З БМЗ звольнілі за прагулы інжынера, які адбываў адміністратыўны арышт. Ён сумленна адпрацаваў 24 гады


Данііл Макуркін без малога 24 гады адпрацаваў на БМЗ, з якіх больш за 10 гадоў – на пасадзе інжынера конкурснага аддзелу. Пасля прэзідэнцкіх выбараў і збору подпісаў пад патрабаваннямі працоўнага калектыву аб адстаўцы Лукашэнкі 46-гадовага мужчыну асудзілі за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ды пасля адбыцця адміністратыўнага пакарання звольнілі. Данііл распавёў «Белсату», што лічыць звальненне незаконным і будзе адстойваць сваю пазіцыю ў судзе.

46-гадовы жыхар Жлобіна Данііл Макуркін уладкаваўся на БМЗ 9 красавіка 1997 года. У 2013-м з ім, інжынерам конкурснага аддзелу, заключылі дамову на нявызначаны тэрмін. Гэта стала своеасаблівай адзнакаю за бездакорную працу. А 9 лютага сёлета мужчыну звольнілі за прагул без паважных прычынаў (абзац 2 пункту 7 артыкулу 42 ПК РБ).

Данііл Макуркін. Фота для рэдакцыі

Данііл распавядае, што 17 жніўня на БМЗ быў збор калектыву, арганізаваны прафсаюзам, прынамсі ён гэтак зразумеў. У службовую электронную скрыню працаўнікі заводу атрымалі паведамленне пра збор подпісаў пад зваротам працаўнікоў БМЗ. Інжынер кажа, што палічыў акцыю афіцыйнай і падчас абеду прыйшоў на збор.

«Мы тады збіраліся і абмяркоўвалі правядзенне забастоўкі, калі не будуць выкананыя патрабаванні калектыву. Планавалася, што трэба сабраць каля 4 тысяч подпісаў. Я таксама прайшоўся з людзьмі, з прафкамам, падпісаў зварот і пасля пайшоў на працоўнае месца. Але ў выніку мне ў верасні агучылі вымову: маўляў, я не быў на працоўным месцы.

А калі пачалі крымінальную справу за забастоўку, сталі дапытваць тых, каго яны бачылі падчас збору ў жніўні. А ўжо 28 снежня выклікалі на суд, бо ў маіх дзеяннях пабачылі правапарушэнне паводле арт. 23.34. Суддзя Сергіевіч, калі не памыляюся, прызначыў мне пяць дзён адміністратыўнага арышту. І мяне адразу ж накіравалі ў ІЧУ», – распавядае Данііл Макуркін.

Hавiны
«Забастоўка – дзейсны метад. Але трэба масавасць». Страйкоўцы буйных прадпрыемстваў – пра свае матывы і будучыню
2020.11.16 11:54

4 студзеня ўжо былы інжынер выйшаў на працу, а кіраўнік паведаміў, што яго звальняюць за прагулы.

«Я здзівіўся, бо прынёс позву, пастанову суда і даведку з ІЧУ. Але на заводзе палічылі, што гэта не паважная прычына. І 31 снежня, як я потым даведаўся, мой кіраўнік склаў акт, што мяне няма на працы і я не даў дакументаў. З гэтага акту і пачалося маё звальненне. Кіраўнік майго аддзелу, бачна было, вельмі нерваваўся. Я таксама абурыўся гэтым, маўляў, навошта ён так робіць. А ён у адказ сказаў, што я выкручуся, а яму ж яшчэ дзяцей карміць. Было бачна, што ён напалоханы, перажывае за сваю працу», – кажа былы працаўнік БМЗ.

З 4 да 19 студзеня Данііл Макуркін яшчэ працаваў на БМЗ, а потым сышоў на бальнічны, бо захварэў на COVID-19. 9 лютага кіраўнік аддзелу кадраў прынёс яму працоўную кніжку і распараджэнне пра звальненне, пералічылі разлік і звольнілі.

«Я размаўляў з юрыстамі, якія мне парэкамендавалі накіраваць скаргу ў камісію для развязання працоўных спрэчак у прафсаюзе, але мяне нават не прапусцілі на тэрыторыю заводу. Праўда, узялі мой зварот, а праз некаторы час прынеслі паперчыну, што камісія такія пытанні не разглядае. І на гэтым усё. Але я яшчэ буду звяртацца ў суд. Хачу зразумець, як суд ацэніць сітуацыю, бо юрысты лічаць звальненне неправамерным», – кажа Данііл.

Гісторыі
«Ты файны чалавек, але ідэолаг ты няправільны». Журналістка «Металлурга» звольнілася з БМЗ на знак пратэсту
2020.11.20 09:09

«Знайсці працу ў нас вельмі складана. Рэч у тым, што пасады і заробкі проста не адпавядаюць ні кваліфікацыі, ні тым заробкам, якія ты атрымліваеш, маючы працоўны досвед. Могуць прапанаваць 400–600 рублёў, але гэта здзек. Працы прымальнай няма. Увогуле 25 лютага ў мяне павінен быў быць апошні працоўны дзень, бо наш аддзел цалкам скарачаюць. Але наймальнік нават не стаў чакаць гэтага. Мяне як сабаку выкінулі за агароджу. Не па-чалавечы паступілі», – кажа Данііл.

Зварот у суд у пошуках праўды

«Я ў любым выпадку лічу, што закон ёсць закон. Юрысты, з якімі я размаўляў, кажуць, што ў краіне – прававы дэфолт, некаторыя сумняюцца, ці варта ісці ў суд. Але законаў ніхто не адмяняў. Наймальнік прыняў такое рашэнне, але канчатковае прымае суд. Я лічу, што гэты этап мушу прайсці. Як бы ні было, неабходна звяртацца, бо мяне звольнілі незаконна. За 24 гады ў мяне не было парушэнняў. Я вельмі адказна стаўлюся да сваіх абавязкаў і лічу, што нельга так рабіць з людзьмі. Гэта проста не па-чалавечы», – падсумоўвае Данііл Макуркін.

Аб’ектыў
На БМЗ не даюць арганізаваць незалежны прафсаюз
2020.12.15 23:05

 

Сяргей Ягораў, belsat.eu

 

Стужка навінаў