«Перастаць быць расейцам». Чаму Польшча адмаўляе «прафесару з Акрэсціна» ў статусе ўцекача


61-гадовы кандыдат тэхнічных навук Андрэй Макоўскі з гонарам называе сябе «прафесарам з Акрэсціна», бо акурат гэтак у снежні 2021 года да яго звярталіся сукамернікі. Пасля 15 содняў у ІЧУ ўлады Беларусі выслалі Макоўскага з краіны, бо ён меў расейскі пашпарт. Пра тое, як праз чырвоную кніжачку з двухгаловым арлом ён зрабіўся ворагам ва Украіне, «Белсат» распавядаў у траўні 2022 года. Але прыгоды з пашпартам РФ не заканчваюцца: Польшча напрыканцы мінулага года адмовіла прафесару ў прытулку.

Кандыдат тэхнічных навук Андрэй Макоўскі. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Атрымліваецца, што мяне выгналі і беларускія ўлады, выгналі і ўкраінскія ўлады, Расея мне паводле азначэння не матка родная – дык цяпер яшчэ і Польшча ў гэты шэраг прыладжваецца…» – распавядае са скрухай у голасе Андрэй Макоўскі, які ў чэрвені 2022 года выехаў з Украіны ў Польшчу і цяпер жыве ў Варшаве.

«Не абгрунтаваў сваёй асцярогі»

Па прыездзе ў Польшчу Андрэй Макоўскі адразу падаў заяву з просьбай аб наданні яму ў гэтай краіне міжнароднай абароны. У заяве ён тлумачыў, што, нягледзячы на пашпарт РФ, мае беларускую нацыянальнасць, нарадзіўся ў Бабруйску і лічыць Беларусь сваёй радзімай. Жыў у Беларусі апошнія 11 гадоў, і адтуль яго дэпартавалі праз адукацыйную і апазіцыйную актыўнасць. Да заявы прыклаў пасведчанне аб нараджэнні, копію судовай пастановы (15 содняў арышту), дакумент аб прымусовым выгнанні з Беларусі і скрыншот паведамлення з тэлеграм-каналу «Жёлтые сливы» з каментаром «готовься к польским грядкам, гнида БЧБ-шная!» ды іншыя дакументы.

«Прафесар з Акрэсціна» падкрэсліваў у заяве, што, калі яго дэпартуюць у Расею, там яго можа чакаць пераслед з боку спецслужбаў, бо ён адкрыта выказваў сваю пазіцыю наконт вайны ва Украіне і публічна казаў пра сваё стаўленне да рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна.

Андрэя Макоўскага адмовіліся прызнаць уцекачом.

Управа ў справах замежнікаў палічыла неабгрунтаванымі асцярогі беларуса аб магчымым пераследзе і рэпрэсіях з боку расейскіх уладаў па ягоным вяртанні ў РФ. На погляд чыноўнікаў польскага ведамства, «іншаземец не спаслаўся на акалічнасці, якія пацвярджаюць наяўнасць рызыкі ўжывання ў дачыненні яго катаванняў, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання ці пакарання».

Кандыдат тэхнічных навук Андрэй Макоўскі. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Прааналізаваўшы доказы, сабраныя ў справе Андрэя Макоўскага, мы прыходзім да высноваў, што ён не абгрунтаваў сваёй асцярогі пераследу ў краіне паходжання з прычыны расы, рэлігіі, нацыянальнасці, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або з палітычных матываў, перакананняў, што ёсць неабходнай перадумовай для прызнання ўцекачом», – гаворыцца ў адказе, атрыманым з Управы ў справах замежнікаў у Польшчы.

Пісаў Шварцэнэгеру, запісваўся ў полк Каліноўскага

9 студзеня 2023 года пры дапамозе юрыстаў Цэнтру беларускай салідарнасці Андрэй Макоўскі падаў апеляцыю на рашэнне польскіх уладаў, у якой паспрабаваў больш грунтоўна і дэталёва давесці свае асцярогі. 

Гэтак, Макоўскі паінфармаваў улады Польшчы, што калі ён быў ва Украіне, то спрабаваў далучыцца да вайсковых і валанцёрскіх фармаванняў і ўдзельнічаў у кампаніі «кібервойскаў Украіны» пад назваю «STOP Russian War», дасылаючы, напрыклад, звесткі аб сітуацыі ў Бучы Арнольду Шварцэнэгеру, Джыму Керы, нямецкім і французскім парламентарыям.

Нагадаў ён і пра інтэрвʼю «Белсату», у якім публічна выказаўся, што не падтрымлівае дзеянняў Уладзіміра Пуціна ва Украіне, называючы вайну вайной. 

Толькі за спробы запісацца ў ЗСУ, тэрабарону і полк Каліноўскага Андрэю пагражае ў Расеі крымінальная адказнасць паводле арт. 275 КК РФ. Андрэй Макоўскі сцвярджае, што ўжо атрымаў адтуль папярэджанне аб магчымым затрыманні.

Працоўны стол Андрэя Макоўскага. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Як жа мне не асцерагацца, калі паводле артыкулу аб фэйках пра расейскую армію там цяпер даюць да 9 гадоў турмы і больш», – кажа Макоўскі, згадваючы навіну пра завочны прысуд расейскай блогерцы Белацаркоўскай.

Ці будзе задаволеная апеляцыя? Пакуль невядома.

«Расейцы – гэта не нацыя, гэта вінегрэт»

Бацькі Андрэя Макоўскага – беларусы. Мама нарадзілася ў Слуцкім раёне, бацька паходзіць з Аршаншчыны. Родны брат Андрэя таксама мае беларускі пашпарт. Сам жа Андрэй у 1978 годзе выехаў з Беларусі вучыцца ва Украіну. Скончыў славутую на той момант Кіеўскую ваенна-авіяцыйную вучэльню (ён інжынер-электрык прыборнага абсталявання самалётаў). Пасля заканчэння вучобы трапіў служыць у Іркуцкую вобласць. Думаў адслужыць і вярнуцца на радзіму. Але лёс склаўся так, што пражыў у Сібіры 20 гадоў.

Акурат там ён памяняў свой савецкі пашпарт на пашпарт РФ. Вярнуўся ў Беларусь толькі ў 2011-м, пасля разводу з жонкай (у Расеі ў Андрэя засталася дарослая дачка).

«Чаму зʼехаў? Адчуваў сябе іншым там. Усе мясцовыя звычаі, прывычкі, традыцыі, стасункі – не па мне гэта было, усё ўпоперак. Не так, як у нас», – успамінае Андрэй Макоўскі.

Сцвярджае, што ўвесь час адчуваў сябе беларусам і дэклараваў сябе як беларус.

«Рэч у тым, што я ніколі і не быў расейцам. Колькі сябе помню, я ведаў: я беларус. Кепска гэта ці добра – не ведаў на той момант. Але – беларус. Да бабулі ездзілі ж, і там была іншая мова, іншы лад, іншыя стасункі. Таму і не думаў пра тое, што я нейкі расеец. Тым больш што расейцы – гэта ж не нацыя, гэта нейкі вінегрэт», – разважае Андрэй Макоўскі.

«Было фізічна сорамна, што нашу пашпарт РФ»

«Прафесар з Акрэсціна» распавядае, што да 2014 года (тры гады па вяртанні ў Беларусь) расейскі пашпарт не перашкаджаў яму жыць і пачувацца чалавекам. Але пасля анексіі Расеяй Крыму і развязвання ёй ваенных дзеянняў на Данбасе ўсё змянілася.

«Я гэта ўспрыняў тады вельмі хваравіта. Ведаеце, мне ніколі не было так фізічна сорамна, што я нашу ў кішэні пашпарт краіны, якая распачала вайну. Я разумеў, што Пуцін дзейнічаў у 2014-м, як Гітлер у 1938-м супраць Чэхаславаччыны…» – кажа наш суразмоўца.

Каб больш навочна праілюстраваць сутнасць «расейскасці», Андрэй Макоўскі распавядае нам анекдот пра «новага рускага», які ў аўтасалоне хоча змяніць новы аўтамабіль, куплены ўсяго тыдзень таму, бо попельніца перапоўненая акуркамі.

Андрэй Макоўскі ездзіць па Варшаве на электрычным самакаце. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Не попельніцу замяніць – машыну! Вось так і ўся Расея жыве. Тэрыторыю запаскудзяць, прыбірацца ім за сабой «у лом» – не хочуць і не ўмеюць гэтага рабіць. І таму пачынаюць жыць за кошт экспансіі. Прыйсці на наладжаны побыт, дзе ўсё працуе, – ага, вось гэта нам даспадобы і гэта будзе нашае. І такім вось чынам яны працягваюць жыць. Гэтым і адрозніваюцца ад нас. Мы для сябе ствараем умовы для жыцця, жывём і цешымся жыццём. Яны не ўмеюць гэтага рабіць, проста не ўмеюць», – дзеліцца думкамі Андрэй Макоўскі.

«Адмовіцца ад расейскага грамадзянства? Гэта квэст»

Ужо вярнуўшыся ў Беларусь, Андрэй спрабаваў адмовіцца ад расейскага грамадзянства і пазбавіцца пашпарта РФ. Але кажа, што «гэта сапраўдны квэст», а перастаць быць расейцам (няхай сабе толькі паводле пашпарта) – нялёгкая справа. Прынамсі, расейскія пасольствы робяць усё, каб гэтага не адбылося.

«Працэдура заблытаная і да канца мною не зразуметая. Але я прайшоў яе амаль да завяршальнага этапу. Мне проста заставалася трапіць у расейскае пасольства ў Менску і ўзяць у іх даведку, што яны не супраць, каб я атрымаў беларускае грамадзянства. Але трапіць у амбасаду РФ – гэта таксама сталася задачай. Мяне ставілі ў чаргу, я чакаў паўгода, але так і не паспеў зрабіць гэтага – мяне вымусілі зʼехаць з Беларусі», – кажа мужчына.

Са смехам дастае з палічкі чырвона-зялёную брашуру Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у выданні 2020 года.

Канстытуцыя, якую Андрэй Макоўскі прывёз з Беларусі. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Гаворыць, што вывучыў яе амаль дасканала, але «карысці з гэтага мала, бо Лукашэнка змяніў ужо і гэтую Канстытуцыю».

Выкінуты з Беларусі не прытулены Польшчай…

Апрача Канстытуцыі РБ, Андрэй забраў з сабой з Беларусі матчыну сурвэтку (мама застаецца ў Менску), два наручныя гадзіннікі і электрасамакат. Усё, што нагадвае пра Беларусь. Прычым смарт-гадзіннік, які падарыў яму калісьці брат, цяпер стаіць.

Як жартуе Андрэй, «хаду беларускага часу ў ім спынілі мянты»: гадзіннік быў прывязаны да тэлефона, які на Акрэсціна супрацоўнікі МУС канфіскавалі «як сродак правапарушэння». Дапасаваць гадзіннік да новага тэлефона так і не ўдалося.

Гадзіннік Андрэя Макоўскага, з якім ён хадзіў на лекцыі ў БДУІР. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Па затрыманні ў тэлефоне Андрэя Макоўскага знайшлі пост з тэлеграм-каналу «NEXTA-Live» пра перасадку селязёнкі чалавеку ад генетычна мадыфікаванай свінні, які ён нібыта перасылаў свайму сябру. Гэта сталася фармальнай прычынай для таго, каб кінуць прафесара на 15 дзён за краты. І час спыніўся…

Пішам «фармальнай», бо за выкладчыкам, які будучым айцішнікам у БДУІР пасля асноўнай лекцыі ладзіў пяціхвілінкі з гісторыі Беларусі, ужо пільна сачылі. А «Жёлтые сливы» пляваліся атрутай. Цікава, што пра магчымае затрыманне першы паведаміў Андрэю ягоны студэнт, які на той момант (снежань 2021-га) быў у ЗША.

Андрэй Макоўскі прызнаецца, што вельмі сумуе па педагагічнай дзейнасці і Беларусі. Спрабуе шукаць працу ў Польшчы, але пакуль не мае на яе дазволу. Чакае выніку разгляду апеляцыі, спрабуе чытаць па-польску, пільна сочыць за навінамі з Украіны і – ездзіць на электрасамакаце. Ягоны пашпарт РФ застаецца дзейны да 2026 года.

Партфель Андрэя Макоўскага, з якім ён хадзіў на лекцыі ў БДУІР. Варшава, Польшча. 1 лютага 2023 года. Фота / Аліса Ганчар

«Калі будзе магчымасць адмовіцца ад яго і атрымаць, скажам, новы беларускі – зробіце гэта?» – пытаемся.

«Аж бегма! Ён і так у мяне пратухне. Але тры гады яшчэ. Я ўсё-такі спадзяюся на тое, што Расея як краіна будзе дэзавуяваная, назавем гэты працэс гэтак мякка. Выйдзе новы лідар і скажа, што РФ як федэрацыя спыняе сваё існаванне… Яны ж дагэтуль не разумеюць ступені сепаратызму, які існуе ў іхнай краіне», – кажа Андрэй Макоўскі.

Звольнены з працы, пазбаўлены пенсіі, выкінуты з Беларусі і пакуль не прытулены Польшчай, «прафесар з Акрэсціна» не мае на сёння сталых сродкаў на існаванне, хоць і сцвярджае, што «яшчэ не ў такім становішчы, каб звяртацца па дапамогу».

Сурвэтку мама Андрэя Макоўскага дала яму перад ад’ездам з Беларусі. Варшава, Польшча. 1 лютага 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Але мы ўпэўненыя, што падтрыманне добрым словам, парадай ці капейкай будзе для яго вельмі важным і важкім. Звязацца з Андрэем Макоўскім можна праз электронную пошту andriejmakowski@gmail.com.

Гісторыі
Як беларускі навуковец з расейскім пашпартам адседзеў у Беларусі, стаў чужым і праз вайну захрас у Кіеве
2022.05.20 08:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў