У Горадні на матчы па гандболу з-за Пагоні ледзь не затрымалі дваіх чалавек


Сёння, 11 красавіка, у Горадні прайшоў матч па гандболу «Кронан – СКА Менск», на ўваходным кантролі якога быў затрыманы вядомы грамадскі актывіст Максім Губарэвіч. Верагодна падставай для затрымання сталася нашыўка з Пагоняй на куртцы хлопца.

Пасля затрымання актывіста даставілі ў гарадзенскі Кастрычніцкі РАУС. Праз пэўны час Губарэвіч быў вызвалены, аднак, дома ў яго правялі агляд.

У Горадні Максім дапамагаў арганізоўваць афіцыйныя святкаванні Дня абвяшчэння БНР, афіцыйны фэст паўстанцаў Каліноўскага ў 2019 годзе, а таксама быў актыўным валанцёрам пад час кампаніі дапамогі медыкам у змаганні з Covid-19.

Максім Губарэвіч.
Фота: maksim.hubarevich / Facebook

Таксама пад час перапынку на гандбольным матчы ледзь не затрымалі дзяўчыну.

Падставаю стаў абарончы «бампер» на тэлефон з выяваю Пагоні. На перапынку заўзятары вырашылі сфатаграфавацца, дзяўчына дастала тэлефон. Пагоню на тэлефоне заўважылі міліцыянты, падышлі да заўзятараў і сказалі, каб дзяўчына схавала тэлефон, іначай гэта будзе расцэнена як пікет.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў