Справа Ціханоўскага ў Горадні: у судзе дапыталі сведак і «пацярпелых» міліцыянтаў


У Кастрычніцкім судзе Горадні працягваецца судовы працэс па «справе Ціханоўскага» ў дачыненні да гарадзенцаў Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнкі і Уладзіміра Кнігі. Іх затрымалі на перадвыбарным пікеце ў Горадні 29 мая мінулага года.

Падсудных абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць дадаткова ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Пацярпелымі па справе праходзяць чатыры супрацоўнікі міліцыі.

На першых пасяджэннях зачыталі абвінавачанне і дапыталі аднаго з фігурантаў справы Дзмітрыя Фурманава. Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга будуць даваць паказанні пазней.

Справу разглядае суддзя Вольга Бекушава.

Тамара Разнічэнка: «Што кепскага ў тым, што ён падтрымаў міліцыянта падчас падзення?»

Сведкай на судзе выступіла маці падсуднага Яўгена Разнічэнкі.

Яна распавяла, што сын некаторы час жыў і працаваў таксістам у Расеі. Дапамагаў бацькам: два разы на месяц пералічваў грошы на картку. Але 28 сакавіка 2020 года муж памёр, Яўген прыехаў на наступны дзень на пахаванне бацькі, і з’ехаць у Расею ўжо не змог – закрыліся межы. У Горадні ўладкаваўся на працу ў будаўнічую арганізацыю.

«Мне следчыя паказалі фота, дзе рукі прытрымліваюцца галаву міліцыянта, каб ён не ўпаў на асфальт. Калі гэта і мой сын, не разумею, што кепскага ў тым, што ён падтрымаў чалавека падчас падзення», – кажа Тамара Разнічэнка.

На відэазапісе яна сына не апазнала.

«Група міліцыянтаў ляцела на група людзей, вось і ўсё, што я зразумела», – узгадвае жанчына.

Пра тое, што Яўген уваходзіў у склад ініцыятыўнай групы Ціханоўскай, маці не ведала – «дома не было ніякіх дакументаў, падпісных лістоў, але на гэту тэму мы не размаўлялі».

Пасля таго, як сына затрымалі, у жанчыны вельмі пагоршылася здароўе. Сама яна большую частку часу жыве на вёсцы, дзе мае гаспадарку, і дзе патрэбная дапамога.

«Яўген ніколі нават не біўся з іншымі хлопцамі, котку не пакрыўдзіць», – ахарактарызавала яна сына.

У Тамары Разнічэнка на нервовай глебе значна пагоршыўся зрок, з 1 да 0,5.

Hавiны
Правакатарка з пікету Ціханоўскага распавяла некаторыя падрабязнасці інцыдэнту ў Горадні
2021.01.26 18:06

Сведка Людміла Дзянісава: «Сяргея Ціханоўскага і іншых затрымалі ні за што»

Пенсіянерка. Прысутнічала 29 траўня на плошчы, каб аддаць свой подпіс за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты.

«Каля 19 гадзін прыйшла з цікаўнасці паглядзець, што адбываецца на плошчы, паставіла свой подпіс. Было шмат людзей, хтосьці прыйшоў з дзецьмі. Было ўсё спакойна, я пасядзела, паглядзела, пасля падышла да стала і аддала свой подпіс. Стаяла для гэтага ў чарзе дзесьці паўгадзіны», – узгадвае мінулагоднія падзеі жанчына.

Яна распавяла, што пасля гэтага села на парапет, каб паглядзець на людзей. І раптам падзеі пачалі развівацца вельмі імкліва: дзве жанчыны пачалі чапляцца да Сяргея Ціханоўскага, паміж імі пачалася перапалка.

«Жанчыны ўсё дапытваліся, чаму тут ён, а не яго жонка. Ціханоўскі ад іх адсоўваўся, а яны працягвалі наступаць», – кажа сведка.

Нечакана зʼявіліся міліцыянты з інфармацыйнай службы: у рупар папрасілі разысціся. Пасля зʼявіліся амапаўцы, схапілі пад рукі Сяргея Ціханоўскага і павялі ў бус. Затрымалі і іншых людзей.

«Я пабачыла, як адзін міліцыянт ляжаў і свісцеў у свісток. Не бачыла, каб яго хтосьці біў», – адзначае жанчына.

Калі Ціханоўскага і іншых людзей пасадзілі ў бус, людзі перагарадзілі яму шлях, каб не даць ехаць.

«Людзі былі абураныя тым, што Ціханоўскага і іншых затрымалі проста ні за што. Бус пачаў даваць назад і наязджаць на людзей, якія там стаялі. У натоўпе казалі, што бусы былі на менскіх нумарах», – узгадвае Людміла Дзянісава.

Пасля таго, як бусы ўсё ж зʼехалі, людзі з плошчы вырашылі пайсці да УУС і высветліць, за што забралі Ціханоўскага.

«Усе пайшлі і я пайшла, каб высветліць лёс затрыманых. Было каля сотні чалавек. Пабылі пад УУС да 22 гадзін, пасля нам сказалі разысціся. Мы так і зрабілі», – распавядае жанчына.

Па яе словах, ніякіх заклікаў біць міліцыю не гучала.

– Вы зразумелі, чаму затрымалі Ціханоўскага? – запытала суддзя.

– Для мяне ўсё як сон. Я нічога не зразумела, – адказала сведка.

Пазней жанчыну судзілі па арт. 23.34 за падзеі 29 траўня, далі штраф.

Hавiны
Міліцыянт ацаніў свае пакуты на 8000 рублёў: у Горадні пачаўся суд у «справе Ціханоўскага»
2021.01.18 13:54

Сведка Уладзімір Мілеўскі: Бусы сілавікоў без апазнавальных знакаў перашкаджалі руху грамадскага транспарту

39-гадовы гарадзенец 29 траўня прыехаў паставіць свой подпіс за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.

«Я збіраўся сыходзіць дахаты, як пабачыў, што нешта адбываецца. Падышоў бліжэй і пабачыў, як дзе жанчыны чапляюцца да Сяргея Ціханоўскага, ён адыходзіў ад іх, а яны – за ім. Жанчыны крычалі, Сяргей проста ад іх адыходзіў.

Затым прыйшлі два міліцыянты, пачалі наступаць на Ціханоўскага разам з жанчынамі. Калі міліцыянт апынуўся на зямлі, блогер быў ужо за парапетам, у метрах 10 ад падзей», – узгадвае сведка.

Па яго словах, бусы сілавікоў стаялі на праезнай частцы і перашкаджалі руху тралейбусаў. Ніякіх апазнавальных знакаў на іх не было – выглядалі проста як прыватныя аўто.

«Тралейбусу прыйшлося ўключыць заднюю, каб прапусціць гэтыя бусы», – кажа мужчына.

Hавiны
«Увесь час нехта прыходзіць, падтрымлівае». Маці і нявеста Фурманава другі дзень галадаюць каля СІЗА
2020.07.27 15:06

Версія пацярпелых міліцыянтаў

Падчас пасяджэнняў 8 і 9 лютага апыталі двух пацярпелых участковых – Уладзіміра Казлоўскага і Аляксандра Хваленю.

Перад тым, як даваць паказанні, яны папрасілі зрабіць пасяджэнне закрытым – з-за таго, што справа атрымала грамадскі рэзананс і ў іх адрас пачалі паступаць пагрозы.

«За мной пачалі ездзіць людзі на аўтамабілях, стаяць ля падʼезда, пільнуюць. Маё фота размясцілі ў телеграм-каналах. Я напісаў заяву ва ўпраўленне ўласнай бяспекі, там праводзіцца праверка па гэтым факце», – сказаў Хваленя.

Аднак суд не задаволіў гэтую просьбу.

Паводле міліцыянтаў, 29 траўня 2020 года Казлоўскі і Хваленя неслі службу на плошчы Савецкай у складзе інфармацыйнай групы: пры неабходнасці яны праз мегафон павінны былі тлумачыць гараджанам заканадаўства і меры бяспекі з-за каронавірусу. Пра тое, што ў Горадню прыедзе блогер Сяргей Ціханоўскі, яны не ведалі.

Дзяжурства распачалося ў 16-17 гадзін. Абстаноўка на плошчы была спакойная: не было транспарантаў, банэраў, ніхто ні да чаго не заклікаў. Каля 20 гадзін на рацыю Казлоўскага паступіў выклік: міліцыянты мусілі прыйсці на плошчу, дзе распачаўся канфлікт паміж удзельнікамі пікету. На месцы побач са скверам, па словах участковых, яны ўбачылі Сяргея Ціханоўскага і жанчыну ў кепцы, яны размаўлялі на падвышаных танах. Паводле міліцыянтаў, яны хацелі высветліць, што адбылося, каб перадухіліць канфлікт.

«На месцы пікету было больш за сто чалавек. Жанчына задавала Ціханоўскаму пытанні наконт перадвыбарнай кампаніі яго жонкі, а блогер пытанні ігнараваў і спрабаваў сысці», – распавядае на судзе Уладзімір Казлоўскі.

Па яго словах, з мэтай «усебакова разабрацца ў дадзенай сітуацыі і не дапусціць канфлікту», міліцыянты вырашылі звярнуцца да Ціханоўскага і выслухаць яго меркаванне. Падыйшлі да блогера бліжэй, аднак той пачаў адыходзіць назад, у натоўп.

«Мы былі ў міліцэйскай форме, Казлоўскі паспеў прадставіцца і стаў паміж Ціханоўскім і жанчынай. Блогер пачаў сыходзіць. Я сказаў: «Мужчына, пачакайце» і схапіў яго за руку, каб звярнуць на сябе ўвагу. Тое самае зрабіў і Казлоўскі. Ціханоўскі скінуў нашыя рукі і пачаў сыходзіць у бок касцёла», – распавядае Аляксандр Хваленя.

Паводле міліцыянтаў, у гэты момант пачуліся крыкі людзей, натоўп стаў сціскацца і разʼяднаў іх.

«Пасля чаго мне быў нанесены ўдар у скроневую вобласць. Я стаў губляць раўнавагу, мяне пацягнула назад. Потым я адчуў удар у жывот, мне стала цяжка дыхаць. Хто менавіта біў і якім чынам – я не бачыў», – распавядае Казлоўскі.

Пасля гэтага міліцыянт аказаўся на зямлі. Па яго словах, ён убачыў «каржакаватага мужчыну ў скураной куртцы і цёмнай кепцы». Па версіі абвінавачвання, гэтым мужчынам быў Яўген Разнічэнка.

Хваленю ў гэты час схапілі за камізэльку, сарвалі відэарэгістратар і ўдарылі два разы.

«Я ўбачыў, што Казлоўскі ляжыць на зямлі. Мы перасекліся з ім позіркамі, ён вачыма паказаў на Ціханоўскага. Я падумаў, што блогер яго і паклаў, накіраваўся ўслед за Ціханоўскім і групай людзей, якія яго суправаджалі. Але як высветлілася, яго ў гэты час ужо забраў АМАП», – распавядае сваю версію падзей Хваленя.

Ён нібыта бачыў чыйсьці замах у вобласць галавы Казлоўскага, а хто ўдарыў яго самога – не заўважыў.

«Мне быў нанесены ўдар па назе. Хутчэй за ўсё, гэта была падсечка. Потым удар у спіну ў левы бок. Сарвалі мегафон з пляча, ён упаў на зямлю, зʼявілася трэшчына на корпусе», – расказвае Хваленя.

Міліцыянт прызнаўся, што абвінавачанага Кнігу не бачыў і не памятае.

Пасля затрыманняў на плошчы натоўп пачаў разыходзіцца. Казлоўскі ўзгадвае, што яму дапамаглі ўстаць, правялі да лавы і выклікалі брыгаду хуткай дапамогі. Дактары дыягнаставалі ў яго ўдар і тупую траўму жывата.

Па словах Казлоўскага, ніхто не збіраўся затрымліваць Ціханоўскага, міліцыянты хацелі проста паразмаўляць, высветліць, што адбываецца і перадухіліць канфлікт.

«Мы спынялі канфліктную сітуацыю. Мы былі ў форме, Ціханоўскі абавязаны быў спыніцца, а не ўцякаць», – заявіў Казлоўскі.

Ён заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды да падсуднага Яўгена Разнічэнкі ў памеры 8 тыс. рублёў.

«Сярэдні заробак – тысяча рублёў у месяц. На працягу ўсяго часу пасля таго, што здарылася, у мой адрас і адрас маёй сямʼі паступаюць пагрозы фізічнай расправы. І што нажом зарэжуць, па ўсіх законах шарыяту разбяруцца, выклікаюць на паядынкі. Я напісаў заяву, па гэтым факце ўзбуджаная крымінальная справа», – растлумачыў міліцыянт і ўдакладніў, якія менавіта маральныя пакуты перажывае: роспач, трывога, пасіўнасць.

Аляксандру Хваленю і Уладзіміру Казлоўскаму пасля допытаў пачалі задаваць пытанні адвакаты і падсудныя. Сярод якіх, напрыклад, чаму міліцыянты не затрымлівалі таксама жанчын, непасрэдных удзельніц канфлікту. Пацярпелыя ўцямна адказаць на гэта не змаглі, «проста не бачылі неабходнасці» хаця б перапісаць дадзеныя гэтых жанчын.

«Яны нікуды не сыходзілі, а Ціханоўскі сыходзіў», – сказаў Хваленя.

Па яго словах, супрацьпраўныя дзеянні Ціханоўскага выражаліся ў тым, што паміж ім і жанчынай была размова на падвышаных танах. І блогер абавязаны быў спыніцца на патрабаванні міліцыянтаў, а не ўцякаць.

«На якой падставе вы вырашылі, што Ціханоўскі сыходзіць ад вас, а не ад жанчыны ў кепцы?» – спытала суддзя.

«Таму што я прасіў яго спыніцца, але ён працягваў сыходзіць», – пасля доўгай паўзы адказаў Хваленя.

Дарэчы, у якасці сведак дзве жанчыны, якія чапляліся да Сяргея Ціханоўскага, так і не значацца – «з-за немагчымасці ўсталяваць іх асобы».

Падчас суда былі агучаныя вынікі медыцынскага абследавання падсудных і названы кошт нанесенай міліцыянтам шкоды.

У Дзмітрыя Фурманава падчас агляду былі зафіксаваныя раны і гематомы на твары, руках і на нагах. Яны былі атрыманы ў выніку не менш дзевяці ўдараў цвёрдым тупым прадметам. Фурманаў распавёў, што атрымаў траўмы падчас затрымання на пікеце і, магчыма, у аўтобусе, калі страціў прытомнасць. У Уладзіміра Кнігі зафіксаваныя гематома і сіняк на твары.

Пацярпелыя міліцыянты пасля інцыдэнту звярнуліся ў бальніцу. Згодна дакументам, на іх лячэнне ў гродзенскім шпіталі хуткай дапамогі было выдаткавана каля тысячы рублёў.

Па матэрыялах справы, сарваныя з формы пацярпелых міліцыянтаў нарукаўныя знакі адрознення каштуюць 3 рублі 8 капеек і 2 рублі 40 капеек. Кошт сапсаванага электромегафона – 30 рублёў і 31 капейка, чаравікі – 42 рублі 30 капеек.

Быў пашкоджаны таксама аўтамабіль АМАПу: падчас таго, як людзі блакавалі адзін з бусаў, хтосьці пашкодзіў бакавыя дзверы.

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Стужка навінаў