42 краіны звярнуліся ў Гаагу наконт ваенных злачынстваў Расеі


Міністр юстыцыі Украіны Дзяніс Малюська заявіў, што 42 краіны звярнуліся ў Міжнародны суд у Гаазе. Прычынай сталі ваенныя злачынствы ў Бучы, Гастомэлі, Барадзянцы і іншых гарадах Украіны. Відовішча масавага знішчэння цывільнага насельніцтва шакавала ўвесь свет. Пра гэта кіраўнік Міністэрства юстыцыі Украіны паведаміў у эфіры агульнаўкраінскага тэлемарафону «UA разам», – паведамляе агенцтва «УНІАН».

Забітыя расейскімі вайскоўцамі мясцовыя жыхары гораду Ірпінь, Украіна. 3 красавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

«42 краіны ўжо звярнуліся ў Міжнародны суд у Гаазе. Расследаванне ваенных злачынстваў на міжнародным узроўні пачалося. Зварот гэтых краінаў дазволіў спрасціць і паскорыць працэдуру для Украіны», – сказаў Малюська.

Таксама чыноўнік распавёў, што цяпер эксперты з Украіны збіраюць доказы злачынстваў расейскіх акупантаў у Бучы і на ўсёй ​​Кіеўшчыне. З ягоных словаў, колькасць ваенных злачынстваў захопнікаў – «шалёна высокая», адпаведна, ёсць цяжкасці. Малюська падкрэсліў, што праблема гэтай працы вялікая, але расследаванне ваенных злачынстваў стаіць у прыярытэце.

Гісторыі
«Расейцы мэтанакіравана ішлі забіваць». Добраахвотнік батальёну Кастуся Каліноўскага пра бой пад Бучай
2022.04.10 14:19

Міжнародная супольнасць аказвае падтрыманне, гэтым тыднем прыедуць эксперты з Францыі. Працягваюцца перамовы з іншымі чальцамі ЕЗ.

«З вялікай імавернасцю, яны таксама прапануюць сваіх прафесійных экспертаў, і гэта дапаможа даць рады вялікаму аб’ёму працы. Цяпер збіраецца база для пераследу кожнага расейскага вайскоўца за зробленае», – падкрэсліў міністр.

Апроч таго, Малюська дадаў, што хуткага выніку расследавання чакаць не выпадае, паколькі РФ не будзе выдаваць сваіх вайскоўцаў, але іх дакладна чакае правасуддзе, бо «тэрміну даўніны для такіх злачынстваў няма».

Hавiны
З’явіліся новыя доказы таго, што мірныя жыхары ў Бучы білі забітыя тады, калі там стаялі расейскія войскі
2022.04.07 23:07

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў