Беларусы ўмеюць дапамагаць: словы беларускай рэвалюцыі


«Белсат» працягвае згадваць галоўныя словы і сімвалы беларускай рэвалюцыі, тыя факты і падзеі, якія ўвойдуць у падручнікі найноўшай гісторыі Беларусі і даюць дакладна зразумець: як было раней – ужо не будзе.

Інфаграфіка: Белсат

Літара В: Валанцёры

З пачаткам пратэстаў у Беларусі востра паўстала неабходнасць дапамогі затрыманым і іхнымі сем’ям. Неабыякавыя людзі пачалі аб’ядноўвацца, каб весці спісы затрыманых і сачыць за судамі, падказваць родным, як збіраць перадачы, сустракаць арыштантаў пасля вызвалення з ежай і цёплымі рэчамі. Пачалі стварацца адмысловыя тэлеграм-каналы і чаты, якія паступова перараслі ў паўнавартасную сістэму дапамогі. Валанцёрскі рух ахапіў сотні чалавек. І гэта стала, бадай, самай важнай ініцыятывай апошняга года.

«Хвалі» валанцёрства ўздымаліся з кожнай новай успышкай гвалту ў краіне. Першы стыхійны лагер валанцёраў утварыўся каля ізалятару на Акрэсціна адразу пасля выбараў. З 10 да 15 жніўня ўдзень і ўначы там дзяжурылі трое чалавек, пасля пачалі далучацца новыя людзі.

Інфаграфіка
Акрэсціна: сімвал эвалюцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Галоўныя словы беларускай рэвалюцыі
2021.08.20 15:13

«Мы ўсе вельмі жорсткія неўротыкі, у нас ёсць унутраны боль, які пастаянна адгукаецца і просіць дапамагаць іншым. Ад пачатку ў нас было вялікае ўзаемаразуменне ў камандзе. Усе выкладаліся напоўніцу. Хтосьці быў гатовы стаяць цэлы дзень на спёцы і раздаваць страйкоўцам улёткі. А хтосьці хацеў падтрымліваць тых, хто раздаваў улёткі, – вадою, ежаю, давозам. Выходзіш з хаты а 9-й, 10-й раніцы, вяртаешся позняй ноччу», – распавядалі «Белсату» валанцёры.

Дзякуючы ім затрыманыя і іх родныя маглі атрымаць першую медычную дапамогу, а таксама дапамогу юрыстаў, псіхолагаў, магчымасць даехаць дадому пасля вызвалення ці падладаваць тэлефон, каб пазваніць блізкім. Станавіліся валанцёрамі самыя розныя людзі, напрыклад, некаторыя дактары прыязджалі ўвечары пасля працы да ізалятару, каб прафесійна дапамагаць людзям. У самыя «гарачыя» дні некаторыя валанцёры былі настолькі пагружаныя ў працэс дапамогі, што спалі максімум па тры-чатыры гадзіны.

Тыя, хто выйшаў з СІЗА ў Жодзіна. Валанцёры рыхтуюць перадачкі для тых, хто застаецца ў СІЗА ў Жодзіна, Беларусь. 13 жніўня 2020 году. Фото: АВ / Vot Tak TV / Белсат

«Ты бачыш людзей з гематомамі, гузакамі, у разарванай і скрываўленай адзежы. Але не пытаеш яго пра перажытае. Толькі калі чалавек хацеў распавесці, то мы слухалі. Было надзвычай цяжка бачыць людзей, якія выходзілі з СІЗА. Раней я з такім не сутыкаўся. Пустыя вочы хлопцаў, якія не разумелі, што гэта было. Яны паказвалі ўсе свае раненні, але глядзелі нібыта скрозь цябе. Як зомбі ў фільмах. Гэта было балюча. Гэтага не забыць», – распавёў «Белсату» адзін з валанцёраў.

Валанцёры сталі пасярэднікамі паміж супрацоўнікамі ізалятараў і роднымі затрыманых. Такая праца аказалася няпростай: часта ў сваякоў здараліся зрывы, прыходзілася шукаць агульную мову з работнікамі сістэмы ды пастаянна балансаваць на гэтай мяжы.

«У кожнай турме супрацоўнікі па-рознаму рэагуюць. Недзе прасцей, недзе… значна складаней. Хлусілі, што выйдуць і хутка дадуць спіс затрыманых. Адзінае, што мы можам рабіць, – бясконца дзяўбсці гэтымі спісамі», – распавядаюць валанцёры.

Хтосьці праз нейкі час сыходзіў, хтосьці далучаўся, але валанцёрскі рух не прыпыняўся ні на хвіліну. Беларусы паказалі ўсяму свету, што ўмеюць дапамагаць. Часта – ананімна і не чакаючы ўдзячнасці ў адказ.

Касцяк валанцёраў складае каля 30 чалавек. Сярэдні ўзрост – 30 гадоў.

«Цягам паўгода ўсе нядзелі ў мяне, лічы што, выкінутыя з жыцця. Асабліва калі былі тысячы затрыманых. Кладзёмся спаць, калі ўсе аўтазакі едуць на Акрэсціна. Рэсурс з’яўляецца нібыта аднекуль. Некаторыя валанцёры прадавалі свой бізнес і дарагія машыны, каб дапамагаць іншым. Не маглі аніяк інакш. Спачатку блізкія не разумелі, навошта я гэта раблю. Цяпер або прынялі, або змірыліся. У кожным разе, здацца не дазваляе сумленне. Людзі выходзяць на маршы. Іх збіваюць, затрымліваюць, садзяць. Ты хочаш паказаць: вы не самотныя», – распавядаў у студзені адзін з валанцёраў.

15 ліпеня 2021 валанцёры прыпынілі дзяжурства каля Акрэсціна праз узмацненне рэпрэсіяў з боку дзяржавы. Аднак за ўвесь час сваёй дзейнасці яны дапамаглі тысячам чалавек – затрыманым і іхным сем’ям.

СП belsat.eu

Артыкулы
Віктар Бабарыка пра беларускую рэвалюцыю: «Не спыняйцеся! Лёгкім бывае толькі шлях у рабства»
2021.08.31 12:30
Стужка навінаў