Шведскі сцяг упершыню ўзняты ў штаб-кватэры NATO


У штаб-кватэры NATO 11 сакавіка ўпершыню быў узняты сцяг Швецыі. Гэта адбылося на цырымоніі, прысвечанай далучэнню краіны да Паўночнаатлантычнага альянсу. Швецыя зрабілася 32-м хаўруснікам NATO 7 сакавіка.

Цырымонія, прысвечаная далучэнню Швецыі да Паўночнаатлантычнага альянсу. 11 сакавіка 2024 года. Скрыншот: «Белсат»

Выступаючы перад цырымоніяй, генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг падзякаваў прэм’ер-міністру Швецыі Ульфу Крыстэшану за ягонае моцнае асабістае лідарства і прыхільнасць да ўступлення Швецыі ў NATO.

«Швецыя заняла сваё законнае месца за сталом NATO пад абаронай пятага артыкулу – найвышэйшай гарантыі нашай свабоды і бяспекі. Усе за аднаго і адзін за ўсіх», – сказаў Стольтэнбэрг.

Сутнасць пятага артыкулу NATO палягае ў тым, што пры вайсковай атацы на чальца Альянсу ўсе астатнія краіны ўступаюцца за яго. Такім чынам, агрэсар будзе вымушаны ваяваць з усім NATO.

Генеральны сакратар NATO таксама сказаў:

«Уступленне Швецыі ў NATO яшчэ раз паказвае, што дзверы NATO застаюцца адкрытымі. Ніхто не можа іх закрыць. Кожная краіна мае права выбіраць свой уласны шлях, і мы ўсе выбіраем шлях свабоды і дэмакратыі».

Швецыя і Фінляндыя падалі заяўкі на ўступленне ў NATO ў траўні 2022 года. Фінляндыя зрабілася чальцом Альянсу 4 красавіка 2023 года. Уступленню Швецыі пярэчылі Турцыя і Вугоршчына, таму краіна далучылася да абʼяднання значна пазней.

Hавiны
Швецыя афіцыйна стала членам NATO
2024.03.07 18:09

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў