Літва можа павялічыць тэрмін дзеяння пашпартоў замежнікаў для беларусаў да трох гадоў


МУС Літвы прапануе Сейму зрабіць больш працяглым тэрмін дзеяння пашпартоў, якія выдаюцца іншаземцам у краіне. Гэта стане адказам на рашэнне Менску не дазваляць беларусам абменьваць пашпарты за мяжой, перадае BNS.

Беларусы на мітынгу ў Літве.
Фота: Белсат

Намеснік міністра ўнутраных спраў Арналдас Абрамавічус распавёў, што літоўскі Сейм мог бы падоўжыць тэрмін дзеяння пашпарта замежніка да трох гадоў. Зараз іх выдаюць тэрмінам на год, а пасля сканчэння трэба рабіць новы.

Аднак выдаваць яго будуць толькі тым, хто не можа вярнуцца ў Беларусь з палітычных ці гуманітарных прычынаў.

«Мы гаворым толькі пра людзей, якія ўцякаюць ад рэжыму, мы не гаворым пра кіроўцаў грузавікоў, іншых працоўных. Менавіта тут апазіцыі даецца такая магчымасць – для тых, у каго ёсць дазволы на пражыванне на гуманітарных падставах», – сказаў Абрамавічус.

Таксама пра гэта заяўляла дырэктарка літоўскага Дэпартаменту міграцыі Эвеліна Гудзінскайце. Яна паведаміла, што ў звязку з гэтым дэпартамент будзе вымушаны правесці дадатковыя ацэнкі. Усё гэта, на думку, Гудзінскайце, можа выклікаць дадатковую нагрузку на Дэпартамент міграцыі, якая і без таго вельмі высокая.

На думку чыноўніцы, складана сказаць дакладна, у колькіх беларусаў у Літве ўзнікне патрэба ў новым пашпарце, але гаворка вядзецца пра некалькі тысяч.

Раней улады Літвы заяўлялі, што не плануюць мяняць працэдураў выдачы беларусам пашпартоў замежнікам. Але каб атрымаць гэты дакумент, спатрэбіцца абгрунтаваць, чаму грамадзянін не можа аформіць пашпарта на радзіме.

Нагадаем, 7 верасня пачаў дзейнічаць указ Лукашэнкі, паводле якога консульствы і амбасады больш не могуць выдаваць пашпарты і афармляць некаторыя іншыя дакументы беларусам замежжа. Для атрымання, абмену або падаўжэння тэрміну дзеяння пашпарта давядзецца ехаць у Беларусь.

Разбор
Што трэба ведаць пра адмову выдаваць і працягваць беларускія пашпарты за мяжой
2023.09.05 19:21

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў