Аблава на дэлегатаў «Сходу», скасаванне згоды на амбасадара ЗША і прысуд Кудзіну. Галоўнае за 11 жніўня


Belsat.eu падводзіць вынікі 11 жніўня – 368-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Аблава на дэлегатаў «Сход»

11 жніўня адбываецца «зачыстка» дэлегатаў «Сход»: паводле праваабаронцаў, з 55 дэлегатаў у Менску пра факты пераследу вядома ў адносінах да паловы з іх. Ператрусы адбыліся мінімум у 23 чалавек, у тым ліку ў былога амбасадара Беларусі ў Славаччыне Ігара Ляшчэні. Пасля выбараў ён асудзіў гвалт і пакінуў пасаду.

Дэлегат платформы «Сход» Ігар Ляшчэня.
Фота: «Наша Ніва»

Быў затрыманы прафесійны трэнер і трыятланіст Аляксей Адамовіч, таксама дэлегат «Сходу». Па яго прыйшлі на працу і павезлі дадому на ператрус, які ўчынілі згодна з пастановаю паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Пасля ператрусу спартоўца павезлі на допыт у КДБ, а 18-й гадзіне адпусцілі. Ён пад падпіскай аб неразгалошванні.

Імаверна, з працай «Сходу» звязана і затрыманне сакратара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніса Садоўскага. Увечары яго адпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні.

Абноўлена
У народных дэлегатаў платформы «Сход» адбываюцца ператрусы
2021.08.11 16:20

Платформа народных прадстаўнікоў «Сход» была створаная як альтэрнатыва праўладнаму «Усебеларускаму народнаму сходу» дзеля дыялогу паміж народам і ўладамі. Дэлегатаў на «Сход» абіралі беларусы пра інтэрнэт-пляцоўку.

Адказ на санкцыі ЗША

У адказ на ўвядзенне санкцыяў улады Беларусі адклікалі сваю згоду на прызначэнне Джулі Фішэр амбасадаркай ЗША ў Менску. Нагадаем, Джулі Фішэр прызначылі амбасадаркай у Беларусі са снежня 2020 года, аднак улады Беларусі не выдалі ёй візы для ўезду ў краіну, і таму дыпламатка працуе з Вільні.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр прыехала ў студыю «Белсат». Варшава, Польшча. 27 красавіка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Таксама ў МЗС прапанавалі амерыканскаму боку да 1 верасня скараціць колькасць працаўнікоў сваёй амбасады ў Менску да 5 чалавек.

«Улічваючы страту дзейнай амерыканскай адміністрацыяй даверу з боку Беларусі, узгадненне ўсіх новых праектаў, грантаў і праграмаў па лініі ўраду ЗША з нашага боку прыпыняецца да моманту вяртання такога даверу», – заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Швейцарыя далучылася да эканамічных санкцыяў Еўразвязу

Швейцарыя ўвяла абмежаванні адносна сектару нафтапрадуктаў, калію, доступу да фінансавага і банкаўскага рынку, а таксама тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці цыгарэтаў. Акрамя таго, санкцыі закранаюць «Белэранавігацыю» і паслугі страхавання для беларускіх дзяржорганаў. Таксама ўведзена эмбарга на пастаўкі абсталявання, якое можа выкарыстоўвацца для кантролю інтэрнэту ці тэлефонных размоў і тавараў падвойнага прызначэння.

Швейцарыя заклікае Беларусь прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека, вызваліць усіх адвольна затрыманых і расследаваць факты катаванняў і жорсткага абыходжання.

Прысуд Аляксею Кудзіну

Аляксей Кудзін.
Фота: mmaboxing.ru

Суддзя Вольга Дубовік прысудзіла удзельніку пратэстаў у Маладзечне, байцу ММА Аляксею Кудзіну 2,5 года калоніі. Гэта на год менш, чым запытваў пракурор Жук.

Аляксей Кудзін удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях у Маладзечне, падчас якіх адбыліся сутыкненні з сілавікамі. Пры затрыманні быў траўмаваны. За супраціў працаўніку органаў унутраных справаў на спартоўца завялі крымінальную справу, тады Кудзін уцёк з краіны. Затрымалі яго ў Расеі ды на запыт Генпракуратуры экстрадавалі ў Беларусь, нягледзячы на забарону Еўрапейскага суда правоў чалавека.

Сёння ж пракурор Уладзімір Рабаў запрасіў для палітзняволенага жыхара плошчы Пераменаў Сцяпана Латыпава пакаранне ў выглядзе 8,5 гадоў калоніі. Латыпава вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сваю віну ён не прызнае.

Артыкулы
Пракурор запытвае пакаранне для Сцяпана Латыпава: 8,5 гадоў калоніі
2021.08.11 17:36

Новыя затрыманні і крымінальныя справы

Сілавікі затрымалі трох менчукоў, якія 11 жніўня 2020 года падчас жорсткага разгону пратэстаў ля станцыі метро «Каменная горка» скінулі з агульнага гаўбца шматпавярховіка драўляныя дзверы. Такім чынам яны хацелі спыніць амапаўцаў, якія жорстка збівалі чалавека каля пад’езду.

Відэа інцыдэнту год таму трапіла ў сеціва. На запісу бачна, што, пераследуючы пратэстоўцаў, у двор забягае група сілавікоў: яны валяць на зямлю мужчыну, які падняў рукі над галавой, а затым пачынаюць яго збіваць дубінкамі і нагамі. Чуваць, што людзі з вокнаў патрабуюць спыніць збіццё. Пасля гэтага ўніз ляцяць дзверы, якія падаюць у некалькіх метрах ад сілавікоў.

Адзін з затрыманых. Крыніца: pressmvd / Telegram

Паводле МУС, дваім затрыманым па 23 гады, трэцяму – 24. Цяпер іх вінавацяць у пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да сілавікоў.

Сёння ў межах крымінальнай справы аб «распальванні сацыяльнай варожасці» былі затрыманыя трое жыхароў Чачэрску. 27-гадовага рабочага прыватнага прадпрыемства, 28-гадовага працаўніка мясцовага дому культуры і 19-гадовую студэнтку гомельскага ўніверсітэту затрымалі байцы абласнога ўпраўлення ГУБАЗіКу і мясцовай міліцыі.

У МУС сцвярджаюць, што затрыманыя ў розных грамадскіх месцах гораду Чачэрску 6 чэрвеня «расклеілі ўлёткі з заклікамі да масавых беспарадкаў, а таксама аб аказанні супраціву супрацоўнікам міліцыі».

Hавiны
У Чачэрску за пратэставыя ўлёткі затрымалі трох чалавек
2021.08.11 16:39

Акрамя таго, праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што сёння раніцаю сілавікі прыйшлі з ператрусамі на месцы прапіскі прынамсі да васьмі актывістаў і актывістак анархісцкага руху ў Менску, Кобрыне, Гомлі, Горадні, Быхаве ды іншых гарадах.

Hавiны
У гадавіну забойства Тарайкоўскага каля станцыі метро Пушкінская затрымалі хлопца, які хацеў ускласці кветкі
2021.08.11 10:34
Стужка навінаў