Што трэба ведаць пра аэрадром у Зябраўцы. Афіцыйна там адбылося «ўзгаранне рухавіка»


У ноч з 10 на 11 жніўня ў раёне аэрадрому «Зябраўка» былі заўважныя выбухі і выбліскі. Belsat.eu распавядае гісторыю савецкай авіябазы, якая ў 2022 годзе стала фактычна галоўным месцам канцэнтрацыі расейскай тэхнікі на Гомельшчыне і выкарыстоўваецца для агрэсіі супраць Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аэрадром «Зябраўка». Крыніца: ukranews.com

У савецкі час

Зябраўка месціцца за 10 км ад Гомля і прыкладна за 50 км ад украінскай мяжы. Вайсковую базу стратэгічнай (дальняй) авіяцыі там пачалі ствараць яшчэ ў сталінскі час – у 1952 годзе. Там быў пабудаваны вялікі аэрадром, а таксама і вайсковы гарадок. Цягам 32 гадоў у Зябраўцы быў размешчаны адзін з найбуйнейшых вайсковых гарнізонаў на Гомельшчыне. Пасля распаду СССР база дзейнічала яшчэ тры гады і падпарадкоўвалася наўпрост Маскве. У жніўні 1994 года базу пакінуў апошні расейскі Ту-22, і база была нарэшце закрытая. Паводле легенды, на фюзеляжы аднаго з самалётаў расейскія лётчыкі напісалі тады пафасны тэкст: «Прабач нас, беларуская зямля! Не мы цябе з Расеяй разлучылі». Дзейныя вайскоўцы накіраваліся да новых месцаў службы, а шмат якія афіцэры ў адстаўцы з сем’ямі засталіся жыць на Гомельшчыне.

Пасля гэтага Зябраўка стала цывільным паселішчам. Вайсковы аэрадром пасля 1994 года пуставаў. Узлётная паласа выкарыстоўвалася толькі аматарамі аўтагонак і малой авіяцыі – на пляцоўцы, у прыватнасці, ладзіў свае мерапрыемствы гомельскі авіяклуб. Казармы часткова былі знесеныя, але жылы сектар у вайсковым гарадку застаўся, там працягвалі жыць людзі. Як пісала газета «СБ-Беларусь сегодня» ў 2004 годзе, «Зябраўка» пераўтварылася ў класічнае прадмесце Гомля: мясцовыя ў асноўным працавалі ў абласным цэнтры, а некаторыя гамельчукі набывалі там кватэры, «каб жыць у цішыні, на свежым паветры».

Канцэнтрацыя сілаў перад уварваннем

Цішыня ў Зябраўцы скончылася на пачатку 2022 года, калі там пачалі размяшчаць расейскіх вайскоўцаў, якія рыхтаваліся да ўварвання ва Украіну.

Пра тое, што на закінутай базе «Зябраўка» канцэнтруецца тэхніка і жывая сіла, распавяло гомельскае выданне «Флагшток» 6 лютага 2022 года. Пасля выхаду той публікацыі сайт выдання быў амаль адразу заблакаваны Міністэрствам інфармацыі Беларусі.

Скачкі з парашутам ля аэрапорту «Зябраўка».
Фота: Прыжки с парашютом в Гомеле (SkyDive Gomel) / VK

Паводле інфармацыі «Флагштоку», старая вайсковая база была ачэпленая міліцыяй яшчэ ў 20-я дні студзеня – то бок, ужо праз некалькі дзён пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка абвесціў правядзенне супольных вучэнняў «Саюзная рашучасць» і ў Беларусь пачалі прыбываць расейскія вайсковыя эшалоны. Праўда, у афіцыйных планах вучэнняў Зябраўкі не было. 3 лютага райвыканкам Гомельскага раёну, куды ўваходзіць Зябраўка, і кіраўніца раённага Савету дэпутатаў апублікавалі просьбу не распаўсюджваць інфармацыю аб перасоўванні калонаў вайсковай тэхнікі.

Паводле відавочцаў, напярэдадні ўварвання ва Украіну вайсковы гарадок у Зябраўцы быў літаральна «перапоўнены вайскоўцамі». Частка расейскіх жаўнераў жыла ў палявым лагеры, частка – у самім вайсковым гарадку. Узлётную паласу актыўна рамантавалі і чысцілі. Нягледзячы на тое, што аэрадром 28 гадоў не выкарыстоўваўся, а дзе-нідзе паміж бетоннымі плітамі прабівалася трава, захавалася ўзлётная паласа выдатна.

Аналітыка
Атака на авіябазу ў Крыме: чым нанеслі ўдар і што гэта значыць
2022.08.11 08:30

Спачатку ў Зябраўцы канцэнтравалася расейская бранятэхніка, якая потым брала ўдзел ва ўварванні ва Украіну, Быў разгорнуты мабільны палявы шпіталь. Пазней там сталі базавацца расейскія баявыя верталёты Мі-28 і вайскова-транспартныя верталёты Мі-8.

Пасля правалу расейскага наступлення на Кіеў, адводу войскаў з кіеўскага і чарнігаўскага кірункаў, расейскія верталёты пакінулі Зябраўку. Але ў красавіку з’явіліся ракетныя сістэмы, і пачалі фіксавацца запускі ракетаў.

Абстрэл 28 ліпеня і пераўтварэнне ў таемную базу

На пачатку ліпеня на спадарожнікавых здымках у Зябраўцы аналітыкі заўважылі дывізіён з 10 адзінак зенітна-ракетных комплексаў С-400 «Трыумф», два зенітныя комплексы «Панцыр-С1» і радыёлакацыйнае абсталяванне. Таксама, паводле Генштабу ЗСУ, у Зябраўцы размясцілі дывізіён аператыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр-М».

Паводле ўкраінскага боку, Зябраўку фактычна плануецца пераўтварыць у вайсковую базу РФ.

«Беларусь аддала поўны кантроль над аэрадромам Зябраўка. Расейцы ўладкоўваюць там сваю вайсковую базу. На тэрыторыі аэрадрому цяпер – ракетны дывізіён «Іскандэр-М» і С-400 «Трыуф», – заявіў 7 ліпеня начальнік Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ Аляксей Громаў.

Скачкі з парашутам ля аэрапорту «Зябраўка».
Фота: Прыжки с парашютом в Гомеле (SkyDive Gomel) / VK

З Зябраўкі ішлі абстрэлы тэрыторыі Украіны, у прыватнасці, 28 ліпеня. «Беларускі Гаюн» у той дзень зафіксаваў 25 запускаў ракетаў – імаверна, з АТРК «Іскандэр-М». Прадстаўнік украінскага Генштабу Аляксей Громаў тады заяўляў, што раніцай 28 ліпеня з тэрыторыі Зябраўкі быў абстраляны населены пункт Ганчароўскае ў Чарнігаўскай вобласці. Сярод украінскіх вайскоўцаў, што там дыслакаваліся, былі страты. Праўда, Громаў чамусьці казаў, што абстрэл вёўся з ракетных сістэмаў залпавага агню, хаця РСЗА ў Зябраўцы раней не заўважалі, і адлегласць для такога тыпу сістэмаў занадта вялікая.

Паводле праекту «Беларускі Гаюн», у ліпені ў Зябраўцы таксама зʼявіліся БМП і танкі, якія былі прыкапаныя і замаскаваныя, а расейскія вайскоўцы праводзілі там трэнаванне. Пры гэтым прыкладна ў той жа час «Флагшток» распавядаў, што ў Зябраўцы была заўважаная беларуская вайсковая тэхніка.

На сённяшні дзень Зябраўка застаецца фактычна галоўным месцам канцэнтрацыі расейскай тэхнікі на Гомельшчыне. Пры гэтым на афіцыйным узроўні пра выкарыстанне базы ў Зябраўцы ўлады Беларусі нічога не заяўлялі і не каментавалі знаходжання там расейскіх вайскоўцаў. Дастаткова сказаць, што адзінае згадванне «Зябраўкі» на сайце і ў тэлеграм-канале Міністэрства абароны Беларусі звязанае якраз з абвяржэннем інфармацыі пра выбухі ў ноч на 11 жніўня. Цікава, што пры гэтым Зябраўка ў паведамленні фігуруе не як база і не пункт дыслакацыі, а проста ўчастак мясцовасці, дзе «каля 23-й гадзіны падчас кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасля праведзенай замены рухавіка адбылося яе ўзгаранне».

Hавiны
Крыніцы: У Зябраўцы быў знішчаны расейскі радар
2022.08.11 14:57

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў