Ці прыме Еўразвяз санкцыі, якія нашкодзяць простым беларусам? Разважаюць аналітыкі


Еўрапейскі парламент 10 чэрвеня прыняў рэзалюцыю з заклікам да істотнага пашырэння санкцыяў супраць беларускага рэжыму, у тым ліку да сектаральных санкцыяў супраць беларускай прамысловасці, адхілення Беларусі ад міжнародных спартовых падзеяў, нават да адключэння банкаў ад сістэмы SWIFT.

Ды рэзалюцыя – не закон, абавязковы да выканання, а толькі заклік да Еўразвязу. Наколькі пагроза ўсіх пералічаных санкцыяў рэальная, «Белсат» спытаў у экспертаў.

Якія санкцыі найбольш імаверныя?

Дырэктар Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсен Сівіцкі тлумачыць: гэтая рэзалюцыя – «дэманстрацыя намераў па паступальнаму ўзмацненню санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнка, калі беларускія ўлады не зменяць сваю мадэль паводзінаў унутры краіны і на міжнароднай арэне».

Арсен Сівіцкі.
Фота: FondGorcakova / Facebook

Беларусь, кажа Сівіцкі, цяпер на Захадзе ўспрымаюць як пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы – асабліва пасля прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» і стварэння гібрыдных пагрозаў для некаторых суседніх краінаў. Да апошняга ён адносіць спрыянне нелегальнай міграцыі, а таксама стварэнне кантрабандных шэрых экспартных схемаў.

«Таму, хутчэй за ўсё, неўзабаве мы пабачым прыняцце чацвёртага пакета санкцыяў з боку Еўразвязу, а таксама распрацоўку новых пакетаў, якія ўжо будуць прадугледжваць сектаральныя эканамічныя абмежаванні, – мяркуе Сівіцкі. – Яны перш за ўсё будуць накіраваныя супраць нафтахімічнага, калійнага, транзітна-лагістычнага сектараў эканомікі, ваенна-прамысловага комплексу».

Старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб не лічыць прыняцце ўсіх санкцыяў з рэзалюцыі рэалістычным і мяркуе, што канчатковая мэта такога спісу – «паказаць ціск і падрыхтавацца да перамоваў».

Вадзім Іосуб.
Фота: Белсат

«Сектаральныя санкцыі магчымыя, але ў нейкім дастаткова мяккім варыянце, – разважае Іосуб. – Можа быць, з асобнымі выключэннямі. Калі згадваць санкцыі ЗША супраць прадпрыемстваў «Белнафтахіму» ў 2006 годзе, то нават да пацяплення ў 2015-м у ЗША выдавалі асобныя ліцэнзіі на супрацу з асобнымі падсанкцыйнымі кампаніямі там, дзе ў гэтым былі зацікаўленыя амерыканскія прадпрыемствы».

А SWIFT усё ж будуць адключаць?

Згаданае ў рэзалюцыі адключэнне ад міжбанкаўскай сістэмы перадачы звестак SWIFT Іосуб не лічыць рэальным у бліжэйшы час. Да SWIFT падключаная не Беларусь як краіна, а беларускія банкі паасобку, паводле асобных дамоваў, і нават у Іране ад сістэмы адключылі не ўсе банкі. І тыя краіны, у якіх банкі адключалі ад SWIFT (Іран і Паўночная Карэя), парушалі рэжым нераспаўсюду ядзернай зброі.

Ілюстрацыйная выява.
Фота: depositphotos.com

Нават адключэнне ад SWIFT асобных банкаў Іосуб лічыць «эканамічнай зброяй масавага паражэння» – самай жорсткай, але таму і самай апошняй санкцыяй.

Сівіцкі лічыць больш імаверным такія санкцыі супраць фінансавага сектару, як блакаванне некаторых фінансавых транзакцыяў або санкцыі супраць дзяржаўнага доўгу.

Да малаімаверных санкцыяў Іосуб адносіць таксама спыненне транзіту праз Беларусь расейскіх энерганосьбітаў, што абмяркоўвалі да прыняцця рэзалюцыі Еўрапарламенту. Шэраг еўрапейскіх краінаў залежыць ад газу і нафты, якія ідуць праз Беларусь з Расеі.

Пытанні ў Іосуба выклікаюць і магчымыя санкцыі супраць калійных угнаенняў: незразумела, ці гаворка ідзе пра забарону купляць угнаенні ў Беларусі, ці пра забарону таксама і транзіту беларускіх угнаенняў праз Еўразвяз. З аднаго боку, амаль увесь экспарт угнаенняў з Беларусі ідзе праз парты ў краінах Балтыі, таму забарона будзе адчувальнай для беларускай эканомікі. З другога боку, плата за транзіт і перавалку калійных угнаенняў – важная крыніца даходу Літвы, і невядома, ці Літва гатовая яго страціць.

Гэты спіс санкцыяў – «падвышэнне ставак» пад сустрэчу Байдэна і Пуціна?

У рэзалюцыі Еўрапарламенту выказваюць глыбокую занепакоенасць умяшаннем Расеі ў беларускія справы праз фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі і блізкую супрацу выведных службаў. Жорсткая рэзалюцыя Еўрапарламерту з’явілася за тыдзень да сустрэчы кіраўнікоў Злучаных Штатаў і Расеі, запланаванай на 16 чэрвеня – і ў рэзалюцыі згадваюцца саміты Эўразвязу-ЗША і ЗША-Расеі як «важныя ­магчымасці скаардынаваць пазіцыі між Еўразвязам і партнёрамі».

Ці не выглядае гэта так, што лёс Беларусі будуць вырашаць Джо Байдэн і Ўладзімір Пуцін, а Захад гатовы дзеля сваіх мэтаў «зачапіць» санкцыямі і звычайных беларусаў?

Hавiны
Ціханоўская заклікала Сенат ЗША знайсці крыніцы замежнага фінансавання Лукашэнкі
2021.06.09 20:22

Сівіцкі тлумачыць: калі краіны прымаюць санкцыі, то робяць гэта не дзеля інтарэсаў беларускага народу, а дзеля абароны сваіх інтарэсаў – проста справа ў тым, што «пераўтварэнне Беларусі ў стабільную, дэмакратычную, прадказальную краіну на сённяшні момант адпавядае інтарэсам заходніх краінаў».

«Тое, што ў рэзалюцыі прыдаецца Расеі пэўная доля адказнасці за паводзіны беларускіх уладаў, хутчэй сведчыць не пра рэальны намер пакараць Крэмль, а пра запрашэнне Масквы да ўдзелу ў перамовах па вырашэнню беларускага крызісу, – мяркуе Сівіцкі. – Гэта таксама і дэманстрацыя таго, што Байдэн і Пуцін павінны лічыцца з пазіцыяй Брусэля, таму рашэнні павінны быць узгоднены ў трохбаковым фармаце».

Справа ў тым, тлумачыць Сівіцкі, што рэжым Лукашэнка стаў атаясамлівацца з пагрозамі для міжнароднага міру і бяспекі, таму заходнія краіны прынялі рашэнне аб сістэмным адказе на гэтыя пагрозы, што прадугледжвае стварэнне ўнутрыпалітычных, сацыяльна-эканамічных і міжнародных падстаў для змены рэжыму ў Менску. Гэтыя падставы маюць з’явіцца праз узмацненне санкцыяў, якія на гэты раз адаб’юцца вельмі балюча не толькі на дзяржаве, але і грамадстве.

АА belsat.eu

Стужка навінаў