«Яшчэ на Майдане зразумела: самае важнае – умець уратаваць жыццё». Размова з валанцёркаю медычнага батальёну


Украінка Кіра Нэчай стала вядомаю пасля таго, як у інтэрнэце разляцеўся ейны фотаздымак у вайсковай уніформе са зброяй у руках. Дзеўчына на фронце – з пачатку поўнамаштабнай вайны: дапамагае ў складзе валанцёрскага медычнага батальёну «Гаспітальеры». «Белсат» паразмаўляў з добраахвотніцаю, пакуль яна адпачывае ў перапынку паміж ратацыямі.

Кіра Нэчай.
Фота: Кіра Нечай / Facebook

«На Майдане дапамагалі медыкам: расчышчалі сталы, змывалі кроў»

Да медычнага батальёну «Гаспітальеры» 27-гадовая Кіра Нэчай далучылася амаль з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны – у канцы лютага гэтага года.

Вайна заспела дзеўчыну ў Кіева, удома, і зусім не стала нечаканасцю: з моманту нападу Расеі на Данбас у 2014 годзе Кіра разумела, што на гэтым усё не скончыцца.

Hавiны
Украінка, якая пазіруе з рэдкім дарагім амерыканскім пісталетам-кулямётам, – не фэйк
2022.04.20 18:47

«24 лютага а 5-й гадзіне раніцы я прачнулася ад выбухаў, калі нашая СПА збівала ракеты каля Барыспалю, – прыгадвае добраахвотніца. – Я адразу стала тэлефанаваць сябрам, з якімі мы напярэдадні шмат абмяркоўвалі, дзе мы можам прымяніць нашыя медычныя веды. З сяброўкаю спачатку думалі далучыцца да тэрытарыяльнай абароны, але праз пару дзён я пастанавіла ехаць на базу «Гаспітальераў», бо ведала, што там дакладна змагу выкарыстаць свае ўменні».

Кіра Нэчай.
Фота: Кіра Нечай / Facebook

Кіра пачала цікавіцца ваеннаю медыцынай яшчэ ў 2014 годзе, з часу Майдану:

«Яшчэ да пачатку вайны на ўсходзе, калі я была студэнткаю, мы з сябрамі хадзілі дапамагаць валанцёрам на Майдане. Калі адбываліся актыўныя падзеі, 18, 19 і 20 лютага, нас з сяброўкай узялі дапамагаць у імправізаваны медпункт, які на той момант быў у Доме прафсаюзаў. Мы дапамагалі медыкам – расчышчалі сталы, змывалі кроў і падобнае. Я тады зразумела, што ў такіх крытычных сітуацыях усе іншыя веды не маюць ніякага значэння, калі тут і цяпер перад табою памірае чалавек і ты нічога не можаш з гэтым зрабіць, не можаш яму дапамагчы, што самае важнае – здолець уратаваць жыццё».

У мірны час паспрыяла ўсталяванню дэфібрылятараў у Кіеўскім метро

Кіра Нэчай.
Фота: асабісты архіў Кіры Нэчай

Кіра пачала праходзіць курсы спачатку па звычайнай медычнай дапамозе, потым – па тактычнай медыцыне. Праз некаторы час пасля навучання зрабілася інструктаркаю ў тактычнай медыцыне ў Вайскова-медычнай акадэміі, пачала сама вучыць мабілізаваных:

«Я хацела паехаць парамедыкам на ўсход, каб выкарыстоўваць свае веды там, але атрымала спартовую траўму. Тады давялося шукаць магчымасці, як я магу быць карыснай у цывільным жыцці. Так я пачала працу ў грамадскіх і валанцёрскіх арганізацыях».

Шмат якія ініцыятывы Кіры былі звязаныя з медыцынаю. Гэтак, разам з сябрамі яна рэалізавала праект «Рэаніметро» ў Кіеве. Актывісты падалі сваю ідэю ў гарадскую раду і атрымалі дапамогу на рэалізацыю з гарадскога бюджэту. У межах праекту станцыі кіеўскага метрапалітэну былі абсталяваныя аўтаматычнымі вонкавымі дэфібрылятарамі і сучаснымі медычнымі аптэчкамі.

Кіра Нэчай.
Фота: Кіра Нечай / Facebook

Кіра атрымала дзве адукацыі – гістарычную і юрыдычную. Цягам 5 гадоў працавала ў Цэнтры дэмакратыі і вяршэнства права, дзе займалася праектавым менеджментам, апекавалася працаю ў рэгіёнах у праектах, арганізоўвала адукацыйныя захады, навучала грамадскіх актывістаў інструментам рэалізацыі ініцыятываў у сваіх супольнасцях.

Артыкулы
«Вярнуся ў Беларусь у танку!» Гісторыя беларускі, якая паехала на вайну з шокерам у кішэні
2022.04.02 14:44

У студзені сёлета, за паўтара месяца да вайны, Кіра перайшла на працу ў дзяржаўны сектар – Нацыянальнае агенцтва пытанняў супрацьдзеяння карупцыі – на пасаду, звязаную з праектавым менеджментам у галіне адукацыі.

«Жывёліны – таксама ахвяры вайны і цярпяць, таму дапамагаем і ім»

Кіра Нэчай.
Фота: Кіра Нечай / Facebook

Калі пачалася поўнамаштабная вайна, Кіра зразумела, што прыйшоў той момант, калі яна можа выкарыстаць свае веды на практыцы. З батальёнам «Гаспітальеры» яна была знаёмая з 2014 года – праходзіла ў іх трэнінгі па тактычнай медыцыне і зазначала высокі ўзровень, таму была радая далучыцца да іх.

Цяпер Кіра надае першую неадкладную дапамогу параненым у баях вайскоўцам, але таксама і цывільным, і нават жывёлінам:

«Жывёліны – таксама ахвяры вайны, яны таксама цярпяць, таму мы не можам іх кінуць, калі больш ніхто не можа ім дапамагчы».

Артыкулы
Дзённік беларуса на вайне: пра веганства, Бучу і сабаку на фронце
2022.04.20 14:38

Праца батальёну «Гаспітальеры» выглядае так, распавядае Кіра: ёсць экіпаж, у экіпажы – кіроўца, «агнявік», які адказвае за бяспеку, медык – чалавек з медычнай адукацыяй, парамедык. У кожнага свае заданні падчас працы з параненым. Калі параненых шмат, заданні могуць змяняцца.

Кіра Нэчай.
Фота: Кіра Нечай / Facebook

Як правіла, ад месца ранення пацярпелага адмысловая машына максімальна хутка вязе ў больш бяспечныя ўмовы, там параненаму неадкладна дапамагаюць і дастаўляюць у стабілізацыйны пункт за некалькі кіламетраў. Там стабілізуюць стан, і на іншай машыне – «Medevac» – вязуць у медычную ўстанову.

«Колькасць параненых залежыць ад сітуацыі, гэта не лінейная лічба, нельга казаць, што штодня аднолькавая колькасць, – зазначае Кіра. – У некаторыя дні былі дзясяткі параненых, а ў іншыя – ніводнага ці па адным-два. Прагназаваць гэта немагчыма. Бывала, што нам абяцалі наступленне ўначы, мы ўставалі а 3-й гадзіне, у нас быў цалкам гатовы стабілізацыйны пункт, і нічога не адбывалася. І наадварот – пасярод больш-менш спакойнай абстаноўкі раптоўна пачынаўся абстрэл».

Адно з даўніх хобі Кіры – стральба

Кіра Нэчай з экіпажам медычнага батальёну «Гаспітальеры».
Фота: Кіра Нечай / Facebook

У пачатку вайны «Гаспітальеры» працавалі ў Кіеўскай вобласці.

«Тады вельмі ўражваў кантраст, калі вось цяпер ты ў цэнтры Кіева, дзе больш-менш ціха і жыццё працягваецца, а праязджаеш літаральна паўгадзіны – і трапляеш у сапраўдную вайну, – прыгадвае Кіра ўражанні першых дзён вайны. – Калі баі адышлі ад Кіеўскай вобласці, мы сталі ездзіць на ўсход. Цяпер нашыя экіпажы працуюць на ўсходзе і поўдні, там, дзе трэба дапамога».

Дапамагчы, аднак, удаецца не заўсёды. Каля двух тыдняў таму Кіра сутыкнулася з тым, што вайскоўца немагчыма было ўратаваць пасля абстрэлу «Градам» – экіпаж «Гаспітальераў» пасля доўгіх спробаў рэанімацыі быў вымушаны канстатаваць смерць.

Кіра ўмее абыходзіцца са зброяй. Стральба ўжо даўно адно з хобі дзеўчыны. Цягам некаторага часу ў Кіры нават была ўласная зброя. Дзеўчына зазначае, што тэарэтычна магла б браць удзел у баі ў разе патрэбы, але пакуль неабходнасці карыстацца зброяй не ўзнікала.

Моцнага страху падчас працы на фронце Кіра не адчувае:

«Мне падаецца, цяпер ва Украіне такая сітуацыя, што ўвогуле нідзе нельга адчуваць сябе ў бяспецы. Дзе-небудзь у Кіеве ёсць абсалютна рэальныя рызыкі загінуць у выніку абстрэлу. На захадзе Украіны, на ўсходзе – у любым пункце цяпер небяспечна. Проста ў зоне баявых дзеянняў рызыка вышэйшая, але ў цэлым я не магу сказаць, што гэта вельмі пужае. Хоць бывалі моманты, калі адчувала сябе некамфортна, магчыма, нават баялася, так. Але гэта не ўплывала на мяне неяк крытычна».

«Гэтая вайна – на год як мінімум»

Кіра Нэчай у гарах.
Фота: Кіра Нечай / Facebook

Сваякі Кіры засталася ў Кіеве. Яны перажываюць за яе і падтрымліваюць. Неўзабаве дзеўчына плануе стварыць сваю ўласную сям’ю – надоечы яна заручылася. Жаніх – таксама вайсковец і цяпер абараняе радзіму ад расейскай агрэсіі.

Пасля сканчэння вайны Кіра хоча, як і раней, працаваць на карысць украінскага грамадства, а акрамя працы – вярнуцца да свайго захаплення горным турызмам і альпінізмам. У горы дзеўчына ходзіць ужо цягам 7 гадоў, летась падымалася на Казбэк у Грузіі. Гэтая гара вышынёю 5000 метраў сталася найвышэйшым пунктам, якую Кіра на сёння скарыла.

«Калі мы вернемся да мірнага жыцця, будзе вельмі шмат працы. Шмат таго, што трэба будзе зрабіць, выправіць, удасканаліць, падтрымаць людзей і рэгіёны, якія найбольш пацярпелі ад вайны, – кажа Кіра. – Але дакладных планаў у мяне пакуль няма, бо мне здаецца, што вайна надоўга і не скончыцца праз пару месяцаў. Гэта на год як мінімум».

Таму план Кіры на найбліжэйшы час – заставацца на фронце і надаваць медычную дапамогу параненым.

Артыкулы
За вашу і нашу свабоду. Якія вайсковыя падраздзяленні стварылі беларусы для абароны Украіны
2022.04.13 17:02

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў