Вынік візіту Святланы Ціханоўскай у Чэхію: закону аб забароне візаў для беларусаў не будзе


Чэхія планавала распрацоўку закону, які б прадугледжваў забарону на выдачу візаў грамадзянам Беларусі. З гэтай нагоды Святлана Ціханоўскай пачала тэрміновы працоўны візіт у Чэхію і 11 траўня сустрэлася з прэзідэнтам Чэхіі Мілашам Зэманам.

Святлана Ціханоўская ў Празе. 6 чэрвеня 2021 года.
Фота: tsikhanouskaya.org

Таксама былі запланаваныя сустрэчы з прэм’ер-міністрам, міністрамі ўнутраных і замежных справаў, сенатам, міністрам адукацыі Чэхіі.

Першы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў каментары «Белсату» запэўніў, што па выніках размоваў чэшскія ўлады прынялі рашэнне перагледзець законапраект.

«Святлану Ціханоўскую падчас сустрэчаў з чэшскімі ўладамі запэўнілі, што законапраект аб забароне візаў для грамадзянаў Беларусі не будзе прыняты. Законапраект будзе зменены», – зазначыў Вячорка.

У пачатку сакавіка Чэхія аб’явіла надзвычайнае становішча з прычыны хвалі міграцыі, справакаванай уварваннем Расеі ва Украіну. У канцы месяца была прынятая пастанова, паводле якой амбасады не прымаюць заяваў на атрыманне візы і дазволу на доўгатэрміновае і сталае пражыванне ад расейцаў і беларусаў. Выключэнні – сямейнікі грамадзянаў Чэхіі і Еўрапейскага Звязу, якія жывуць у Чэхіі, або людзі, якія пераследуюцца таталітарнымі рэжымамі Расеі і Беларусі.

Гэтая захада дзейнічае да заканчэння надзвычайнага становішча, значыць, да 31 траўня. МУС Чэхіі планаваў на заканадаўчым узроўні забараніць выдаваць візы і віды на жыхарства расейцам і беларусам нават пасля заканчэння надзвычайнага становішча.

Артыкулы
У Чэхіі хочуць падоўжыць забарону на выдачу віз і ВНЖ для беларусаў
2022.05.03 21:54

Таксама 11 траўня, у 19:30 па мясцовым часе Святлана Ціханоўская запрашае беларусаў Чэхіі на сустрэчу, якая пройдзе па адрасе: Прага, Klementinum, Mariánské nám. 5, 110 00 Staré Město

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў