«Беларусь – гэта не Крым». Ці магла Украіна нанесці ваенны ўдар па аэрадроме ў Гомельскай вобласці?


Што думаюць украінскія вайсковыя адмыслоўцы пра магчымасць нападу Кіева на тэрыторыю Беларусі? Журналісты «Белсату» пагутарылі пра выбух у Гомельскай вобласці з мясцовымі жыхарамі, а таксама з украінскімі экспертамі.

Аэрадром «Зябраўка». Скрыншот: Google maps

У ноч з 10 на 11 жніўня ў раёне аэрадрому «Зябраўка» былі заўважныя выбухі і выбліскі. У Міністэрстве абароны Беларусі заявілі, што «10 жніўня каля 23:00 падчас кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасля праведзенай замены рухавіка адбылося яе ўзгаранне». Пацярпелых няма. Раней, 9 жніўня на крымскім аэрадроме «Сакі», што за 200 кіламетраў ад лініі фронту, адбылася серыя магутных выбухаў, і рэакцыя расейскага боку была такая самая, як і беларускіх вайскоўцаў, – адмаўленне датычнасці ўкраінскага боку.

У Генштабе Украіны адкінулі датычнасць украінскіх войскаў да выбухаў на аэрадроме ў Гомельскай вобласці і ў Крыме.

«Раздзьмулі з мухі слана»

Назву Зябраўка мае як аэрадром, так і дзве вёскі побач: за 750 метраў на паўднёвы ўсход ад узлётнай паласы пачынаецца вёска Зябраўка Зябраўскага сельсавету Гомельскага раёну, а за 2,5 км на поўнач – пасёлак Зябраўка Прыбыткаўскага сельсавету Гомельскага раёну.

У першай Зябраўцы два мясцовыя жыхары расказалі «Белсату», што ніякіх выбухаў не чулі. Трэці кажа, што ведае: на аэрадроме сапраўды было ўзгаранне ў нейкім танку, але яно ліквідаванае, населеных пунктаў гэта не закранула, у абедзвюх Зябраўках ніякіх праблемаў не было. На пытанне, ці не павыбівала вокны ў бліжэйшых дамах ад «хлапкоў», ён адказаў: «Вы што, смеяцеся, якія вокны?» І дадаў: «Раздзьмулі з мухі слана, я вам так скажу».

Афіцыйных каментароў украінскага боку пакуль не было. Але дарадца міністра абароны Украіны Аляксей Капыцька жартаваў: на аэрадроме «Зябраўка» праходзяць «раней неаднаразова анансаваныя вучэнні СПА і ВПС», таму «любыя хлапкі і да т. п. – выключна ў межах гэтых вучэнняў».

Ці ёсць сэнс украінскім войскам страляць па «Зябраўцы» або ладзіць там дыверсіі менавіта цяпер?

Украінскі вайсковы эксперт Ігар Раманенка, генерал-лейтэнант ЗСУ ў адстаўцы і да 2010 года намеснік начальніка Генеральнага штабу ЗСУ, адказаў «Белсату» так: «Беларусь – гэта не Крым». Ён згадвае, што заходнія саюзнікі Украіны цяпер асцярожна ставяцца нават да Крыму (тэрыторыі Украіны, якую Расея лічыць сваёй), таму не даюць Украіне зброі, якая можа выкарыстоўвацца па Крыме і тэрыторыі Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: armyinform.com.ua

Але Украіна, кажа Раманенка, можа і будзе выкарыстоўваць усе магчымасці супраць якога заўгодна ворага. Украіна кіруецца законамі, у тым ліку законам «Пра асновы нацыянальнага супраціву», які набыў моц 1 студзеня і апісвае ў тым ліку дзейнасць Сілаў спецыяльных аперацыяў: ім дазволена дзейнічаць у дзяржавах, якія праявілі агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны.

«Раней ці пазней, але трэба будзе адказваць вайсковаму і палітычнаму кіраўніцтву Беларусі за тое, што яны рабілі пасля 24 лютага адносна нашай краіны і нашых збройных сілаў, – разважае Раманенка. – Калі там на вайсковых аб’ектах ці зенітна-ракетных комплексах будуць «хлапкі», як кажуць расейцы, і гэта будзе спрыяць узмацненню нашай абароны і пагаршэнню абароны праціўніка, яго дзейнасці ці патэнцыялу, гэта будзе для нас добра. І мы будзем рабіць усё, каб гэта адбывалася».

Аналітыка
Што трэба ведаць пра аэрадром у Зябраўцы. Афіцыйна там адбылося «ўзгаранне рухавіка»
2022.08.11 16:05

Падобным чынам разважае ўкраінскі вайсковы эксперт Віктар Ягун, генерал-маёр Службы бяспекі Украіны ў адстаўцы, які да чэрвеня 2015 года быў намеснікам кіраўніка СБУ. Ён удакладняе, што менавіта СБУ не мае права працаваць у іншых дзяржавах, але Сілы спецыяльных аперацыяў сапраўды працуюць за межамі Украіны на тэрыторыі праціўнікаў – гэта не сакрэт, пра тое пісалі сярод іншага замежныя медыі.

«Усё можа быць, чакаем афіцыйнага паведамлення ад Збройных сілаў Украіны, – кажа ён. – Але давайце шчыра: ну колькі можна? З 24 лютага Беларусь выкарыстоўваецца па поўнай праграме для нападу на Украіну. Якая можа быць перасцярога, каб не напасці на вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Беларусі? Маральна-псіхалагічная – у мяне яе няма. Калі была б магчымасць ударыць па палацы так званага прэзідэнта Лукашэнкі, я б гэта зрабіў. Няма ніякіх фактараў стрымлівання, каб ударыць па вайсковых аб’ектах. Я ж не кажу пра цывільныя».

Што яшчэ кажуць у Кіеве?

Здарэнні на вайсковых базах у Гомельскай вобласці і ў Крыме пракаментаваў і Міхаіл Падаляк.

«Эпідэмію тэхнічных здарэнняў на ваенных аэрадромах у Крыме і Беларусі варта разглядаць як папярэджанне расейскай арміі зверху: забудзьцеся пра Украіну, здымайце форму і сыходзьце. Ні ў акупаваным Крыме, ні ў акупаванай Беларусі вы не зможаце пачувацца ў бяспецы. Карма ўсюды знойдзе», – напісаў у Тўітэры дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

Паводле ўкраінскага боку, Зябраўку дэ-факта плануюць ператварыць у вайсковую базу РФ.

«Беларусь аддала поўны кантроль над аэрадромам Зябраўка. Расейцы ўладкоўваюць там сваю вайсковую базу. На тэрыторыі аэрадрому цяпер – ракетны дывізіён «Іскандэр-М» і С-400 «Трыумф», – заявіў 7 ліпеня начальнік Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ Аляксей Громаў.

«Defence Blog» са спасылкаю на крыніцы, звязаныя з выведкай, паведаміў, што на авіябазе Зябраўка пад Гомлем уночы 11 жніўня быў узарваны расейскі шматмэтавы радар кіравання агнём.

Ва ўмовах вайны мы не можам праверыць гэтай інфармацыі.

Hавiны
Крыніцы: У Зябраўцы быў знішчаны расейскі радар
2022.08.11 14:57

АА belsat.eu

Стужка навінаў