Тадэвуш Гавін: Перавод польскіх школ у Беларусі на расейскую мову – рэйдарскі захоп


Днямі стала вядома, што польскія школы ў Горадні і Ваўкавыску з наступнага навучальнага году перавядуць на расейскую мову навучання. Маўляў, у адпаведнасці са зменамі ў беларускім законе «Аб адукацыі», які цяпер не прадугледжвае выкладання на мове нацыянальных меншасцяў.

З афіцыйнай заявай у абарону польскіх школ выступіў адзін з заснавальнікаў і шматгадовы лідар Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін. Ён сцвярджае, што русіфікацыя польскіх школ у Беларусі парушае закон і можа быць прызнаная рэйдарскім захопам школ беларускай дзяржавай.

Hавiны
Польскія школы ў Горадні і Ваўкавыску будуць русіфікаваныя
2022.04.07 23:30

Прыводзім тэкст заявы:

«Я, Гавін Тадэвуш Феліксавіч, па волі лёсу стаяў каля вытокаў будаўніцтва і адкрыцця польскіх школ у Горадні ў 1996 г., і Ваўкавыску ў 1999 г., званых афіцыйна ў дзяржаўных органах улады Сярэдняя школа №36 з польскай мовай навучання ў Горадні і Сярэдняя школа №8 з польскай мовай навучання ў Ваўкавыску, афіцыйна заяўляю:

  1. Няма ніякіх прававых падставаў для пераводу гэтых школ з польскай мовы адукацыі на расейскую.
  2. Падпісаная Рэспублікай Беларусь Дамова паміж РБ і РП аб добрасуседстве і прыязным супрацоўніцтве ад 30.03.1993 г., гарантуе права на адукацыю дзяцей беларускіх палякаў на польскай мове.
  3. Дзейсныя зараз у РБ прававыя дакументы адукацыі на польскай мове не забараняюць.
  4. Польская мова навучання ў гэтых школах замацаваная ў дамовах, падпісаных Саюзам палякаў Беларусі з гарадскімі ўладамі Горадні і Ваўкавыску.
  5. Сярэдняя школа №36 у Горадні і Сярэдняя школа №8 у Ваўкавыску пабудаваныя і абсталяваныя мэбляй і школьным інвентаром за бюджэтныя сродкі Рэспублікі Польшча. Гвалтоўная змена мовы навучання ў іх будзе расцэнена бацькамі дзяцей, якія ў іх навучаюцца, а таксама польскай нацыянальнай меншасцю ў РБ як рэйдарскі захоп будынкаў гэтых школ для выкарыстання іх у іншых мэтах.

У сувязі з вышэйвыкладзеным лічу, што прымушэнне бацькоў дзяцей, якія вучацца ў польскіх школах у Горадні і Ваўкавыску да пераводу адукацыі на расейскую мову з’яўляецца незаконным і парушае не толькі падпісаныя раней РБ міжнародныя дамоўленасці, але і ўнутранае заканадаўства».

З верасня бягучага году беларускае Міністэрства адукацыі хоча абмежаваць польскую мову ў школах у Горадні і Ваўкавыску двума ўрокамі на тыдзень – адзін урок мовы і адзін – літаратуры. Астатнія прадметы будуць выкладацца на расейскай мове. Прадметы «Гісторыя Беларусі» і «Мая Радзіма – Беларусь» будуць выкладацца на беларускай мове.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў