Напярэдадні суда Павел Севярынец звярнуўся да беларусаў


Судовы працэс над апазіцыйным палітыкам Паўлам Севярынцам мусіць пачацца заўтра ў Магілёўскім абласным судзе. Напярэдадні ён даслаў з турмы адкрыты зварот да беларусаў, які зачытала ягоная жонка Вольга.

Павел Севярынец заклікае зразумець: «Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі – справа Божая». «Бог абудзіў Беларусь не для таго, каб яна зноў заснула. Бог не робіць бяссэнсіцы», – падкрэслівае ён.

«Але чаму ён дапускае, каб мы, беларусы, дагэтуль заставаліся ў стане болю і роспачы? Прычыны адчаю і слушныя адказы – амаль заўсёды ў нас саміх. Відаць, нягледзячы на леташні прарыў, мы як народ яшчэ не да канца зрабілі працу ўнутры сябе.

Усе мы хочам змяніць Беларусь да лепшага. І пачаць давядзецца з падмуркаў. З нацыянальнай свядомасці. Уласна кажучы, з сябе. Толькі народ, які ўсведамляе сябе адзінствам, здольны прыняць найважнейшыя рашэнні адносна свайго лёсу. Узяць на сябе адказнасць за краіну. Зацвердзіць справядлівыя законы. Абараніць незалежнасць».

Паводле палітвязня, цяпер найпершая справа беларусаў – ачомацца, апрытомнець і «адказаць сабе – хто мы».

«Такім чынам, беларус? Размаўляй па-беларуску, чытай і ведай сваю гісторыю. Мы можам выдатна валодаць расейскай, ангельскай, кітайскай, свабодна гаманіць з рускімі, ангельцамі, ды іншым светам. Але калі мы, беларусы, не будзем у Беларусі размаўляць па-беларуску – Беларусі не стане.

Зараз людзі гатовыя чуць, як ніколі. Беларусізацыя ў нашай краіне ўжо ідзе. Глыбока, павольна, але ўладна – з той сілай, з якой узыходзіць сонца.Беларуская асвета і евангелізацыя – гэта наша поле на бліжэйшыя гады. Пад сцягам Хрыста. З гімнам «Магутны Божа». З Пагоняй на гербе. Калі мы зменім сябе, Беларусь непазбежна зменіцца. Простая формула веры і мовы – Ісус Хрыстос, які гаворыць па-беларуску. На сёння гэта – наша жывая нацыянальная ідэя», – кажа ён.

Паводле Севярынца, беларусы мусяць быць цвёрдымі, верыць у Бога, любіць свой народ, не жыць у хлусні ды супрацьстаўляць злу дабро.

«А побач з сумленным і чыстым народам, які верыць і размаўляе на роднай мове, любое зло рассыпецца ў прах. Народам нельга стаць у нейкі момант. Народам трэба быць. Абараняць праўду, свабоду, справядлівасць – гэта ж як дыхаць. Перастаў дыхаць – усё. Таму ў Беларусі і доўгія роды. Бо волю трэба выпакутаваць, каб цаніць яе. Што даецца лёгка – лёгка і губляецца. А цяпер балюча? Значыць, жывыя. Нясцерпна? Значыць, глыбока ідзе пералом. Крыж? Значыць, неўзабаве Уваскрасенне».

  • 12 траўня Магілёўскі абласны суд пачне разгляд крымінальнай справы сямі палітвязняў: Паўла Севярынца, Змітра Казлова, Ірыны Шчаснай, Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча. Ім выстаўленае абвінавачанне паводле арт. 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў»). Суд над палітвязнямі будзе адбывацца ў закрытым рэжыме – нават сваякам не дазволяць прысутнічаць на працэсе. У Магілёўскім абласным судзе патлумачылі гэта тым, што матэрыялы справы нібыта адносяцца да таямніцы, якую ахоўвае закон.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў