вконтакте» «Беларусь. Экономика и политика (MorningDope)»;
  • TikTok-старонкі «Belorussian mapper», «VERDIKT», «бчбандеровка».
Аб’ектыў
Марафон, які вярнуў салідарнасць
2023.07.31 22:11

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў