Амбасадарку Швецыі выклікалі ў беларускі МЗС і ўручылі ноту пратэсту з-за сітуацыі з Кузнечыкамі


МЗС абвінавачвае шведскую амбасаду ва ўкрывальніцтве бацькі і сына Кузнечыкаў і ў арганізацыі іхных уцёкаў.

Уладзіслаў і Віталь Кузнечыкі.
Фота: zerkalo.io

Амбасадарку Швецыі ў Беларусі Крысціну Юханесан 11 ліпеня выклікалі ў беларускае Міністэрства замежных справаў, дзе заявілі пратэст з-за сітуацыі вакол Віталя і Уладзіслава Кузнечыкаў, якія ў 2020 годзе схаваліся на тэрыторыі амбасады ад пераследу за ўдзел у мітынгах і пражылі там амаль два гады.

«Шведскаму боку быў заяўлены пратэст у сувязі з укрывальніцтвам і рэалізаваным з удзелам супрацоўнікаў шведскай дыпламатычнай місіі ў г.Менску таемным вывазам грамадзянаў Беларусі Віталя і Уладзіслава Кузнечыкаў, якія знаходзяцца ў вышуку і абвінавачваюцца ў здзяйсненні паўсюдна прызнаных грамадска-небяспечнымі дзеянняў, якія цягнуць адказнасць у адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам», – гаворыцца ў паведамленні на сайце МЗС.

Дзеянні амбасады Швецыі беларускае дыпламатычнае ведамства называе несяброўскімі.

«Амбасадару К.Юханесан уручаная адпаведная нота МЗС Беларусі. З улікам указаных несяброўскіх крокаў афіцыйнага Стакгольму кіраўніку Амбасады Швецыі даведзеныя прынятыя беларускім бокам меры ў дачыненні Амбасады і яе супрацоўнікаў», – паведамляе МЗС Беларусі.

Якія меры былі прынятыя – не ўдакладняецца.

Жыхары Віцебску Віталь Кузнечык і ягоны сын Уладзіслаў схаваліся на тэрыторыі амбасады Швецыі ў верасні 2020 году, уцякаючы ад пераследу за ўдзел у акцыі пратэсту.

Артыкулы
Сын і бацька Кузнечыкі паўтара года хаваліся ў амбасадзе, уцяклі ў Латвію – і засталіся без грошай
2022.06.30 11:09

Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі выходзілі на маршы ў Віцебску. На адным з іх Уладзіслаў заўважыў, як супрацоўнікі міліцыі накінуліся на ягонага бацьку і пачалі яго збіваць. Тады маладзён кінуўся на дапамогу. Абодва здолелі ўцячы ад міліцыянтаў. Некалькі дзён Кузнечыкі хаваліся, а 11 верасня прыйшлі да амбасады Швецыі ў Менску і праз дамафон папрасілі іх пусціць. Калі яны атрымалі адмову, то проста пераскочылі праз плот. Супрацоўнікі амбасады не выгналі іх, бо ля брамы ўжо чакала міліцыя.

Кузнечыкі засталіся жыць у амбасадзе на амаль два гады. Сёлета ў чэрвені бацька і сын з’ехалі ў Латвію. Цяпер яны жывуць у лагеры для ўцекачоў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў