У Літве беларусам абяцаюць выдаваць пашпарты замежнікаў. Але не ўсім


У літоўскім Дэпартаменце міграцыі заявілі, што беларусы, якія ўцякалі ад рэжыму Лукашэнкі, змогуць атрымліваць пашпарты замежнікаў. Але гэта датычыць толькі тых, хто не можа вярнуцца ў Беларусь з палітычных ці гуманітарных прычынаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: migration.lt

«Гэта вельмі важная навіна. Хто баіцца вяртацца ў Беларусь, у паніцы думаюць, што давядзецца рабіць. Але ёсць такі механізм – аформіць пашпарт замежніка. І калі раней мы выдавалі некалькі дзясяткаў такіх пашпартоў за год, то цяпер іх будзе нашмат больш», – заявіла дырэктарка літоўскага Дэпартаменту міграцыі Эвеліна Гудзінскайце.

На думку чыноўніцы, складана сказаць дакладна, колькі такіх беларусаў жыве ў Літве, «але вядзецца пра некалькі тысяч, у якіх можа ўзнікнуць патрэба».

Пры гэтым у ведамстве падкрэслілі, што пашпарт замежніка могуць выдаць толькі тым беларусам, якія не маюць магчымасці вярнуцца ў Беларусь з гуманітарных ці палітычных прычынаў. У звязку з гэтым дэпартамент будзе вымушаны правесці дадатковыя ацэнкі.

Усё гэта, на думку, Гудзінскайце, можа выклікаць дадатковую нагрузку на Дэпартамент міграцыі, якая і без таго вельмі высокая.

Нагадаем, што грамадзяне Расеі і Беларусі, якія прэтэндуюць на атрыманне віду на жыхарства ў Літве, павінны з канца 2022 года запаўняць адмысловую анкету. У яе сярод іншага ўваходзяць пытанні пра стаўленне да вайны ва Украіне і аб прыналежнасці Крыму. У выпадку, калі чалавек адмаўляецца запоўніць анкету або не адказвае на ўсе пытанні, ягонай заяўкі на атрыманне візы або віду на жыхарства не прымаюць.

Таксама ўлады Літвы заяўлялі, што не плануюць мяняць працэдураў выдачы беларусам пашпартоў замежнікам. Каб атрымаць гэты дакумент, спатрэбіцца абгрунтаваць, чаму грамадзянін не можа аформіць пашпарта на радзіме.

Каментар
У Літве абяцаюць не абмяжоўваць выдачы праязных дакументаў беларусам без пашпартоў
2023.09.06 19:21

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў