Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 11 жніўня


Больш за два гады ў Беларусі не спыняюцца маштабныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў з боку сілавікоў. «Белсат» штовечар робіць агляд рэпрэсіяў за дзень.

Следчы камітэт Беларусі ў перыяд з 9 жніўня 2020 года да 1 ліпеня 2022 года распачаў больш за 11 тысяч крымінальных справаў за «злачынствы экстрэмісткай накіраванасці».

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні аб’яднання беларускіх сілавікоў «BYPOL» з структурнымі падраздзяленнямі «Сітуацыйна–аналітычны цэнтр» і «Мабілізацыйны план. Перамога», якія ўваходзяць у яе, тэрарыстычнай арганізацыяй.

Рамана Пратасевіча дапыталі ў якасці сведкі на судзе па справе аб «захопе ўлады». Праўладныя СМІ паведамляюць, што Пратасевіч пацвердзіў знаёмства з Юрыем Зянковічам і Рыгорам Кастусёвым. Таксама, паводле слоў Пратасевіча, планавалася сустрэча Ціханоўскай і «змоўшчыкаў». Таксама ён распавёў, што «змоўшчыкі» бачылі адзін варыянт звяржэння ўлады – «сілавы з удзелам ваенных».

Сяргея Ціханоўскага перавялі на турэмны рэжым. Хутка яго этапуюць з калоніі.

Артыкулы
Сяргею Ціханоўскаму змянілі рэжым утрымання пад вартай
2022.08.11 19:18

Менскі гарадскі суд разглядзеў справу палітзняволенай Алены Несцяровіч, якая праходзіла абвінавачанай па «справе Зельцара». Яе абвінавацілі ў распальванне варожасці і абразе прадстаўніка ўлады. Суддзя Вера Галаўкова прызначыла ёй 2,5 года пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Беларуску Яну Пінчук пакуль не экстрадавалі ў Беларусь – яна застаецца ў Расеі і знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА. На тыдні з’явілася інфармацыя, што дзяўчыну экстрадавалі ў Беларусь.

У Гомлі 50-гадовага Міхаіла Лістападава, які збіраўся ўдзельнічаць у баявых дзеяннях ва Украіне, прыгаварылі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Асуджаны – грамадзянін Расеі, але пражываў у Салігорскім раёне. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Яго прызналі вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў падрыхтоўцы да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або канфлікце.

Артыкулы
Палітвязня Ігара Пыж’янава збіваюць і катуюць у калоніі
2022.08.11 11:54

У Менску распачаўся суд па справе антываеннага «рэйкавага партызана» Сяргея Глебкі. Ён быў затрыманы ў ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах разам з жонкай за падпал бярвення з мэтай перашкоды руху цягнікоў з тэхнікай і боепрыпасамі расейскіх войскаў. Яго абвінавачваюць у акце тэрарызму і наўмысным прывядзенне чыгуначных шляхоў зносін у непрыдатны стан. Сяргею пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Жыхару Горадні і палітвязню Аляксандру Лаўрэнцьеву прысудзілі 3 гады і 4 месяцы калоніі за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады. Падрабязнасці справы пакуль не вядомыя.

У Горадні затрымалі адміністратара Instagram-старонкі «Гродно для жизни» Яўгена Стральчэню. Паводле сілавікоў, 36-гадовы жыхар Горадні распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы і асабістыя дадзеныя больш за 2000 супрацоўнікаў міліцыі, а таксама ўдзельнічаў у акцыях пратэсту пасля выбараў і адміністраваў Instagram-старонку.

Меркаванні
Дзе мы былі два гады таму
2022.08.11 12:12

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў