Максім Кац адказаў на пытанні беларускіх журналістаў. Выбралі самае цікавае


Максім Кац здымае фільм пра Другую сусветную вайну, які павінен супрацьстаяць прапагандзе. З гэтай нагоды ён завітаў у Варшаву, дзе пагадзіўся сустрэцца з беларускімі журналістамі. «Белсат» таксама паслухаў пра цікавасць расейскага палітыка да Беларусі, ягонае бачанне будучыні Расеі і парады на час вайны.

Максім Кац на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў прасторы «Media Port». Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Расейскі палітык, блогер і грамадскі дзеяч Максім Кац сустрэўся з беларускімі журналістамі ў прасторы «Media Port» у Варшаве. Сустрэча адбылася ў нядзелю, 10 ліпеня. Яна пачалася амаль а 22:00, бо каманда працавала над запісам фільму пра Другую сусветную вайну. «У нас прапаганда будуецца на псеўдагістарычных адсылках. У расейскім YouTube і наагул у расейскамоўнай прасторы няма спакойнай размовы пра гэтыя падзеі, таму мы пастанавілі яе зрабіць. Ну і яшчэ я хацеў пакатацца па добрых гарадах Еўропы [смяецца] і вось прыдумаў такую тэму», – тлумачыць Максім Кац прычыны свайго з’яўлення ў польскай сталіцы.

Пра нутраную кухню YouTube-каналу

Максім распавёў, што запісвае ролікі штодня. Працуе над імі каманда з 20 чалавек. Тэксты пішуць 2 спічрайтэры, яшчэ 3 асобы шукаюць фактуру, а рэдактары ператвараюць тэкст у жывую размову.

Да вайны графікай у камандзе Каца займаўся ўкраінец. Цяпер ён ваюе і малюе, толькі калі яго выводзяць з баявых дзеянняў. Кац прапанаваў пераехаць супрацоўнікам, але згадзіліся не ўсе, частка і цяпер застаецца ў Расеі.

Пра аўдыторыю

Паводле Максіма Каца, асноўная ягоная аўдыторыя – у Расеі. Адтуль прыходзяць 50 % гледачоў, 23 % глядзяць з Украіны, і толькі 12 % – з Беларусі. Цікава, што падчас беларускіх пратэстаў беларуская аўдыторыя складала 36 %. На долю расейскай прыпадала 39 %.

Беларускія журналісты пацікавіліся, пры якіх абставінах Максім Кац можа страціць цікавасць да беларускай тэмы і ці не пагасне ягоная любоў да Беларусі, калі беларуская культура і мова пачне выціскаць расейскую: «Гэта ж усё не праз любоў рабілася. Я пачаў казаць пра Беларусь для расейскай аўдыторыі, а з праглядаў зразумеў, што стаў беларускім каналам».

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Любоў Максіма Каца да Беларусі можа прайсці, калі пачнецца русафобія ці антысемітызм, распавёў палітык: «Але вам што да маёй любові? Нас не датычыць, на якой мове вы будзеце размаўляць, гэта вашыя нутраныя справы».

Пра стаўленне да Святланы Ціханоўскай

Не маглі беларускія журналісты не пацікавіцца стаўленнем Максіма Каца да Святланы Ціханоўскай. «На мой погляд, яна з самога пачатку паказала дзіўныя палітычныя здольнасці. Не мае значэння, сама яна гэта зрабіла ці з дапамогаю каманды. Важны вынік. Цяпер яна проста ператварылася ў лідара Беларусі, які ўспрымаецца лідарамі заходніх краінаў як легітымны. З ёю сустракаюцца ўсе, ажно да прэзідэнта ЗША. Яна можа абараняць інтарэсы беларусаў», – разважае Максім Кац. Ён не знайшоў памылак у дзеяннях Святланы Ціханоўскай: «Ейныя палітычныя дзеянні – на 10 з 10, калі ты назіраеш за гэтым збоку. Каб дзеяў урад за мяжою – гэта ўнікальна, з Другой сусветнай такога не было».

Кац выказаў шкадаванне, што такога палітыка няма ў Расеі.

Пра акупацыю Беларусі Расеяй

Максім Кац не згодны з тым, што Беларусь цяпер пад акупацыяй: «Так лічыць – гэта ўцячы ад рэчаіснасці. Калі дзейны ўрад дае праход войскам, гэта не акупацыя. І суагрэсарам можна назваць Лукашэнку, рэжым, але ніяк не беларусаў. Вінаваціць у чымсьці народ наагул, на мой погляд, нельга. Народ не даваў праходу ніякім войскам, не народ гэта вырашаў. Народ зусім іншага хацеў. І абвінавачанні беларусаў [у агрэсіі. – Заўвага рэд.] наагул мне не зразумелыя».

Разам з тым Кац лічыць, што расейскае кіраўніцтва не лічыцца з незалежнасцю Беларусі, а Уладзімір Пуцін успрымае нашую краіну як расейскі рэгіён, што не падабаецца Аляксандру Лукашэнку, які пры такім раскладзе губляе ўсё. Таму цяпер «ён танчыць вакол», рэзюмаваў палітык.

Пра Расею і яе будучыню

Расейскае кіраўніцтва, на думку Каца, не плануе закрывацца ад усяго свету, і ніхто там цяпер не пераходзіць на самазабеспячэнне: «Няма рашэнняў, якія прадугледжваюць апору на ўласныя сілы, імпартазамяшчэнне. Усе чакаюць, калі Захад здыме санкцыі і будзе ўсё, як было».

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Не зацікаўлены ў поўнай ізаляцыі Расеі і свет, лічыць палітык. «Свет можа туды падштурхнуць Расею, але ён разумее небяспеку гэтага. У Расеі стае ядравай зброі, каб знішчыць усе вялікі гарады», – звяртае ўвагу на асноўныя матывы заходніх дзяржаваў Кац.

На думку палітыка, Расея так і не здолела знайсці нацыянальнай ідэі. Уласна сам Кац лічыць, што трэба працаваць над краінаю так, каб пенсіянеры вандравалі па свеце, а медыцына і ўніверсітэты былі такімі, каб усе хацелі туды ехаць.

Палітык не падзяляе думкі пра будучы падзел Расеі: «Я не бачу ў Расеі сепаратысцкіх настрояў». Максім Кац дапускае, што настрой насельніцтва можа змяніцца ў сувязі з тым, што гінуць людзі, але пакуль гэтага не відаць. Што да ягонага асабістага меркавання, то распад Расеі не падаецца яму «пазітыўным сцэнаром».

«Я не хацеў бы, каб Расея распалася», – сказаў Максім Кац.

Пра кампраміс і асцярожнасць

Суразмоўца згадаў, што «ў нашай агульнай культурніцкай прасторы [у аўдыторыі засмяяліся] ёсць гераізацыя ахвяравання сабой», але сам ён не прыхільнік самаахвярнасці: «У мяне былі думкі паехаць у Расею і абвесціць там мітынг, але гэта самападпал. Мы бачым расейскія і беларускія прыклады самападпалу. Яны паважаныя, але хутка, на жаль, губляюць уплыў на падзеі. Я не хачу сядзець у турме, і ў мяне ёсць людзі, якія мяне кансультуюць у гэтым пытанні. Я ганаруся тым, што ў нас ніхто не сядзіць».

Кац прывёў у прыклад філасофію ізраільскага салдата: «Калі ты трапляеш палон, мусіш казаць што заўгодна, але ўратаваць сваё жыццё. Бо тваё жыццё важнае, а Ізраіль пакладзе ўсе сілы, каб цябе выцягнуць».

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«У нас герой, які ахвяруе сабою, – гэта нешта пазітыўнае. Для мяне гэта не так. Для мяне, калі ты як лідар ударыўся галавой аб сцяну, ты ўсіх падвёў», – канстатаваў Максім Кац.

Пра паводзіны ў час вайны

Максім Кац лічыць, што цяпер важна захаваць сябе: «Галоўнае, каб усе былі жывыя і на свабодзе. Трэба ўсё гэта перажыць і выйсці з гэтага лепшымі, чымся былі раней. Захаваць здароўе, не збяднець, не сесці, не з’ехаць з глузду. І калі прыйдзе момант, а ён прыйдзе, быць у добрым стане і гатовасці.

Мне вельмі шкада, што трэба было з’ехаць. Я думаю, і вам шкада. Але мы вернемся».

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў