У Менску будуць судзіць фатографа-фрылансера Аляксандра Зянкова


Аляксандра Зянкова вінавацяць паводле ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»), судовы працэс пачнецца 12 студзеня. Пра гэта паведамляе БАЖ.

Аляксандр Зянкоў.
Фота: spring96.org

Аляксандра Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года каля ягонага дому ў Барысаве. Сілавікі ўчынілі ў жытле ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку. Пасля гэтага Зянкова адразу павезлі ў Менск, дзе пэўны час трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым этапавалі ў следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага.

Справу Зянкова будзе разглядаць Менгарсуд, суддзёй прызначаная Жанна Брысіна. Паводле ч. 3 арт. 361.1 КК фатографу пагражае ад двух да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Раней Зянкова затрымлівалі міліцыянты, але да адміністратыўнага, а тым больш крымінальнага, пераследу не даходзіла. Прыкладам, у ліпені 2020 года ён быў у ліку 47 журналістаў і фатографаў, затрыманых у Менску і адпушчаных пасля правярання дакументаў. Пасля гэтага, у верасні 2020-га, да барысаўскага фатографа прыходзіла міліцыя, каб папярэдзіць пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства.

Зянкоў працуе фатографам-фрылансерам з 1998 года: ён зарэгістраваўся як прыватны прадпрымальнік, сам шукаў сабе працы і плаціў падаткі. Супрацоўнічаў з мясцовымі незалежнымі выданнямі. Потым захапіўся відэаздыманнем, рабіў у тым ліку і дакументальныя стужкі, якія атрымлівалі ўзнагароды на фестывалях хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграмаў «Магніфікат». У прыватнасці, у 2015 годзе журы фестывалю адзначыла ягоную творчую працу пра адбудаванне царквы ў вёсцы Зембін. У вольны час захапляўся фотаздымкамі дзікай прыроды.

Апошнім часам Зянкоў шмат падарожнічаў і займаўся творчасцю – фатаграфаваў краявіды, прыродныя з’явы, птушак і помнікі архітэктуры. У снежні 2022 года ў яго адбылася персанальная фотавыстава.

Hавiны
Фатографу Яўгену Ярчаку прысудзілі 15 содняў арышту за «непадпарадкаванне»
2022.06.15 19:17

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў