Як сэрвісы візавых паслуг зарабляюць на гуманітарным крызісе


Пачатак вайны, заходнія санкцыі ды працяглы палітычны і дыпламатычны крызіс спрычыніліся да выбуху візавых паслуг у Беларусі. На фоне эканамічнага крызісу і росту коштаў з’явіўся цэлы шэраг фірмаў і агенцтваў, гатовых скарыстацца сітуацыяй і падзарабіць, выкарыстоўваючы шэрыя схемы. Мы скантактаваліся з некалькімі агенцтвамі, а таксама беларусамі, якія былі вымушаныя заплаціць круглую суму не толькі за магчымасць трапіць на тэрыторыю Еўрапейскага Звязу, але нават за месца ў чарзе на падачу дакументаў. За свае «паслугі» агенцтвы запытваюць ад 300 да 900 беларукіх рублёў.

Пашпарты грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 16 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Да 2020 года здавалася, што шэнгенская віза ўваходзіць у стандартны спажывецкі набор беларуса. Грамадзяне Беларусі мелі рэкордную колькасць візаў на 100 тысяч насельніцтва, а таксама ўкладалі рэкордную суму ў атрыманне візаў. Бюджэтныя падарожжы лоўкостэрамі праз Вільню, Варшаву, Кракаў, працоўная міграцыя, навучанне ды «туры выходнага дня на закупы» здаваліся дасяжнай будзённасцю. 5 гадоў таму еўрапейскія краіны нават разглядалі пытанне спрошчанага візавага рэжыму з Беларуссю і знізілі кошт візы з 60 да 35 еўраў.

Hавiны
Польская амбасада працягне выдаваць візы. Літоўская – пакуль не вядома
2020.10.08 17:48

9 жніўня 2020 года, рэпрэсіі і дыпламатычны крызіс з Еўразвязам ды ЗША скарэктавалі сітуацыю. Беларусы змянілі мэты атрымання візаў са спажывецкіх на гуманітарныя. Пасля пачатку вайны ва Украіне стан рэчаў яшчэ пагоршыўся: попыт павялічыўся, візы стала атрымаць цяжэй, а кошты пасярэднікаў выраслі да 300–900 рублёў.

Скрыншот перапіскі ў Instagram з візавым агенцтвам.

Праблема – скрыпты і месца ў электроннай чарзе за 300–900 рублёў

Мы пагутарылі з некалькімі беларусамі, якія былі вымушаны звяртацца пасля 24 лютага па паслугі ў візавыя агенцтвы з надзеяй атрымаць польскую ці літоўскую візу. Усе нашыя суразмоўцы адзначылі, што на дадзены момант толькі месца на запіс у электроннай чарзе каштуе каля 300–500 рублёў.

Скрыншот перапіскі ў Instagram з візавай агенцыяй.

Запісацца на падачу дакументаў для атрымання візы можна онлайн. Амбасады выкладаюць даступны час рэгістрацыі, але вольныя пазіцыі імгненна знікаюць. Прычына ў тым, што шэрыя візавыя агенцыі выкарыстоўваюць адмысловыя скрыпты (праграмы паслядоўных дзеянняў для выканання невялікіх задачаў), каб адсочваць «вокны» для падачы дакументаў і тэрмінова іх рэзерваваць. Агенцтвы забіраюць пераважную большасць месцаў і пасля прадаюць іх ці абяцаюць сваім кліентам запіс на падачу дакументаў у бліжэйшы месяц-паўтара.

Наш суразмоўца Алесь (імёны мы змянілі ў мэтах бяспекі) адзначыў, што ў Instagram-акаўнтах ці Telegram прадстаўнікі такіх цэнтраў не адказваюць на пытанні, адкуль у іх запіс на падачу дакументаў, але падчас тэлефоннай размовы адкрыта адказваюць, што выкарыстоўваюць несумленныя шляхі ламання электронных сістэмаў ці скрыптоў, і часам нават нахабна тлумачаць, што гэта бізнес, і кожны зарабляе так, як можа – «не хочаце, паспрабуйце самастойна знайсці месца ў чарзе».

Скрыншот перапіскі ў Instagram з візавым агенцтвам.

Мар’ян. Жанаты, мае трох дзяцей. Агенцтва запрасіла 3600 рублёў са «зніжкай»

Яшчэ адзін наш суразмоўца мае вялікую сям’ю. У Мар’яна з жонкай – трое дзяцей. Пасля пачатку вайны і санкцыяў стокавы бізнес, якім займалася сям’я, фактычна памёр на тэрыторыі Беларусі. Акаўнты ці замарозілі ці спынілі выплаты і продажы на тэрыторыі Беларусі.

Сям’я звярнулася ў шэраг візавых сэрвісаў, якія прапаноўвалі «хутка» развязаць візавае пытанне і дапамагчы пакінуць Беларусь. Да нядаўняга часу, пакуль не знялі абмежавання на выезд з краіны, «шэрыя сэрвісы» запрашвалі за «візу пад ключ» каля 900 рублёў.

«У адным з агенцтваў, калі мы сказалі, што нас пяцёра, што маем трох дзяцей, нават «міласціва» прапанавалі зніжку і запрасілі ўсяго 3600 рублёў! 3600! І гэта без гарантыяў, калі дадуць і ці дадуць гэтыя візы ўвогуле. І не было куды дзявацца, бо мы на той момант ужо проста спаць не маглі спакойна», – расказаў наш суразмоўца.

Мужчына патлумачыў, што сям’я была вымушаная пераехаць з Беларусі, бо баялася страціць фінансавае забеспячэнне.

Скрыншот перапіскі ў Instagram з візавым агенцтвам

Віталь. Прадпрымальнік. Агенцтва запрасіла 900 рублёў. Паскардзіўся ў дыпмісію, там адказалі, што не могуць дапамагчы

Прадпрымальнік Віталь з захаду Беларусі расказаў нам, што планаваў важную працоўную паездку ў канцы лютага і меў патрэбу ў візе. Зарэгістравацца на сайце консульства і атрымаць месца праз электронную чаргу ён не здолеў і пачаў шукаць праз Instagram агенцтвы, якія могуць дапамагчы.

Суразмоўца адзначыў, што да моманту, пакуль не знялі абмежавання на выезд, сэрвісы запытвалі 900 рублёў за месца на падачу дакументаў і яшчэ скардзіліся на складанасць «здабыць месца», звярталі ўвагу на ўнікальнасць паслугі. Віталь звяртаўся да прадстаўнікоў польскай амбасады, але мужчыну патлумачылі, што нічым не могуць дапамагчы.

Hавiны
Беларусам дазволілі выязджаць з Беларусі
2022.04.01 15:58

З пачатку палітычнага крызісу паводле афіцыйнай статыстыкі Белстату насельніцтва Менску ўпершыню з часу Другой сусветнай вайны скарацілася. Верагодна, ковід і палітычны крызіс унеслі свае змены. У верасні 2021-га прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на паседжанні Генеральнай асамблеі ААН адзначаў, што каля 150 тысяч беларусаў атрымалі візы ў Польшчу пасля выбараў 2020. Аднак офіс Святланы Ціханоўскай паведамляў, што падлічыць дакладную колькасць уцекачоў з Беларусі пасля выбараў-2020 даволі праблематычна. У Міністэрстве замежных справаў Польшчы адзначаюць, што выдалі каля 300 000 візаў беларусам з чэрвеня 2020 года.

З 3 красавіка 2022 г. Памежны камітэт Беларусі зняў абмежаванні, якія прадугледжвалі выезд з краіны раз на тры месяцы пры наяўнасці «ўстаноўленых у афіцыйным парадку» падстаў на пакіданне тэрыторыі Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў