Як супольнікі ўратавалі СССР ад нацыстаў у найдраматычнейшы перыяд вайны


10 ліпеня Вялікая Брытанія дамовілася з СССР аб супольным змаганні з нацысцкай Нямеччынай і разам з амерыканцамі стала дапамагаць свайму новаму супольніку. У той момант дапамога адыграла важную ролю, хоць пазней у СССР яе пачалі прыніжаць. Сведкі тых падзеяў – савецкія газеты.

«Пагадненне паміж урадамі СССР і Вялікай Брытаніі аб супольных дзеяннях у вайне супраць Нямеччыны» было прынятае двума днямі пазней – 12 ліпеня. Дапамога ад супольнікаў прыйшла ў той час, калі нацысты акупавалі Беларусь і Украіну і ўжо былі на падыходзе да сталіцы Савецкага Саюзу, які тады ўжо страціў палову свайго прамысловага патэнцыялу. Пазней ролю ўзбраення і сыравіны, пастаўленых Вялікай Брытаніяй і ЗША ў СССР, будуць прыніжаць. Аднак савецкія газеты, на прыкладзе ўсесаюзных «Чырвонай зоркі» і «Праўды», сведчаць, наколькі істотнай была замежная дапамога, асабліва ў найбольш драматычны час вайны паміж СССР і нацысцкай Нямеччынай – з верасня да снежня 1941 года.

Ў. Чэрчыл: «Любы чалавек ці дзяржава, якія змагаюцца супраць нацызму, атрымаюць нашую дапамогу»

У першы ж дзень вайны нацысцкай Нямеччыны з СССР, 22 чэрвеня 1941 года прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Ўінстан Чэрчыл заявіў: «Любы чалавек ці дзяржава, якія змагаюцца супраць нацызму, атрымаюць нашую дапамогу». На наступны дзень з прапановай дапамогі Савецкаму Саюзу выступіў і прэзідэнт ЗША Фрэнклін Рузвэлт.

Пры гэтым США прапаноўвалі дапамогу і раней, калі актыўна рыхтаваліся да прыняцця «Закону аб ленд-лізе» (11 сакавіка 1941 года). Яшчэ 21 студзеня 1941 года намеснік дзяржсакратара Самнэр Ўэлз нагадаў савецкаму паслу ў Вашынгтоне Канстанціну Уманскаму пра прапанову Рузвэлта даць дапамогу, «калі Савецкі Саюз апынецца ў становішчы ахвяры агрэсіі». Але тады гэтыя словы савецкім бокам нават не разглядаліся ўсур’ёз. Праз паўгода становішча змянілася.

Прапанова ЗША аб дапамозе СССР, выказаная яшчэ 21 студзеня 1941 года. Крыніца: Foreign Relations of the United States. 1941. Vol. 1. Washington, 1958

Дапамога да «ленд-лізу»

10–12 ліпеня Вялікая Брытанія і СССР правялі перамовы і заключылі пагадненне аб супольных дзеяннях у вайне супраць Нямеччыны. Каб наладзіць сувязь паміж ЗША і СССР, 27 ліпеня ў Мурманск з шатландскага Інвэргордану, нягледзячы на пагрозу ад Люфтвафэ, вылецеў найбліжэйшы памочнік прэзідэнта Рузвэлта Гары Гопкінз. Ужо праз два дні Гопкінз сустракаўся з Іосіфам Сталіным з прапановаю дапамогі. Пры гэтым пастаўкі ўзбраення ў СССР да яго афіцыйнага ўваходу ў праграму «ленд-лізу» мусілі праходзіць пад прыкрыццём паставак дапамогі для Вялікай Брытаніі. Гопкінз і Сталін дамовіліся пра канферэнцыю ў Маскве напачатку кастрычніка дзеля заключэння афіцыйнай дамовы аб дапамозе.

16 жніўня паміж Вялікай Брытаніяй і СССР было падпісанае новае пагадненне – пра крэдыт на 10 млн фунтаў стэрлінгаў пад 3 % гадавых. Нягледзячы на паветраную вайну з Нямеччынай і недахоп самалётаў у Англіі, Чэрчыл згадзіўся прадаць СССР 200 знішчальнікаў, бо тыя страцілі большую частку вайскова-паветраных сілаў у першыя дні вайны.

31 жніўня ў Архангельск прыбыў першы канвой з Брытаніі. Ён даставіў пераважна сыравіну, кшталтам паліва і 10 тыс. тон каўчуку, 1500 тон чаравікаў, 3800 глыбінных бомбаў і магнітных мінаў, а таксама 15 знішчальнікаў «Гарыкейн» у разабраным выглядзе.

