«"Опэнгаймэр" – гэта пралог да свету, у якім мы жывем». Кінааглядальнік пра вынікі «Оскару»


У ноч з 10 на 11 сакавіка паводле беларускага часу ў Лос-Анджэлесе (ЗША) адбылася 96-я цырымонія ўручэння ўзнагарод прэміі амерыканскай Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук. Пераможцам паводле колькасці статуэтак «Оскар» стала карціна «Опэнгаймэр» рэжысёра Крыстафэра Нолана, якая распавядае пра стварэнне ядравай бомбы.

Стваральнікі фільму «Опэнгаймэр» прымаюць «Оскар» за лепшы фільм падчас прамой тэлетрансляцыі 96-й цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар». Лос-Анджэлес, ЗША. 10 сакавіка 2024 года.
Фота: AMPAS / Zuma Press / Forum

Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі ў каментары «Белсату» адзначыў, што галоўны пераможца «Оскару» – гэта даволі кансерватыўная стужка, у тым ліку паводле сваёй падачы, месцамі чорна-белай эстэтыцы, па тым, што галоўны герой – белы мужчына. Асабліва гэта бачна ў параўнанні з іншымі фаварытамі, як то з «Бедныя-няшчасныя» Ёргаса Лантымаса ці «Барбі» Грэты Гэрвіг.

Пры гэтым летась наадварот найбольш узнагародаў атрымала «больш аўтарскае кіно, больш хуліганістае» – «Усё паўсюль і адразу».

«А гэтым разам больш кансерватыўнае. То бок, маятнік меркаванняў і густаў на кансерватыўным баку», – сказаў Тарналіцкі.

Паводле яго, гэта паказвае, што амерыканская кінаакадэмія здольная захоўваць баланс, не «скачвацца ў палітычнае поле» і галасаваць па-рознаму.

Кінааглядальнік падкрэсліў, што, нягледзячы на сваю кансерватыўнасць, «Опэнгаймэр» – гэта цалкам актуальнае кіно, бо распавядае «пра сучасную геапалітыку фактычна».

«Фільм Крыстафэра Нолана – гэта як пралог да рэчаіснасці другой паловы ХХ стагоддзя і таго свету, у якім мы цяпер жывем. Таму было цалкам прадказальна, што ён атрымае гэтую ўзнагароду», – заявіў суразмоўца.

Што датычыць таго, што жанчыны не атрымалі прэміяў у галоўных намінацыях, на яго думку, сведчыць толькі пра тое, што «больш моцныя стужкі сёлета зрабілі мужчыны».

Хто атрымаў узнагароды?

«Опэнгаймэр» агулам атрымаў сем прызоў. Гэта: найлепшы фільм, найлепшая рэжысура (Крыстафер Нолан), найлепшая мужчынская роля (Кіліян Мэрфі), найлепшая роля другога плана (Робэрт Даўні-малодшы), найлепшая музыка (Людвіг Ёрансэн), найлепшы аператар (Хойтэ ван Хойтэма), найлепшы мантаж.

Рэжысёры Мсціслаў Чарноў, Крыстафер Нолан і прадзюсарка Эма Томас на Губернатарскім балі пасля цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар». Каліфорнія, ЗША. 10 сакавіка 2024 года.
Фота: Mario Anzuoni / Reuters / Forum

Яшчэ чатыры ўзнагароды выйграла стужка «Бедныя-няшчасныя» (або «Небаракі»). Гэта найлепшая акторка (Эма Стоўн), найлепшы макіяж, найлепшыя касцюмы, найлепшая праца пастаноўшчыка.

Таксама два «Оскары» забраў фільм «Зона інтарэсаў» Джонатана Глэйзэра: найлепшы міжнародны фільм і найлепшы гук.

Найлепшай акторкай другога плану стала Давайн Джой Рэндалф за фільм «Пакінутыя».

Найлепшы арыгінальны сцэнар – «Анатомія падзення» Жустэна Трыё, найлепшы адаптаваны сцэнар – «Амерыканскае чытво».

Найлепшым гульнявым кароткаметражным фільмам прызнаная «Цудоўная гісторыя Генры Шугара» Уэса Андэрсана, а найлепшым кароткаметражным дакументальным фільмам – «Апошняя рамонтная майстэрня».

Фільм «Барбі» атрымаў толькі адну ўзнагароду – за найлепшую песню.

Дакументальны «Оскар» для Украіны

Узнагароду за найлепшы дакументальны фільм выйграла ўкраінская стужка «20 дзён у Марыупалі». Яе рэжысёр Мсціслаў Чарноў, дарэчы, раней здымаў і пісаў пра пратэсты ў Беларусі 2020-га і нават зняў, як сілавікі 10 жніўня 2020 года застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага, чым зняпраўдзіў афіцыйную версію МУС.

«Гэта моцнае кіно пра вайну. Яно стварае эсхаталагічную ці нават панічную атаку. Гэта вельмі дакладна і вельмі шчыра зняты фільм пра тыя жахі, якія адбываліся ў першыя дні поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну», – адзначыў Тарналіцкі адносна «20 дзён у Марыупалі».

Паводле яго, у гэтага фільму «моц не толькі мастацкіх якасцяў. Гэта яшчэ і дакумент злачынстваў расейскага войска».

У Бэвэрлі-Гілз (ЗША) 7 студзеня ўручылі ўзнагароды кінапрэміі «Залаты глобус» за найлепшыя фільмы і серыялы, што пабачылі свет у 2023 годзе. Найбольш узнагародаў атрымала стужка «Опэнгаймэр», а найбольш намінацыяў было ў фільму «Барбі».

Разбор
Кінапракат па-беларуску. Калі галівудскія блокбастары загавораць на нашай мове?
2024.02.21 11:01

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў