Сетка крамаў «Віталюр» заявіла аб заканчэнні праграмы лаяльнасці


Сетка крамаў «Віталюр»  заявіла, што з 1 студзеня завяршае праграму лаяльнасці. Такая інфармацыя з’явілася на сайце кампаніі.

Крама сеткі «Віталюр».
Фота: yandex.by

«З 1 студзеня 2023 года праграма лаяльнасці ТДА «Віталюр» спыніла сваё дзеянне. Кешбэк, які налічаны за пакупкі, здзейсненыя ў снежні 2022 года, даступны да выкарыстання да 22 студзеня», – гаворыцца ў паведамленні на сайце.

Аднак на ранейшых умовах працягваюць дзейнічаць сацыяльная праграма «Добрыя 10 %», «Дзень кліента» і акцыя «З картай «Віталюр» танней».

У канцы снежня 2022 года стала вядома, што «Віталюр» праз даўгі мае намер перадаць у арэнду ўсе свае гандлёвыя аб’екты сетцы «Санта Рытэйл». Такая ўгода прадугледжвае продаж абсталявання і рэшткаў тавару. Цалкам магчыма, што перадача ў арэнду адбудзецца да канца студзеня 2023 года. ТДА «Віталюр» застаецца толькі ўладальнікам памяшканняў, за якія будзе атрымліваць арэндную плату.

«Мэтай і ўмовай угоды ёсць поўнае пагашэнне дэбіторскай запазычанасці перад дастаўцамі. На сёння мы маем высокі статус гатовасці ўгоды», – заяўляў тады гендырэктар «Віталюр» Аляксандр Калеснікаў.

У сваю чаргу гендырэктар кампаніі «Санта Рытэйл» Аляксандр Чуйко пацвердзіў: угода мае ажыццявіцца за найкарацейшыя тэрміны. Яна прадугледжвае для пакрыцця доўгу продаж абсталявання ўнутры гандлёвых абʼектаў, гэта прыблізна дзве траціны агульнай запазычанасці кампаніі. Чакаецца таксама продаж рэштак тавару.

Вядома, што «Віталюр» перадасць сетцы «Санта Рытэйл» 84 гандлёвыя аб’екты.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў