Атака на авіябазу ў Крыме: чым нанеслі ўдар і што гэта значыць


9 жніўня на крымскім аэрадроме «Сакі», што за 200 кіламетраў ад лініі фронту, адбылася серыя магутных выбухаў. Падзея гэта беспрэцэдэнтная: упершыню з пачатку вайны ўдар нанеслі па расейскай вайсковай базе ў анексаваным Крыме, і ўпершыню гаворка пра настолькі глыбокі тыл. Belsat.eu разбіраўся, што адбылося ў Крыме і да чаго гэта можа прывесці. 

Дым падымаецца над аэрадромам «Сакі» пасля магутных выбухаў каля курортнага паселішча Навафёдараўка, Крым. 9 жніўня 2022 года.
Фота: UGC / AP / East News

Аэрадром «Сакі» каля курортнай Навафёдараўкі – ключавая расейская авіябаза ў Крыме. Аэрадром актыўна выкарыстоўваўся для бамбавання тэрыторыі Украіны, а таксама для дастаўкі вайсковых грузаў у Крым. Там быў размешчаны 3-і знішчальны авіяцыйны полк, у складзе якога ўваходзяць самалёты Су-30СМ, Су-33 і бамбавікі Су-24М.

Удзень 9 жніўня на аэрадроме «Сакі» адбылася серыя магутных выбухаў, з базы паваліў густы дым. Выбухі былі такой магутнасці, што за сотні метраў ад базы былі знішчаныя аўтамабілі, пашкоджаныя больш за 60 дамоў і каля 20 камерцыйных аб’ектаў. На кадрах, што трапілі ў сеціва, відаць, як адпачывальнікі ў паніцы пакідаюць пляж. Ужо праз некалькі гадзінаў пасля нападу медыі паведамлялі, што побач з Крымскім мастом у кірунку на выезд з Крыму сабралася велізарная колькасць аўтамабіляў.

Была абвешчаная эвакуацыя насельніцтва з тэрыторыі вакол вайсковай часткі. Каля Навафёдараўкі зарганізавалі пяцікіламетровую зону ачаплення. Паводле расейскіх уладаў, у выніку выбухаў загінуў адзін чалавек, 14 атрымалі траўмы, у тым ліку двое няпоўнагадовых.

Маштабы вайсковых стратаў ацаніць складана, але, імаверна, яны былі даволі сур’ёзныя. На спадарожнікавых здымках «Planet Labs», зробленых прыблізна за чатыры гадзіны да здарэння, відаць вялікая колькасць расейскай ваеннай авіяцыі і склады. Міністэрства абароны Украіны на наступны дзень паведаміла, што за содні Расея страціла 9 баявых самалётаў. Праўда, у ведамстве не ўдакладнілі, дзе гэта адбылося і пры якіх абставінах.

Спадарожнікавы здымак «Planet Labs PBC» паказвае аэрадром «Сакі» за некалькі гадзінаў да выбухаў. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Planet Labs PBC / AP / East News

Рэакцыя Масквы і Кіева

У Міністэрстве абароны Расеі патлумачылі здарэнне дэтанацыяй боепрыпасаў у выніку парушэння правілаў пажарнай бяспекі. Там падкрэслілі, што ніякага «агнявога ўздзеяння» не было, авіяцыйная тэхніка на аэрадроме нібыта не пашкоджаная і ніхто не пацярпеў. Заява відавочна абсурдная: калі ў выніку «дэтанацыі» былі пашкоджаныя дамы каля базы, атрымалі раненні мясцовыя жыхары, то немагчыма ўявіць, каб наступстваў для самой базы і яе асабовага складу не было.

Версію пра «банальнае парушэнне правілаў пажарнай бяспекі» адразу падхапілі вядомыя пракрамлёўскія выданні. Газета «Коммерсант» паведаміла, што пажар адбыўся праз «курэнне ў неналежным месцы». Маргарыта Сіманьян патлумачыла ўсё «галавацяпствам» і заклікала вяртацца на крымскія пляжы.

Хаваць свае ваенныя паразы за эўфемізмамі сталася ўжо традыцыяй пуцінскай Расеі. Раней такім жа чынам (парушэнне тэхнікі бяспекі) расейскія ўлады патлумачылі патапленне флагманскага крэйсера Чарнаморскага флоту «Масква». Хаця насамрэч ён быў знішчаны ўкраінскаю ракетаю «Нэптун».

Але афіцыйны Кіеў таксама не стаў браць на сябе адказнасці за атаку на аэрадром «Сакі».

«Мы тут пры чым? Гэта, магчыма, кампенсаторныя механізмы неэфектыўнага кіравання ўнутры Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі», – заявіў у эфіры «Дождя» дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк.

Міністэрства абароны Украіны з непрыхаваным сарказмам заявіла, што не ведае прычынаў узгарання на аэрадроме, аднак «каторы раз нагадвае аб правілах пажарнай бяспекі і забароне курыць у неналежных месцах». Пажартавала на гэты конт і Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў, нагадаўшы расейскаму МНС пра неабходнасць «прафілактыкі».

Аднак усе гэтыя каментары выглядалі, хутчэй, як тролінг Расеі, а не зняпраўджанне сваёй датычнасці. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў увечары 9 жніўня, што «гэтая вайна пачалася з Крыму і мусіць скончыцца Крымам». Падаляк у Twitter адзначыў, што «ўсё толькі пачынаецца».

Што адбылося насамрэч

Амерыканскае медыя The New York Times са спасылкаю на неназванага «высокапастаўленага ўкраінскага вайсковага чыноўніка з веданнем сітуацыі» паведаміла, што ўдар па крымскай авіябазе нанеслі ЗСУ. «Гэта была авіябаза, з якой рэгулярна ўзляталі самалёты для ўдараў па нашых войсках на паўднёвым фронце», – сказала крыніца выдання.

На тое, што выбухі на авіябазе былі вынікам украінскай атакі, указваюць і сведчанні відавочцаў. Суразмоўца РБК распавёў, што перад першым выбухам быў чуваць гук палёту і потым адразу ж ударная хваля. Як піша радыё «Свобода», на відэа, апублікаваных у сацсетках, відаць, што выбухі адбываюцца сінхронна ў розных частках аэрадрому. Усё гэта зняпраўджвае афіцыйную версію пра «дэтанацыю» ў выніку неасцярожнага курэння.

Імаверна, расейскае кіраўніцтва баіцца пашырэння звестак, што ЗСУ здольнае праводзіць такія атакі ў глыбокім тыле, бо гэта можа дэмаралізаваць насельніцтва, якое пераконваюць у «непераможнасці» расейскага войска. Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны тлумачаць, што Расея не схільная прызнаваць факту ўкраінскай атакі, бо гэта будзе прызнаннем неэфектыўнасці ўсёй сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Людзі стаяць ля крамы, дзе ўдарная хваля пасля выбуху на аэрадроме «Сакі» выбіла вокны. Навафёдараўка, Крым. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

Больш складана патлумачыць, чаму афіцыйны Кіеў не ўзяў на сябе адказнасці за гэтую атаку. Насамрэч ва ўкраінскага боку таксама ёсць досвед замоўчвання некаторых аперацыяў. Напрыклад, 1 красавіка ў расейскім Белгарадзе два верталёты нанеслі ўдар па нафтабазе. Расея абвінаваціла ў гэтым ЗСУ. Але Кіеў не стаў ні пацвярджаць, ні зняпраўджваць гэтых заяваў. У Міністэрстве абароны Украіны тады не без іроніі заўважылі, што, чыймі б ні аказаліся тыя «неапазнаныя верталёты», ЗСУ напэўна будуць ім удзячныя за якасна праведзеную працу.

Магчыма, украінскае кіраўніцтва лічыць, што ў некаторых сітуацыях нежаданне Масквы прызнаваць свае правалы ім нават выгаднае. Атакі на расейскую тэрыторыю або на аб’екты ў анексаваным Крыме могуць быць выкарыстаныя Крамлём у прапагандысцкіх мэтах для мабілізацыі насельніцтва на вайну. Але калі афіцыйна ўдараў нібытсупрацьрадыёлакацыённыяа не было, то і падставаў для надзвычайных захадаў не існуе. 

Чым ударыла Украіна

Аднак самае галоўнае пытанне – чым ударыла Украіна па аэрадроме «Сакі», што за 200 кіламетраў ад лініі фронту. Мяркуюць, што ў ЗСУ проста няма зброі, здольнай біць на такую адлегласць. Дакладнай інфармацыі на гэты конт пакуль няма, але ёсць некалькі версіяў.

Экс-дарадца кіраўніка МУС Віктар Андрусіў намякнуў, што ўдар мог быць нанесены амерыканскімі РСЗА HIMARS з выкарыстаннем ракетаў ATACMS, здольных знішчаць цэлі на адлегласці 300 кіламетраў:

«Што ж, можна ўжо адкрыта пісаць. Як вы маглі зразумець, ракеты з дальнасцю 200–300 км ужо ў нас на ўзбраенні і выкарыстоўваюцца».

Афіцыйна пра пастаўкі гэтых ракетаў не паведамлялася, і ЗША заяўлялі, што не маюць намеру іх перадаваць Украіне. Але нельга выключаць, што пастаўкі ажыццяўляюцца таемна.

Магчыма, падчас удару таксама магла выкарыстоўвацца іншая амерыканская зброя – супрацьрадыёлакацыйныя ракеты AGM-88 HARM. Звычайна яны запускаюцца з самалёта, іх максімальная далёкасць дзеяння – 145 кіламетраў. Пастаўкі Украіне гэтых ракетаў у Пэнтагоне раней пацвярджалі. Некаторыя эксперты лічаць, што пры дапамозе AGM-88 HARM была як раз прабітая «дзіра» ў расейскай супрацьпаветранай абароне.

Амерыканская прэса пакуль асцярожна каментуе гэтыя версіі. «The Washington Post» піша, што, імаверна, амерыканскія ракеты ў Крыме не выкарыстоўваліся. «New York Times» са спасылкаю на ананімныя крыніцы ў Міністэрстве абароны Украіны паведамляе, што ўдар па авіябазе быў нанесены зброяй выключна ўкраінскай вытворчасці.

Дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта Аляксей Арэстовіч таксама выказаў меркаванне, што выбухі ў Навафёдараўцы звязаныя з распрацоўкамі ўкраінскага вайскова-прамысловага комплексу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Узброеныя сілы Паўднёвай Карэі запускаюць ракету ATACMS падчас вучэнняў у Паўднёвай Карэі. 24 сакавіка 2022 года.
Фота: Defense Ministry / Zuma Press / Forum

Ёсць версія, што ЗСУ выкарысталі аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Гром-2», распрацаваны ў дняпроўскім КБ «Паўднёвае». АТРК «Гром» лічыцца вельмі перспектыўным праектам, комплекс здольны біць на адлегласці 280 кіламетраў. Праз нястачу фінансавання гэты праект так і не быў зрэалізаваны да пачатку вайны, афіцыйна на ўзбраенні ўкраінскай арміі такога АТРК няма. Але некаторыя медыі не выключаюць, што Украіна ў сакрэтным рэжыме ўсё ж здолела завершыць вытворчасць «Грома».

Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны ў сваю чаргу лічаць, што ЗСУ маглі выкарыстаць у Крыме мадыфікаваную версію сваёй ракеты «Нэптун» – гэта супрацькарабельная ракета, якою знішчылі крэйсер «Масква». Але ракета магла быць дапрацаваная для выкарыстання супраць сухаземных цэляў. Праўда, ніякіх пацверджанняў гэтаму зноў-такі няма.

Таксама агучваюцца версіі наконт дыверсійна-партызанскага нападу на базу. Напрыклад, намякалі на гэта Арэстовіч і Падаляк.

Як гэта паўплывае на хаду вайны

Знішчэнне аэрадрому ў Крыме – гэта поспех Украіны. Расея панесла не толькі матэрыяльна-тэхнічныя страты, але і палітычныя. Сітуацыя прадэманстравала няздольнасць абараніць нават Крым, праз які Крэмль не раз пагражаў свету ядраваю вайною. Зусім нядаўна намеснік сакратара Савету бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзяў паабяцаў, што ў выпадку ўкраінскіх атак на Крым «для іх усіх там аднамомантна наступіць судны дзень». А цяпер Расея робіць выгляд, што то быў не ўкраінскі ўдар, а «незагашаная цыгарэта». Для краіны, якая будуе сваю вонкавую палітыку на праве сілы, пагрозах і шантажы, гэта сапраўднае прыніжэнне.

Калі атака на аэрадром «Сакі» сапраўды праводзілася з выкарыстаннем ракетаў, гэта азначае, што ЗСУ атрымала зброю, якая здольная біць на 200–300 км. Такім чынам, Украіна можа наносіць удары па глыбокіх тылах расейскіх войскаў, што ў разы павялічвае магчымасці стварыць хаос у лагістыцы, знішчыць рэсурсы і шляхі забеспячэння праціўніка.

Гэтая акалічнасць змяняе расклад сілаў і ў выпадку ўступлення ў вайну беларускай арміі. Калі ЗСУ сапраўды атрымалі ракеты ATACMS, пад прыцэлам можа апынуцца значная частка тэрыторыі Беларусі. У тым ліку і большасць рэзідэнцыяў Аляксандра Лукашэнкі, як заўважыў аналітык iSANS Серж Харытонаў.

Аналітыка
Эфект HIMARS. Як заходняя зброя змяняе вайну паміж Украінай і Расеяй
2022.08.05 12:28

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў