Праблемы з заробкамі пераадоленыя?

Лукашэнка падпісаў указ «Аб захадах для забеспячэння своечасовай выплаты заробку». Спосаб барацьбы з праблемамі метадам прыняцця самых жорсткіх дакументаў – даволі спрэчная практыка. Дастаткова ўспомніць дэкрэт «Аб лібералізацыі ўмоваў прадпрымальніцкай дзейнасці…», выкананне якога прывяло да супрацьлеглых наступстваў. З прадпрымальніцтвамсправы сталі значна горшыя. Далібералізаваліся.

Коммунальные услуги, счётчики, кошелёк, коммунальные, деньги, рубли, беларусский рубль, цены, стоимость, калькулятор
Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Дык што ж там, у дакуменце «пра заробкі»?

Гэтай паперай вызначана, што цяпер інспекцыя працы можа выносіць прадпісанне аб ліквідацыі парушэння ў тэрмінах выплаты заробку на падставе пацверджанага факту, без правядзення праверкі.

Як было раней? Па звароце незадаволенага супрацоўніка трэба было прызначыць праверку і датрымаць усе неабходныя папяровыя працэдуры, то бок працэс зацягваўся на некалькі месяцаў. Гэта выклікала незадавальненне таго, хто звярнуўся, і давала кіраўніцтву прадпрыемства час на ліквідацыю парушэнняў. Цяпер пацверджанне факту парушэння мусіць займаць 7–10 дзён і прымушаць кіраўнікоў рэагаваць хутчэй. Усё. Гэта ўсё змены.

Ці дапаможа гэта пераадольваць праблемы?

Паспрабуем разабрацца, як яна ўзнікае. У фантазіях беларускіх чыноўнікаў ёсць нейкія нядобрыя кіраўнікі, якія свядома, маючы на руках грошы, вырашаюць не плаціць заробак супрацоўнікам, а марнуюць гэтыя грошы на нейкія іншыя мэты. Яны думаюць, што дастаткова пагражаць адміністратыўнай адказнасцю ў спалучэнні са штрафам 50 базавых, і аб праблеме можна забыцца.

Рэальнасць выглядае інакш. У эканоміцы крызіс. Глыбокі, сур’ёзны, працяглы. Ён выяўляецца ў падаражэнні сыравіны, пагаршэнні лагістыкі, а таксама ў падзенні коштаў, зніжэнні абʼёму продажаў і затрыманні ў разліках за ўжо пастаўленую прадукцыю. Тыя прадпрымальнікі, якія разлічваюць, што ўсё ж такі калісьці «прыйдзе світанак», імкнуцца захаваць калектыў і рэгулярна аказваюцца ў стане «касавага разрыву», калі грошай не хапае на ўсе запланаваныя плацяжы, у тым ліку на заробкі.

У дзяржпрадпрыемстваў (да нядаўняга часу) была магчымасць пайсці ў дзяржбанк і ўзяць крэдыт на выплату заробку. У прыватных кампаніяў такой опцыі фактычна і не было.

Часам даходзіць да маразму. Памятаю, як увосень 2016 года мяне выклікалі ў мясцовы выканкам і мякка «пясочылі» за запазычанасць у выплаце заработнай платы. Мне было лягчэй, чым цяперашнім кіраўнікам. На простае пытанне, «Чаму ў вас доўг па заробку», у маім выпадку быў гатовы такі ж просты адказ: «Бо вы, выканкам, пратэрмінавалі мне аплату пастаўленай прадукцыі на паўгода».

Атрымліваўся своеасаблівы шантаж. Вы заплаціце мне, я – незадаволеным рабочым.

Гэта добра працуе на ўзроўні аднаго выканкаму і зусім не працуе на ўзроўні цэлай краіны. Няма ў кіраўнікоў прадпрыемстваў магчымасці запатрабаваць ад іх контрагентаў выканання сваіх абавязкаў у тэрмін, маніпулюючы нявыплачаным заробкам. Пры правядзенні якіх-небудзь праверак аб выплаце заробку рэальная сітуацыя не бярэцца пад увагу.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Тут, вядома, самы час для гучных заяваў з боку тых бізнес-асацыяцыяў, якія яшчэ засталіся ў краіне і займаюцца нейкай малапрадуктыўнай дзейнасцю. Але, з іх словаў, у нас наогул «усё пучком» і няма ніякіх прычынаў для турботы. Напрыклад, 31 снежня 2022 года старшыня найвышэйшага каардынацыйнага савету Саюзу юрыдычных асоб «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва» Андрэй Капыток заявіў, што «2023 год сапраўды будзе годам пералому ў развіцці МСП і дзелавога асяроддзя. Бо ў краіне створаныя ўсе перадумовы для значнага паляпшэння вядзення бізнесу айчынным прадпрымальнікам».

З чаго вынікае, што прадпрымальнікам зноў прыйдзецца выкручвацца самім. Канфедэрацыя ім не памочнік.

З улікам практыкі, якая склалася ў краіне, і наяўнасці метаду барацьбы з праблемамі з дапамогай падпісання чарговых папер, які сябе неаднаразова зарэкамендаваў, я б прапанаваў не спыняцца на дасягнутым і прыняць наступныя ўказы:

  • «Аб забароне зніжэння аб’ёмаў набыцця тавараў»,
  • «Аб забароне парушэння тэрмінаў разлікаў па дэбіторскай запазычанасці»,
  • «Аб забароне росту кошту крэдытаў»,
  • «Аб забароне падаражэння сыравіны і дэталяў».

І гэтак далей. Напэўна, гэта дапаможа. Мусіць. Хоць, шчыра кажучы, здаецца, што прыйшоў час для прыняцця цэлай дырэктывы – што-небудзь вельмі-вельмі жорсткае ў фармулёўках, што строга забараняе ўсім, у тым ліку дзяржорганам і дзяржпрадпрыемствам, парушаць умовы заключаных дамоваў.

З іншага боку, ёсць адчуванне, што ўвядзенне расстрэлу для дзяржчыноўнікаў за недасягненне прагнозных паказнікаў у частцы росту ВУП, зніжэння інфляцыі, развіцця рынку магло б даць большы эфект. У тым ліку і для своечасовасці выплаты заработнай платы працоўным.

Пакуль жа 300 будаўнікоў, якія адпрацавалі тры месяцы бясплатна (на падрадзе ў «ВСВ груп») на абʼектах блізкіх сяброў Аляксандра Лукашэнкі з «Дана холдынг», атрымалі частку заробку толькі пасля апублікавання ў TikTok калектыўнага звароту да Лукашэнкі. Сума – 716 тысяч рублёў. Ёсць падазрэнне, што штраф памерам у 50 базавых (гэта значыць 1850 рублёў) не пераканаў бы кіраўніцтва кампаній заняцца праблемай выплаты грошай працоўным да зʼяўлення такога відэа.

ОНТ паведаміла, што Лукашэнка быў здзіўлены і вельмі незадаволены, што без яго ніхто не змог справіцца з праблемай.

Мне здаецца, што калі ўсе працоўныя Беларусі праз TikTok раскажуць Лукашэнку аб рэальным становішчы справаў (у тым ліку з заробкамі) у Рэспубліцы Беларусь, TikTok можа і не вытрымаць. А можа, варта хаця б паспрабаваць? Які-небудзь «чэлендж» або «флэш-моб» арганізаваць? Калі ўжо працуе хоць бы такі метад.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў