Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 11 ліпеня


Штодня ў Беларусі праходзяць палітычна матываваныя суды і затрыманні, а вязням, якія ўжо знаходзяцца ў зняволенні, ствараюць здзеклівыя ўмовы. Хроніка рэпрэсіяў за панядзелак, 11 ліпеня – у аглядзе «Белсату».

11 ліпеня працягнуўся суд па «справе Аўтуховіча». Паседжанні праходзяць у закрытым рэжыме. Некаторую інфармацыю з судовай залі перадаюць у свае тэлеграм-каналы праўладныя журналісты. Такім чынам стала вядома, што Мікалай Аўтуховіч падчас паседжання абвесціў сухую галадоўку на знак пратэсту супраць таго, што да яго трапляюць лісты толькі ад маці. Больш ніякай карэспандэнцыі, а таксам прэсу вязень не атрымлівае.

Адначасова пра спыненне галадоўкі заявіў палітвязень, фігурант «справы Аўтуховіча», інвалід ІІ групы Уладзімір Гундар. Мужчына галадаў на знак пратэсту з 30 чэрвеня. 9 ліпеня Гундара вызвалілі з карцару, дзе ён прабыў 10 содняў. Увесь гэты тэрмін палітвязню кожны дзень рабілі ўкол з анальгетыкам з-за моцнага болю ў спіне. Гундар і надалей адмаўляецца апранаць адзенне пасля прасвечвання рэнтгенам, таму падчас працэсу 11 ліпеня ён стаяў у клетцы ў адных майтках.

Уладзімір Гундар за кратамі.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У судзе Маскоўскага раёну г.Менску 11 ліпеня распачаўся суд над Змітром і Настай Дашкевічамі. У першы ж дзень стала вядома, што пракурор запытаў абодвум па 1,5 гады калоніі. Прысуд будзе агучаны 14 ліпеня. Зміцер Дашкевіч утрымліваецца за кратамі з 23 красавіка бягучага году. Наста знаходзіцца ўдома. 15 чэрвеня яна нарадзіла чацвёртае дзіця.

Стала вядома, што ў справе «вясноўцаў» – Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і яшчэ васьмі палітвязняў ужо прайшлі 40 паседжанняў, і суд, які распачаўся 25 красавіка, яшчэ працягваецца. Паседжанні праходзяць у Менскім гарадскім судзе амаль штодня. Справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Сяргей Хрыпач, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Раман Бізюк. Імаверна, прысуд можа быць агучаны напрыканцы ліпеня.

Палітзняволенага менчука Андрэя Навіцкага, асуджанага да 5 гадоў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту, абразу Лукашэнкі ў відэароліку на YouTube і захоўванні пораху, асудзілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу РБ за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» бабруйскай калоніі № 2. Суддзя суду Бабруйскага раёну і г.Бабруйску Вольга Серакова прызначыла палітвязню яшчэ чатыры месяцы пазбаўлення волі і змяніла яму рэжым адбыцця пакарання з узмоцненага на строгі.

Андрэй Навіцкі.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Берасці 11 ліпеня распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць жыхаркі Докшыцаў Вольгі Ялцэвіч. Жанчыну абвінавачваюць у фінансаванні пратэстаў (ч.2 арт.342 КК РБ).

Згодна з матэрыяламі следства Вольга не пазней за 12 жніўня 2020 году «на розных інтэрнэт-рэсурсах ад імя аднаго з замежных фондаў апублікавала інфармацыю аб зборы грошай для падтрымкі грамадзянаў, якія прымалі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Такім чынам, па версіі абвінавачвання, жанчына «актыўна ўдзельнічала ў матэрыяльным забеспячэнні асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады».

Вольга Ялцэвіч.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Магілёўскім абласным судзе вынесены прысуд жыхару Бабруйску Анатолю Яскевічу, якога абвінавацілі ў распальванні варожасці (ч. 1. арт. 130 КК), а таксама ў абразе Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК). Суддзя Ігар Зямцоў прысудзіў Яскевічу 4 гады 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.

За антываенны верш у Tik-Tok з нібыта абразамі Лукашэнкі 1 год і 9 месяцаў калоніі атрымаў Аляксей Вячэрні.

Ілля Люльковіч.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

29-гадовага палітзняволенага айцішніка Іллю Люльковіча асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» па «пратэсным» 342 артыкуле Крымінальнага кодэксу («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Стала вядома, што прысуд вынес суддзя суду Цэнтральнага раёну Менску Дзмітрый Карсюк яшчэ 7 ліпеня. Ілля быў вызвалены ў залі суда пасля шасці месяцаў пад вартай у СІЗА-1.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў