Палітвязня Анджэя Пачобута ўзнагародзілі медалём «75-годдзя місіі Яна Карскага»


Палітычнага вязня Анджэя Пачобута ўзнагародзілі медалём «75-годдзя місіі Яна Карскага». Цырымонія ўзнагароджвання прайшла ў Любліне, а замест зняволенага журналіста медаль атрымліваў ягоны брат Станіслаў Пачобут. Пра гэта паведамляе «PolskieRadio».

Акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам у Беластоку.
Фота: Белсат

Таварыства Яна Карскага такім чынам выказвае салідарнасць са зняволеным журналістам. Рашэнне аб узнагароджанні стала рэакцыяй на той ціск, які зазнае Анджэй Пачобут у наваполацкай калоніі. Нагадаем, нядаўна стала вядома, што наступныя паўгода Пачобут мае правесці ў ПКТ – памяшканні камернага тыпу.

«Я не адчуваю сябе вартым атрымаць гэты медаль, у галаве ўвесь час круцяцца дзіўныя думкі, што Анджэй забраў бы яго лепш. Я не зраблю гэта так добра, як ён. Надзея заўсёды памірае апошняй, мы верым, што ўрэшце муры абрынуцца і ўсе выйдуць. У Беларусі цяпер больш за 1400 прызнаных палітзняволеных і амаль столькі ж непрызнаных, якія не звярнуліся па дапамогу і не сказалі, за што знаходзяцца ў турме», – сказаў у сваёй прамове Станіслаў.

Таксама ўзнагароду атрымаў віцэ-маршалак Люблінскага ваяводства Збігнеў Вайцяхоўскі «за салідарнасць і дапамогу братнім народам Украіны і Беларусі».

Медаль «75-годдзя місіі Яна Карскага» быў заснаваны ў гонар выбітнага польскага дзяча, удзельніка руху супраціву Яна Карскага. Падчас Другой сусветнай вайны Карскі на акупаванай тэрыторыі дакументаваў факты масавага знішчэння габрэйскага насельніцтва гітлераўскім рэжымам. За сваю дзейнасць, накіраваную на раскрыццё праўды аб Галакосце, ён быў ушанаваны званнем Праведнік свету.

Усяго было зроблена толькі 30 медалёў, Анджэй Пачобут узнагароджаны медалём № 26.

Нагадаем: Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Горадні пасля ператрусу ў ягоным доме. З таго часу журналіст пабываў у СІЗА Менску, Жодзіна і Горадні. 8 лютага 2022 года Пачобута засудзілі на 8 гадоў калоніі, а 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязня перавялі ў наваполацкую калонію № 1.

Анджэя Пачобута абвінавацілі паводле арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») і арт. 130 КК РБ («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці»). У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што ў медыях Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Крымінальнымі таксама палічылі ягоныя заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі і артыкулы ў выданні «Gazeta Wyborcza» пра беларускія пратэсты ў 2020-м.

Hавiны
Палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут бліжэйшыя 6 месяцаў правядзе ў памяшканні камернага тыпу
2023.08.17 19:05

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў