Расейцы сталі менш давяраць тэлевізару


За сакавік і красавік доля расейцаў, якія лічаць тэлебачанне самаю надзейнаю крыніцай інфармацыі, знізілася, а давер да Telegram-каналаў і сацыяльных сетак павялічыўся. Гэта вынікае з даследавання міжнароднай рэкламнай групы «GroupM» – «Accelerate research», перадае «Коммерсантъ».

Стары тэлевізар. Крыніца: pixabay.com

Паводле даследавання, калі 17 сакавіка 33 % рэспандэнтаў называлі менавіта тэлебачанне крыніцай інфармацыі, якой яны давяраюць найбольш, то 27 красавіка так лічылі ўжо толькі 23 % апытаных.

Наймацней давер да тэлебачання знізіўся ў расейцаў, якія жывуць за межамі буйных гарадоў: 17 сакавіка тэлебачанне ў якасці прыярытэтнага медыя называлі 34 % гэтых рэспандэнтаў, а 27 красавіка – 24 %. У жыхароў Масквы і Санкт-Пецярбургу гэтая доля ўпала з 27 % да 21 %.

Давер да інтэрнэт-медыяў і афіцыйных сайтаў у сетцы таксама ўпаў: надзейнымі крыніцамі 17 сакавіка іх называлі 26 % апытаных, а 27 красавіка – 23 %.

Пры гэтым вырас давер да сацыяльных сетак, блогаў і Telegram-каналаў: доля тых, хто выбірае гэтую крыніцу інфармацыі, павялічылася з 19 % да 23 %.

Як лічыць дырэктарка даследаванняў і стратэгіі «OMD OM Group» Ірына Едэмская, цяпер праз тэлебачанне прасоўваецца «адзіна магчымы пункт гледжання на падзеі, прычым забяспечваючы дазаваную інфармацыю і не заўсёды аператыўна», таму па дэталі насельніцтва ідзе ў інтэрнэт.

«Такая ж карціна назіралася і ў пачатку пандэміі», – кажа дырэктар расейскага офісу «ECI Media Management» Дзмітрый Кураеў.

Hавiны
Беларусь заняла 153 месца ў рэйтынгу свабоды прэсы са 180 магчымых. Расея на 155 месцы
2022.05.03 18:58

ПС belsat.eu

Стужка навінаў