Савецкая эскадрылля знішчальнікаў «Гарыкейн». Восень 1941 года.
Фота: Марк Шэпард / raf-hurricanes-in-russia

3 верасня Іосіф Сталін звярнуўся да Ўінстана Чэрчыла з просьбай забяспечыць Савецкаму Саюзу «30 тысяч тон алюмінію да пачатку кастрычніка г. г. і штомесячную мінімальную дапамогу ў колькасці 400 самалётаў і 500 танкаў (малых і сярэдніх)». У іншым выпадку СССР рызыкаваў пацярпець паразу або быць аслабленым і «згубіць надоўга здольнасць аказваць дапамогу сваім супольнікам сваімі актыўнымі дзеяннямі на фронце барацьбы з гітлерызмам».

Маскоўская канферэнцыя і пачатак «ленд-лізу» для СССР

На фоне крытычнага становішча Чырвонай Арміі супольнікі пастанавілі паскорыць рыхтаванне канферэнцыі ў Маскве, куды дэлегацыя з ЗША дабіралася двума шляхамі – небам, праз тэрыторыю, кантраляваную Люфтвафэ, на бамбавальніку В-24, а таксама разам з англічанамі на цяжкім крэйсеры «Лондан». Газеты паведамлялі, што напярэдадні канферэнцыі ў Англіі быў зладжаны тыдзень вытворчасці танкаў для Савецкага Саюзу (22–28 верасня), падчас якога нават падоўжылі працоўны дзень і павысілі вытворчасць працы, каб вырабіць больш зброі. У Лос-Анджэлесе ў ЗША быў арганізаваны мітынг, каб падтрымаць СССР. На ім дамовіліся правесці 8 кастрычніка канферэнцыю ўсіх арганізацыяў гораду з мэтаю каардынацыі дапамогі СССР. Сярод шматлікіх прафзвязаў, што далучыліся, былі цырульнікі. Яны перадалі сваім дэлегатам наказ дамагацца ад ураду ЗША максімальнай матэрыяльнай дапамогі краінам, што змагаюцца з нацызмам.

Тыдзень танкаў для Савецкага Саюзу ў Англіі. Крыніца: Красная звезда

Маскоўская канферэнцыя завяршылася 1 кастрычніка. На ёй пастанавілі, што супольнікі забяспечаць Савецкі Саюз усім, у чым той мае «неадкладную патрэбу». Пры гэтым Сталін падзякаваў, у першую чаргу, за ўжо атрыманыя станкі і ўзбраенне. Да чэрвеня 1942 года штомесяц планавалася пастаўляць у СССР па 400 самалётаў (па 200 з Брытаніі і ЗША) і 2000 тон алюмінію. У сваю чаргу СССР абяцаў адпраўляць ім сыравіну для вырабу ўзбраення. З гэтага часу на Савецкі Саюз распаўсюджваўся амерыканскі «Закон аб ленд-лізе». Згодна яму, ленд-ліз – гэта сістэма перадачы ўзбраення, тэхнікі і іншых матэрыялаў на ўмовах пазыкі-арэнды. Пры гэтым, калі тыя страчаныя ў вайсковых дзеяннях, за іх не трэба плаціць. Усяго цягам 9 месяцаў амерыканцы збіраліся паставіць у СССР матэрыялы на суму 1 млрд долараў. Афіцыйна ж прэзідэнт Рузвэлт узгадніў далучэнне СССР, у дадатак да Вялікай Брытаніі і Кітаю, да «Закону аб ленд-лізе» 7 лістапада.

Падпісанне дакументаў Канферэнцыі трох краінаў у Маскве. Крыніца: Красная звезда

Адразу ж пасля канферэнцыі, якая мела і важнае псіхалагічнае значэнне для мабілізацыі насельніцтва, у газетах пачалі з’яўляцца паведамленні накшталт: «Нашыя сілы ўзрастаюць», «Ніякая сіла не зломіць Вялікі Антыгітлераўскі фронт», «Знішчым гітлераўскія орды!». У іх давалася слова простым людзям. Так, прасавальнік П. Каральчук з Харкава казаў: «Мы ўдзячныя ЗША і Англіі за аказаную дапамогу. Нашыя агульныя мэты – знішчэнне гітлераўскіх ордаў. Мой адказ на пастанову канферэнцыі прадстаўнікоў вялікіх дзяржаваў – СССР, Вялікай Брытаніі і ЗША – такі: яшчэ больш нястомна і ўпарта працаваць пры станку».

Маскоўская канферэнцыя ладзілася ў крытычны для СССР час, калі напачатку кастрычніка Чырвоная Армія пацярпела паразу пад Вязьмай, страціўшы больш за 660 тысяч палоннымі, 1200 танкаў і каля 5500 гарматаў. На той час у складзе трох франтоў, што абаранялі Маскву, заставалася толькі 389 спраўных самалётаў. Пакуль жа нацысты прарываюцца да сталіцы і цяжкія баі разгортваюцца на Марыупальскім кірунку, савецкія газеты змяшчаюць нататку, што 70 тысяч тэкстыльнікаў і 120 тысяч тэкстыльніц Манчэстэра і Лэнкашыру дасылаюць братэрскае прывітанне тэкстыльнікам гораду Іванава і абяцаюць павялічыць свае намаганні дзеля «канчатковага разгрому фашызму». Чым цяжэйшая была сітуацыя на фронце, тым больш у савецкіх газетах з’яўляецца нататак пра рух салідарнасці ў іншых краінах свету. Сярод іх – Перу, Аргентына, Чылі.

Крыніца: Красная звезда

У гэты найбольш крытычны момант 11 кастрычніка ў Архангельск прыходзіць другі канвой супольнікаў, загружаны алюмініем, каўчуком, меддзю і ваеннай тэхнікай з ЗША, Канады і Вялікай Брытаніі. Але найважнейшымі былі 193 самалёты «Гарыкейн» і першыя 20 супольніцкіх танкаў – «Матыльды» і «Валентайны».

Самалёты

7 верасня 1941 года на аэрадром каля Мурманску прыбылі 24 «Гарыкейны», пілатаваныя лётчыкамі 151-га знішчальнага авіякрыла Каралеўскіх ВПС.

Фотаздымкі з англійскімі лётчыкамі і англійскімі «Гарыкейнамі» ў СССР. Крыніца: Красная звезда

Цягам наступных месяцаў савецкія газеты змяшчалі шматлікія рэпартажы пра дзейнасць 151-га авіякрыла. У адным з іх вядомы будучы пісьменнік Канстанцін Сіманаў пісаў, што сярод добраахвотнікаў, якія прыбылі на дапамогу Савецкаму Саюзу ў змаганні за Мурманск, «лётчыкі з усіх канцоў Вялікай Брытаніі, ёсць аўстралійцы і канадцы, нарадзінцы Радэзіі, Паўднёва-Афрыканскага Звязу і Ўэст-Індыі. Ёсць шатландцы, валійцы і ірландцы, і ўсе яны добра б’юцца з гэтымі клятымі «джэры» – так паміж сабой англійскія лётчыкі называюць немцаў».

27 лістапада загадам Прэзідыуму Вярхоўнага Савету СССР чатыры лётчыкі 151-га авіякрыла былі ўзнагароджаныя ордэнам Леніна. Гэта – палкоўнік Н. Ішэрвуд, маёры Э. Рук і Э. Мілер, а таксама сяржант Ч. Хоў. Прыкметна, што нататка пра «выдатных англійскіх лётчыкаў» і загад аб іхным узнагароджванні з’явіліся на першай старонцы газеты «Красная звезда» – побач з артыкулам пра «28 загінулых», якія хутка ператворацца ў «28 панфілаўцаў».

Крыніца: Красная звезда

Першымі амерыканскім самалётам для СССР стаў Р-40 «Тамагаўк», іх колькасць да канца 1941 года дасягнула 146. 10 лістапада ў артыкуле «На амерыканскіх самалётах» Герой Савецкага Саюзу, лётчык Барыс Смірноў апісваў, як амерыканскія спецыялісты – капітан Элісан і старэйшы лейтэнант Зэмке – перадаюць свой досвед савецкім: «Месяц супольнай працы савецкіх лётчыкаў з іхнымі замежнымі сябрамі быў вельмі плённым. Нашыя людзі асвоілі новыя амерыканскія машыны і перадалі свае веды франтавікам. Цяпер на гэтых самалётах савецкія лётчыкі б’юцца з ворагам. А з Амерыкі ідуць новыя партыі баявых машынаў. Мы ўзброім імі лётны склад нашых рэзервовых частак, стварыўшы магутную авіяцыйную армію, што цяпер збіраецца ў тыле, каб заўтра адляцець на фронт».

У лістападзе 1941 года публікацыі пра зброю супольнікаў выходзяць рэгулярна. Якраз у гэты час з Англіі ў СССР прыбылі тры чарговыя канвоі – 30 кастрычніка, 22 і 28 лістапада. Пры гэтым субмарыны Вялікай Брытаніі дапамагалі ў знішчэнні суднаў, на якіх нацысты намагаліся перакідваць падмацаванне для наступу на Мурманск. Пра адну з такіх аперацыяў 30 лістапада паведамлялі савецкія газеты.

Пра прыбыццё амерыканскіх самалётаў. Крыніца: Красная звезда

Савецкія карэспандэнты адзначаюць, што амерыканская зброя хутка асвойваецца і што чакаюць чарговых паставак: «Самалёты з Амерыкі лётаюць у савецкім небе, сядаюць на савецкую зямлю. З кожным днём у нас іх будзе ўсё больш і больш». Колькасць гэткіх матэрыялаў узрастае на фоне цяжкасцяў на фронце і спробаў спыніць прасоўванне нацыстаў да Масквы. Неба над сталіцай СССР прыкрываў 6-ы знішчальны авіякорпус, у якім на 5 снежня налічвалася 19 «Гарыкейнаў» і 20 «Тамагаўкаў».

Не апошнюю ролю ў абароне на подступах да Масквы і контрнаступах на розных участках адыгралі англійскія танкі.

Танкі

Першыя англійскія танкі прыбылі 11 кастрычніка ў Архангельск, адкуль іх 28 кастрычніка перакінулі ў Казань. Тут праводзілася навучанне экіпажаў для англійскіх «Матыльдаў» і «Валентайнаў». Пазней іх выкарысталі для спынення прасоўвання нацыстаў да Масквы.

21, 22 і 24 лістапада ў газеце «Красная звезда» былі змешчаныя фотаздымкі англійскіх танкаў «Валентайн» і «Матыльда» і бронетранспарцёра «Universal Carrier», што накіроўваюцца на фронт.

Англійскія танкі на пазіцыях Чырвонай Арміі. Крыніца: Красная звезда

Пра тое, якое значэнне надавалася супольніцкай зброі і інфармаванню насельніцтва пра яе паступленне, сведчыць той факт, што артыкул Д. Медзвядоўскага «У бой на англійскіх танках» змешчаны на той жа старонцы, на якой распавядаецца пра ўрачыстае пахаванне генерал-маёра Івана Панфілава. У артыкуле адзначаюцца якасці супольніцкіх машынаў, а ў канцы робіцца націск на значэнні іх для СССР: «З лесу ў калоне па адным на зыходнае становішча выходзяць англійскія танкі падраздзялення старэйшага лейтэнанта Валошына і лейтэнанта Матвеева. На савецкіх танках у бой вядзе сваіх байцоў лейтэнант Казлоў. Грозныя сталёвыя машыны дзвюх вялікіх дзяржаваў – СССР і Вялікай Брытаніі – рыхтуюцца да гарачых баёў з нямецка-фашысцкімі часткамі. На гэтых машынах савецкія экіпажы будуць біцца з ненавісным ворагам да апошняй кроплі крыві».

На цяжкіх англійскіх танках. Крыніца: Красная звезда

Газета «Праўда» паведамляла, што 1 снежня на Заходнім фронце на Валакаламскім кірунку англійскія танкі былі выкарыстаныя для прарыву абароны ворага: «У баі ў ваколіцах С. прынялі ўдзел англійскія танкі. У пункце С. немцы засяродзілі сваю пяхоту і стварылі да сотні супрацьтанкавых агнявых пунктаў. Акрамя гэтага, у зямлю было закапана шмат танкаў, што засталіся без паліва. Познім вечарам нашыя танкісты ўварваліся ў паселішча С. на англійскіх машынах, за імі рухаліся нашыя пяхотнікі».

Высновы

Дзякуючы дапамозе супольнікаў, Чырвоная Армія здолела не толькі спыніць наступ нацыстаў на сталіцу, але і перайсці ў контрнаступ. Гэтая дапамога аказалася тым важкая, што супала з часам спаду прамысловай вытворчасці ў Савецкім Саюзе. Напрыклад, калі ў кастрычніку 1941 года ў СССР вырабілі 1473 самалёты, то ў снежні толькі 143. Даследчык Мікалай Данілаў зазначае: «Доля замежных самалётаў за апошнія (крытычныя!) тры месяцы 1941 года складае прыкладна 45 %». Сярод іх 669 самалётаў, якія да канца 1941 года паставілі англічане.

Да канца снежня СССР атрымаў таксама з Вялікай Брытаніі 466 танкаў і 330 бронетранспарцёраў. Усяго ж за чэрвень – снежань 1941 года ў СССР супольнікі праз Арктыку, Далёкі Усход і Трансіранскі калідор паставілі 360 778 тон розных грузаў. І гэтая колькасць у наступныя гады значна павялічылася, але значэнне дапамогі на фоне прамысловага ўздыму ў самім СССР паступова змяншалася і ўжо не выглядала так істотна, як тое было ў найбольш крытычны час вайны ў верасні – снежні 1941 года.

Праз 81 год гісторыя паўтараецца – 1 кастрычніка ЗША зноў запускаюць «ленд-ліз».

 

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў