Акупацыйныя ўлады просяць залучыць Херсоншчыну ў склад Расеі. Нават без рэферэндуму


Прадстаўнік акупацыйнай адміністрацыі ў Херсонскай вобласці Кірыл Стрэмаусаў плануе звярнуцца да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна з просьбаю далучыць усю вобласць да Расеі. Пры гэтым выключыў нават правядзенне рэферэндуму, піша «РИА Новости».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПД / Белсат

«Ніякія ХНР на тэрыторыі Херсонскай вобласці стварацца не будуць. Гэта будзе адзіны ўказ на аснове звароту кіраўніцтва да прэзідэнта РФ, і будзе просьба ўвесці вобласць у склад паўнавартаснага рэгіёну Расеі», – сказаў Стрэмаусаў.

Між тым Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Пуціна, намякнуў, што рэферэндум усё ж мае быць:

«Гэтае пытанне павінна быць дакладна выверанае і ацэненае юрыстамі, бо падобныя лёсавызначальныя рашэнні павінны мець дакладную юрыдычную падаплёку, быць абсалютна легітымнымі, як гэта было ў выпадку з Крымам».

Між тым у Офісе прэзідэнта Украіны заявілі, што «адзіны зварот, які могуць падрыхтаваць гаўляйтары Херсонскай вобласці, – гэта просьба аб памілаванні пасля рашэння суда».

«Акупанты могуць папрасіць далучыцца хоць да Марса ці Юпітэра. Украінская армія вызваліць Херсон, якія б словы ні прыдумлялі акупанты», – сказаў Міхайла Падаляк.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў